Ежа11

«Рыба-фіш», гусіныя шыйкі і пірожныя «Вожыкі»: Міхля Сінаеўна і яе кухня

Беларускія і яўрэйскія традыцыі спляліся ў рэцэптах гэтай жыхаркі мінскай Старажоўкі. Адносіны яе з кухняй былі такія ж, як з адзежай: разумела, адчувала, што з чаго можа выйсці, стварала рэцэпты сама.

Міхля Сінаеўна — канечне ж, у цэнтры, сярод мінчанак на Старажоўцы, 1950-я гады. З сямейнага архіва

Міхля Сінаеўна была дачкой малодшага сына рабіна з Копысі — таго сына, якому нічога з бацькавай спадчыны не дасталася.

Ён стаў краўцом, абшываў сялян: з машынкай за плячыма хадзіў па вёсках і шыў кажухі. Рана памёр ад сухотаў, і сям’я пераехала ў сталіцу.

Гучная, імклівая, з вялікай прагай да жыцця, Міхля Сінаеўна знайшла сябе ў такім самым горадзе — бурлівым Мінску 1920-х.

Тут яна стала Мар’яй Сямёнаўнай, або проста Маняй. Зрабіла сябе сама, брала ад жыцця што магла. Скончыла курсы, стала стэнаграфісткай. Закахалася, сышлася з мужчынам. Пражылі разам усё жыццё, але распісаліся толькі праз 35 гадоў пасля першай сустрэчы. Ніхто з родзічаў нават не задумваўся, што Маня і Жэня не распісаныя. У Мінску 1920-х, як і ў Мінску 2010-х, свабодны шлюб ніхто не асуджаў.

Пазнаёмілася з мужам у рабочым клубе, спявала там у хоры, якім кіраваў трохі старэйшы за сваіх харыстак Мікола Равенскі — аўтар музыкі гімна «Магутны Божа». Каляжанкай Мані па хоры была будучая оперная дзіва Ларыса Александроўская, да таленту якой Міхля Сінаеўна ўсё жыццё ставілася паблажліва: «Яна была такая ж харыстка, як і я, але стала каханкай Панамарэнкі, толькі таму цяпер і прыма».

Да апошніх дзён насіла невядома адкуль здабытыя саба — прыгожыя туфлі без заднікаў (можа, яны захаваліся яшчэ з дасавецкіх часоў).

Калі ўнучкам падарылі французскі касметычны набор — цені, румяны, памада (такія ў СССР з’явіліся пасля Алімпіяды-80), Мар’я Сямёнаўна, агледзеўшы яго, летуценна ўздыхнула: «Мне б такі…» Яна б у свае 70+ была з гэтым наборам шчаслівая. Але і чужыя людзі заўважалі, што яна мела тонкі густ, умела прыдумаць сабе арыгінальны ўбор. Ёй важна было быць прыгожай і для сваіх, і для чужых, важна было выклікаць захапленне.

Выжыла ў вайну і ўратавала сына дзякуючы сваёй настойлівасці.

Мінчукоў тады вывозілі на край горада, ва Уручча, адкуль павінен быў ісці транспарт. Але машыны ішлі не спыняючыся, нібы запоўненыя. А салдаты не падпускалі людзей да дарогі. Тады Мар’я Сямёнаўна праявіла хітрасць: «Ну што ж, спыніцца ўрэшце нейкая машына, а мы пачнём здалёк рэчы цягаць. Давайце лепш усе рэчы паднясём да дарогі, каб, як толькі спыніцца машына, хутчэй пагрузіцца». Упэўнены голас і корачка наркамата дзяржкантролю (працавала сакратаркай наркама) надавалі ёй вагі. Салдаты дазволілі ёй арганізаваць жанчын, якія раней сядзелі ў нейкім загоне, каб паднесці рэчы. І калі нарэшце спынілася машына, Мар’я Сямёнаўна адразу штурхнула сына на вольнае месца.

Яна ўсім гаварыла: я ўсё знаю, я ўсё ўмею, я з дзяржкантролю.

І сапраўды ўмела: усіх арганізаваць, сказаць патрэбныя словы — усе за ёй ішлі. За вайну гэтых сваіх якасцей не разгубіла, ёй нават даручалі суправаджаць параненых. Была праніклівая і адчувала людзей. Але прытым была харызматычнай і аўтарытарнай. Прыходзячы ў госці, займала сабой усю прастору. Вучыла жыццю кожнага побач з сабой. Рэшта сваякоў ціха глытала крыўды («У сям’і было вяселле, і трэба было купіць хлеба: паслалі мяне, школьніцу, каб дапамагчы, і цёцю Маню, бо яна знала, які хлеб выбраць. Мы накупілі многа хлеба, і цёця Маня ішла наперадзе, а я цягнула ўсё за ёй. Мне было вельмі цяжка, я помню, але было няёмка сказаць»). Побач з такім чалавекам няпроста жыць, але здалёк бачыш, што гэта быў сапраўдны культурны феномен.

Яна не была сардэчнай і шчодрай з чужымі, затое напоўніцу — са сваімі.

