Халезін абвяргае, што прасіў прытулку ў ЗША, але не выключае атрымання статусу ўцекача на Захадзе
Выступ тэатра ў Варшаве адменены.
5 красавіка шэраг польскіх СМІ паведаміў, што выступ «Свабоднага тэатра» ў Варшаве, запланаваны на май, адмяняецца. Прычынай было названа тое, што Мікалай Халезін разам з паплечнікамі да канца вясны мае вырашыць пытанне з прававымі падставамі для знаходжання ў адной з краін Захаду.
Пасля з’яўлення на nn.by перадруку з польскіх крыніц, якія нам падаліся надзейнымі, сам драматург у сваім блогу абверг інфармацыю аб тым, што кіраўніцтва «Свабоднага тэатра» папрасіла палітычнага прытулку ў ЗША. (Гэта вынікала з паведамлення агенцтва ПАП.)
Пазней М.Халезін у размове з карэспандэнтам «НН» зазначыў, што гэтага не можа быць хаця б таму, што ён цяпер знаходзіцца ў Лондане.
«Калі мы папрасілі палітычнага прытулку ў ЗША, то павінны там знаходзіцца — гэта азбука.У нас хутка сустрэчы ў МЗС, спектакль ў брытанскім парламенце. Калі людзі прымаюць рашэнне прасіць палітычнага прытулку ў нейкай краіне, то яны павінны там знаходзіцца», — паведаміў драматург. Разам з тым, М.Халезін зазначыў, што не выключае верагоднасці атрымання статусу ўцекача на Захадзе:
«У жыцці ўсё можа здарыцца — заракацца не варта. Цяпер нам паведамляюць, што мы з’яўляемся фігурантамі крымінальнай справы і нам пагражае пакаранне ад 5 да 15 гадоў».У сувязі з гэтым кіраўнік «Свабоднага тэатру» кажа, што «пытанне нашага вяртання ў Беларусь — гэта хутчэй пытанне да ўладаў».
Нагадаем, што Мікалай Халезін разам са сваёй жонкай Наталляй Калядой былі цесна звязаныя са штабам кандыдата Андрэя Саннікава. Пасля Плошчы яны з’ехалі з Беларусі і з таго часу знаходзяцца за мяжой.
У Варшаве выступ Свабоднага тэатра, які павінен быў адбыцца на сцэне Тэатра Польскага, адменены. Свабодны тэатр планаваў паказаць у варшаўскім Тэатры Польскім свой спектакль «Пакаленне jeans». Прэм’ера мела адбыцца 14 мая.
Кіраўнікі Свабоднага тэатра ў лісце да дырэктара польскай сцэны Анджэя Сэвэрына напісалі, што, «нягледзячы на праблемы й перашкоды, спектакль абавязкова пакажуць ў наступным сезоне». «Для нас гэта справа гонару», напісалі ў лісце Мікалай Халезін й Наталля Каляда.
Халезіну і Калядзе, магчыма, пагражаў арышт у Беларусі, бо яны бралі актыўны ўдзел у Плошчы. 19 снежня Каляда выступіла з трыбуны мітынгу і публічна ганьбіла амонаўцаў, запісы чаго дэманстравалі на БТ.
* * *
«НН» перапрашае Мікалая Халезіна і Наталлю Каляду за з’яўленне недакладнай інфармацыі пра іх. Зычым ім творчых удач, а таксама найхутчэйшага вырашэння прававых калізій.
Каментары