У папулярных марках расійскіх семак знайшлі атруту. Частка з іх прадаецца ў Беларусі
Атрута, знойдзеная ў семках пэўных брэндаў, у вялікіх дозах можа прыводзіць да сур'ёзных захворванняў лёгкіх, гіпертаніі, анеміі і спрыяць развіццю раку. Вось што гэта за маркі.
У гандлёвых марках расійскіх семак «Первым делом», «Семечки Богучарские», «Джинн», «Бабкины семечки», «365 дней», «От атамана», «Красная цена», «Smakky» і «Моя цена» зафіксаваны высокі ўзровень таксічнага металу кадмію, паведамляе «Камсамольская праўда».
«Бабкины семечки», «Молодежные» і некаторыя іншыя з вышэйпералічаных брэндаў расійскіх семак прадаюцца ў беларускіх крамах.
Кадмій — гэта адзін з самых таксічных цяжкіх металаў, які хутка назапашваецца ў арганізме, а выводзіцца ён вельмі доўга — ад 10 да 30 гадоў. У вялікай колькасці кадмій выклікае ў чалавека сур'ёзныя захворванні лёгкіх, гіпертанію, анемію і спрыяе развіццю раку.
У семкі кадмій трапляе падчас росту сланечніка. Расліна выцягвае цяжкі метал з глебы. А ў глебу рэчыва трапляе разам з фасфатамі, якія адно з самых папулярных угнаенняў у сельскай гаспадарцы. Пры гэтым дастаткова з'есці ўсяго 100 грамаў семак з высокім працэнтам кадмія, каб атрымаць траціну ад адносна бяспечнага для чалавека ўзроўню таксічнага металу, піша «Камсамольская праўда».
Згодна з расійскімі нарматывамі, колькасць кадмію ў семках не павінна перавышаць 0,2 мг/кг. А ва ўсіх вышэйпералічаных марках узровень кадмію хоць і ўкладваецца ў дзеючую норму, але ўсё роўна з'яўляецца высокім з пункту гледжання рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, адзначае медыя.
Каментары
А чым той кадмій выводзіцца ? Можа півам ?