Лагістычны цэнтр «Еўраопта»: 50 трэйлераў за дзень і заробак да 17 млн
«Еўраопт» пабудаваў гіганцкі сучасны склад пад Баранавічамі.
Сетка крамаў «Еўраопт» хутка распаўзаецца па краіне, заваёўваючы цяпер ужо і райцэнтры. Больш за 150 крамаў, у якіх працуюць больш за 20 тысяч чалавек, — «Еўраопт» з ягонымі высокімі заробкамі стаў нацыянальным феноменам.
Некалькі месяцаў таму кампанія запусціла пад Баранавічамі лагістычны цэнтр, самы сучасны ў краіне. Як арганізаваная праца на ім?
Усе пельмені вязуць з Баранавіч
Карысная плошча лагістычнага цэнтра — 24 000 м2, гэта як тры футбольныя палі. «70% тэрыторыі аддадзена пад «цёплы» склад, 20% — пад садавіну і гародніну, рэшту займае склад глыбокай замарозкі з тэмпературай мінус 18°С. Ёсць і камера даспявання, дзе штомесяц 3200 тон зялёных бананаў ператвараюцца ў жоўтыя і салодкія», — расказвае намеснік гендырэктара па лагістыцы Андрэй Высоцкі. 3200 тон за месяц! Уяўляеце маштаб?
Цяпер, калі лагістычны цэнтр «Еўраопта» выйшаў на поўную магутнасць, ён можа прымаць больш за 50 трэйлераў на дзень. Начальнік складавай службы Дзмітрый Мартысюк запэўнівае, што праца тут спыняецца толькі раз на год — у навагоднюю ноч.
«Мы пастаянна аптымізуем лагістыку. Напрыклад, неўзабаве закупім тэрмакантэйнеры для палет з замарожанай прадукцыяй. Гэтыя кантэйнеры могуць захоўваць тэмпературу мінус 18°С цягам сутак, таму ў адным грузавіку можна будзе перавозіць абсалютна ўсе тыпы тавараў. Уявіце, тады адна машына даставіць у краму ўсё, што цяпер прывозяць 4—5!» — хваліцца Андрэй Высоцкі.
«За год звольніліся толькі сем чалавек»
У баранавіцкім лагістычным цэнтры сёння працуе каля 380 чалавек, але кампанія плануе наняць яшчэ 70 мясцовых жыхароў. Дзмітрый Мартысюк расказвае, што кампанія доўга эксперыментавала з формамі аплаты, пакуль не прыйшла да сістэмы матывацыі супрацоўнікаў:
«Кожны супрацоўнік атрымлівае аклад 2 мільёны рублёў. А яшчэ ёсць нязменны «грашовы пірог», які дзеліцца паміж супрацоўнікамі па выніках працы штомесяц. Назіраць за сваімі поспехамі супрацоўнікі могуць на адмысловым маніторы, дзе адлюстроўваецца выпрацоўка і заробак кожнага. Рэальна зарабіць каля 8—10 мільёнаў. Максімальны заробак у мінулым месяцы быў у штабелёра на адным з мінскіх складоў — 17 мільёнаў рублёў. Ведаеце, мы былі на складах у Швейцарыі, і там такія работнікі атрымліваюць менш».
Штабелёры — работнікі на спецыяльных машынах па перавозцы грузаў унутры закрытай прасторы.
Кіраўніцтва лагістычнага цэнтра хваліцца нізкай цякучкай кадраў — сышлі менш за 10 работнікаў за год. Дзмітрый Мартысюк тлумачыць гэта менавіта сістэмай аплаты працы: «Акрамя добрага заробку, мы і ўзнагароджваем сваіх супрацоўнікаў. У канцы кожнага года дванаццаці з іх дастаюцца падарункі, якія можна выбраць самому, напрыклад, тэлевізар ці халадзільнік».
«Кажуць, няма робатаў. А яны тут не патрэбныя!»
