Карпенка абвінаваціў Бондараву і кампанію ў нацыяналістычных выпадах. Яны патрабавалі дадаць у бюлетэні рускую мову
Кіраўнік ЦВК, не называючы імёнаў, раскрытыкаваў «грамадзян, якія праяўляюць непатрэбную актыўнасць».
Узоры бюлетэня на прэзідэнцкіх выбарах ЦВК зацвердзіў у снежні, калі былі зарэгістраваны ўсе кандыдаты. Уся інфармацыя на бюлетэні будзе на беларускай мове. Што, зразумела, выклікала абурэнне прарасійскіх актывістаў.
Блогер Міхаіл Юспа, якога часта рэпосціць Вольга Бондарава, напісаў зварот у ЦВК з патрабаваннем дадаць на бюлетэні рускую мову. Аднак у камісіі адказалі, што ўсё адпавядае закону. У Выбарчым кодэксе сказана, што бюлетэні друкуюцца на беларускай або рускай мове, а іх фармат вызначае ЦВК.
Актыўны барацьбіт з беларускай мовай Юспа ўбачыў у гэтым «пагаршэнне канстытуцыйных правоў рускамоўнай ультрабольшасці беларусаў».
На прэс-канферэнцыі 10 студзеня кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка пракаментаваў сітуацыю. Пытанне пра людзей, якія «раскачваюць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў «моўнае пытанне»», задаў супрацоўнік «СБ».
«У першую чаргу я б парэкамендаваў крыху адсунуць свае асабістыя амбіцыі на другі план. У нас дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская. ЦВК выканаў усе працэдуры ў адпаведнасці з заканадаўствам. <…> Мы ў адкрытым, публічным фармаце пры анлайн-трансляцыі пасяджэння на сайце ЦВК разгледзелі і прынялі калегіяльным рашэннем пастанову адносна бюлетэня. Значыць, гэта рашэнне павінна выконвацца ўсімі дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі, якія прымаюць удзел у галасаванні», — сказаў Карпенка.
Ён дадаў, што ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам як дзяржаўныя служачыя Беларусі, так і яе грамадзяне павінны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы. Акрамя таго, абедзве мовы вывучаюцца і ў школе, і ў іншых навучальных установах.
«І я не думаю, што прозвішча, імя, імя па бацьку кандыдата і некаторыя яго біяграфічныя дадзеныя выклічуць цяжкасці ў нашых грамадзян пры вывучэнні бюлетэня. На ўчастках для галасавання ў тым жа парадку, як у бюлетэні, звесткі аб кандыдатах прадстаўлены на агульных плакатах, дзе інфармацыя пра іх размешчана на дзвюх мовах», — адзначыў Карпенка.
Юспу, Бондараву і кампанію, не называючы імёнаў, ён абвінаваціў у нацыяналістычных выпадах.
«Я не бачу тут праблемы. А адносна амбіцый носьбітаў такіх разважанняў… Я вельмі акуратна стаўлюся да падобных нацыяналістычных выпадаў. Мы павінны разумець, што ў Беларусі сёння пражывае каля 150 нацый і народаў, у якіх таксама могуць быць свае моўныя перавагі. Але яны з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь! І ствараючы ўмовы для нацыянальна-культурнага развіцця ў нашай краіне, мы, канечне, павінны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы: беларускую і рускую.
Таму некаторым вось такім грамадзянам, якія праяўляюць непатрэбную актыўнасць адносна таго, на якой мове выпушчаны бюлетэнь, магу параіць адно: прыйсці на выбарчы ўчастак, загадзя ўважліва азнаёміцца з дадзенымі кандыдатаў і зрабіць свой асэнсаваны выбар», — рэзюмаваў Карпенка.
Бондарава ўжо паабяцала напісаць скаргу, калі ўбачыць на ўчастку бюлетэнь без рускай мовы.
«Асабіста я бачу ў гэтым дыскрымінацыю рускай мовы — тую самую дэрусіфікацыю, «якой няма». І не я адна. Людзі робяць высновы», — напісала даносчыца.
Каментары