Найперш яе цікавіла ўласная сям’я, за яе стаяла гарой. Насіла ў бальніцу гарачыя стравы па тры разы на дзень, даставала ў савецкім Мінску ананас, каб пацешыць пляменнікаў, раздорвала пляменніцам свае футры. Для мужа — ціхмянага беларуса з-пад Заслаўя — не шкадавала энергіі. Штодзень была рознай, штодзень змяняла вобраз, нібы актрыса. «Як зрабіць, каб мужчына кахаў цябе без памяці ўсё жыццё» — о, якую метадычку Міхля Сінаеўна магла б напісаць!

Адносіны Міхлі Сінаеўны з кухняй былі такія ж, як з адзежай: разумела, адчувала, што з чаго можа выйсці, стварала рэцэпты сама.

Прыдумляла новыя стравы, адаптавала вядомыя. Неймаверна смажыла грыбы, хоць сама ніколі грыбоў не ела — мела адносна іх забабоны. Замест простых адбіўных гатавала «Вароніны гнёзды» — яйкі ўкрутую, абкручаныя адбіўнымі і абвязаныя ніткамі (калі ўжо страва запякалася, ніткі здымалі). Замест бульбы смажыла моркву ў масле, у канцы падтушвала ў смятане — у такога гарніру быў мясны прысмак. Рабіла, канешне, і рыбу-фіш, і гусіныя шыйкі — роўна пад раздачу кожнаму госцю — і, кажуць, калі-нікалі нават смажыла парсючка (першым у іх сям’і, хто пераламаў яўрэйскую традыцыю, быў Міхлін брат: дзесьці пакаштаваў сала, і яму спадабалася). Мела некалькі каронных рэцэптаў, якія гатуе ўжо чацвёртае пакаленне сям’і.

Гусіныя шыйкі — страва, якую рэдка дзе цяпер пакаштуеш. Фота: ustamagazyn.pl.

Салат «Ералаш»

Патрэбна:

— 3 сярэднія морквіны,
— 3 сярэднія бульбіны,
— 2 сярэднія бурачкі,
— 2 кіслыя агуркі,
— бляшанка кансерваванага гарошку,
— бляшанка гарбушы (можна сайры або іншай рыбы) ва ўласным соку.

Морква, бульба, буракі варацца і рэжуцца кубікамі. На вялікую круглую талерку выкладаецца ўся рыба (па цэнтры). Вакол рыбы сектарамі выкладаецца рэшта інгрэдыентаў так, каб колеры чаргаваліся. Кожны інгрэдыент утварае два сектары, такім чынам морква, бульба, агуркі і гарошак складаюць 10 сектараў.

Так салат падаецца на стол і ўжо перад гасцямі заліваецца маянэзам і перамешваецца.

Парада М. С.: калі разам з рыбай на талерку трапіла многа вадкасці, важна прыбраць яе, каб «Ералаш» не стаў «мокры».

Пячэнне «Вожыкі»

Фота: Kuharka.ru

Патрэбна:

— 5 яек (бялкі асобна, жаўткі асобна),
— 4 сталовыя лыжкі малака або смятаны,
— 100 грамаў маргарыну або масла,
— 1 шклянка цукру,
— 2 шклянкі мукі,
— 1/2 лыжачкі соды (пагасіць кефірам ці кіслым малаком) або разрыхляльніка,
— 1 шклянка здробненых грэцкіх арэхаў.

Змяшаць жаўткі, малако (смятану), маргарын (масла), паўшклянкі цукру, 2 шклянкі мукі і соду (разрыхляльнік). Выкачаць цеста як на лапшу. Узяць бляху для запякання, пасыпаць яе мукой, выкласці на яе раскачанае цеста. На блясе нарэзаць слой цеста тонкай саломкай (як найтанчэй) уздоўж, а потым упоперак (каб кавалачкі былі даўжынёй 2—4 см). Разагрэць духоўку. Зарумяніць цеста ў духоўцы, дастаць і пакінуць астываць.

Паступова ўзбіць 5 бялкоў з паловай шклянкі цукру, усыпаць у масу арэхі, добра перамяшаць.

Узяць вялікую міску, усыпаць туды запечаныя пясочныя «палачкі», дадаць узбітыя бялкі з цукрам і арэхамі, добра перамяшаць. Лыжкай патрошкі выкладаць на змазаную маслам бляху (або пергаментную паперу) — «и запечь в небольшом огне до румяна».

З рэштак бялковага крэму можна спячы арэхавае безэ. 

Каментары1

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост3

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхару Наваполацка выставілі абвінавачванне ў тэрактах на БАМе1

Тарыфы на таксі сталі меншыя: што кажуць кіроўцы і чаго чакаць далей1

Чарга з легкавых машын на польскай мяжы знікла

Фрыдман: Пасля вайны ціск Масквы на Лукашэнку павялічыцца6

Дваіх жыхароў Магілёва затрымалі нібыта за фінансаванне УСУ1

Цана біткойна ўпершыню ў гісторыі перавысіла 100 тысяч даляраў2

Начальнікі Генштабоў Расіі і ЗША правялі таемную тэлефонную размову1

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА3

Памёр Алесь Мікалайчанка

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост3

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост

Галоўнае
Усе навіны →