Інвестыцыі ў будаўніцтва лагістычнага цэнтра склалі $25 мільёнаў. Эксперт па лагістыцы Русланас Мадулевас, які перайшоў на працу ў «Еўраопт» з літоўскай гандлёвай сеткі Maxima, абураецца крытыкай лагістычнага цэнтра:
«У інтэрнэце пішуць, маўляў, на складах у Еўропе ўсё аптымізавана, там паўсюль робаты, а ў «Еўраопта» ніякіх інавацый няма. Але ёсць важныя адрозненні. У Еўропе дарагая зямля, і там склады будуюць увышыню. Карысная вышыня гэтага цэнтра — 14 м, на такой вышыні можна працаваць вілачным пагрузчыкам. А была б вышыня 25 м — і ўсё, небяспека для людзей, бо адзін неасцярожны рух — і можа здарыцца трагедыя. Неабходна ўлічваць і тып тавару. У нас усё захоўваецца палетамі: зняў палету, паставіў палету. На складзе аўтадэталяў сітуацыя іншая: уявіце 100 тысячаў найменняў, кожная ў сваёй скрыні. Людзі там проста згубяцца. Думаеце, калі б нам былі больш выгадныя робаты, мы б іх не паставілі? Усё добра пралічана».
«Пратэрміноўка здараецца, але не часцей, чым у астатніх
Нядаўна ў сеціве з’явілася відэа нібыта з мінскага склада глыбокай замарозкі №73 «Еўраопта». Васьміхвілінны сюжэт быў напоўнены непрывабнымі кадрамі прадуктаў, раскіданых па зямлі. Аўтары роліка сцвярджалі, што такая сітуацыя — штатная для гандлёвай сеткі. Ці праўда гэта?
Прадстаўнікі «Еўраопта» кажуць, што на відэа сапраўды ёсць некалькі кадраў з іх склада — мінулым летам камера не вытрымала надзвычайнай спёкі, і замарожаныя прадукты сапсаваліся. Іх давялося ўтылізаваць.
«Мы пастаянна кантралюем якасць прадуктаў. Лагістычны цэнтр абсталяваны сістэмай сігналізацыі аб прадуктах, у якіх падыходзіць да заканчэння тэрмін прыдатнасці. А поўная змена тавару адбываецца кожныя 10—15 дзён. У нас занадта высокія аб’ёмы продажаў, каб тавар заляжаўся на паліцах», — кажа Высоцкі.
На сховішчы садавіны можна ўбачыць і сапсаваныя плады. Асабліва многа пакрытых цвіллю лімонаў. Андрэй Высоцкі супакойвае: скрыні з лімонамі не паедуць у краму. «Праз нас праходзяць вялікія аб'ёмы садавіны і гародніны. Вядома, сярод іх ёсць і гнілыя. Калі колькасць сапсаванага тавару невялікая, садавіну і гародніну сарціруюць у краме. Калі працэнт некандыцыйных пладоў высокі, іх адпраўляюць у Мінск на пераборку, а потым развозяць па крамах. Калі ўсё зусім дрэнна, партыя вяртаецца пастаўшчыку. Што з ёю рабіць далей — яго галаўны боль», — кажа ён.
ТАА «Еўрагандаль»
У 1990-я кампанія займалася аптовым гандлем, пасля сканцэнтравалася на развіцці сеткі крамаў. «Еўрагандаль» кантралююць бізнэсоўцы Сяргей Літвін і Уладзімір Васілька, прычым больш за 10 гадоў яны жывуць за мяжой і нават меркавалі атрымаць палітычны прытулак у Польшчы. У Беларусі на іх была заведзеная крымінальная справа, якая, аднак, вынікаў не дала. У 2012-м кампанія набыла банк, апроч таго, адкрывае крамы ў Расіі.
«Еўрагандаль» — самая прыбытковая прыватная кампанія Беларусі з адкрытай справаздачнасцю. За трэці квартал 2013га чысты прыбытак склаў $34 мільёны.
Каментары