Першую айчынную кнігу-мультымедыя можна спампаваць бясплатна.
У электронным выдавецтве «Пяршак» выйшла новая кніга маладога беларускага аўтара Антона Кашлікава.
«Былых» Кашлікава можна лічыць першым мультымедыя-раманам у беларускай літаратуры. З відэазваротам аўтара (у якім на заднім плане смачна цалуюцца дзве дзеўкі) і музычным суправаджэннем ад DJ Карнея (для аматараў чытаць пад музыку). Вокладку да рамана стварыў Віталь Сідарук, аўтар двух кліпаў «Ляпіса Трубяцкога» і фронтмэн гурта Wasp'n'Hornet.
Большасці інтэрнаўтаў Антон Кашлікаў вядомы як «свецкі рэпарцёр» Міця Тарпішчаў, стваральнік аднайменнага шоў.
І мала хто знаёмы з Кашлікавым-пісьменнікам.
«Вучыцца на журфаку, шануе прыгожых паненак і піша мыльныя апавяданні з мядова-рамантычным пачаткам, беларускімі рэаліямі і па-жыццёваму абломным канцом»,так характарызавала аўтара літаратарка Адэля Дубавец у далёкім 2005 годзе.
У 2008 годзе ў маскоўскім выдавецтве «АСТ» выйшаў першы раман Кашлікава пад назвай «Лузер». Тады 22-гадовага хлапца «распірала» творчасць. Ён не цураўся пікантных сцэнаў ды мацяршчыны. За гэта (і не толькі) быў ушчэнт раскрытыкаваны культуролагам Юліяй Чарняўскай:
«Магчыма, Кашлікаў стане пісьменнікам…Калі даведаецца, што словазлучэнне «зрабіць сэкс» — не свежы вобраз, а дрэнная калька з англійскай…А галоўнае — калі яму будзе што сказаць».
Свой новы раман Кашлікаў пісаў найперш для сябе.
«Мне было цікава пагаварыць услых з самім сабой пра нейкія рэчы, якія мяне турбуюць. Якія, напэўна, цікавяць і маіх аднагодкаў з Беларусі, Расіі і Украіны».
На яго думку, надыйшоў час знаходзіць новыя шляхі прасоўвання кніг. Шмат якія выдаўцы сочаць за тым, каб іх кнігі, барані божа!, ніхто не алічбаваў і не выклаў у інтэрнэт. Але гэта нагадвае барацьбу з ветракамі, бо ўсе адно кніга з'явіцца ў сеціве. Дык ці не прасцей адразу выдаваць электронны варыянт?
Героі рамана «Былыя» — маладыя хлопец і дзяўчына, якія ў 20 гадоў вырашаюць пачаць сур'ёзнае дарослае жыццё, звязаць сябе шлюбам.
«Я на такія дзеянні не вырашаўся і не вырашыўся. Мне было пацешна назіраць за гэтымі людзьмі з боку. Таму я выбраў у якасці сваіх герояў такую пару і паспрабаваў апісаць гісторыю іх адносінаў», — кажа Антон.
Разам з тым, ён не лічыць сваю кнігу любоўным раманам ці сямейнай сагай. У героях чытачы лёгка пазнаюць сябе саміх у пэўных абставінах постсавецкай рэчаіснасці.
«Я пісаў «Былых» дастаткова доўга, і доўга рэдагаваў. Гэта была больш сур'ёзная праца.
Калі раман «Лузер» быў такім 100-адсоткавым задавальненнем, то тут было 70% задавальнення і 30% працы».
Па іроніі лёсу, сярод першых чытачоў «Былых» — цяпер ужо былая дзяўчына Антона.
«Мая на дадзены момант былая дзяўчына, прачытаўшы гэты раман, пэўны час ставілася да мяне з нашмат большай пяшчотай»,распавядае аўтар.
У планах маладога пісьменніка — напісаць зборнік кароткіх апавяданняў. Ствараць вялікія тэксты — гэта асаблівы від задавальнення і болю, «садамазахісцкі працэс», жартуе Кашлікаў. Яшчэ адна мара, якая раней ці пазней стане рэальнасцю, — напісаць сцэнар для для фільма.
Каментары