Жыхарка Пухавіцкага раёна атрымала позву ў РАУС для свайго сына. Але ён памёр больш за 10 гадоў таму
Жыхарка Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці атрымала павестку з РАУС, адрасаваную яе сыну, які памёр больш за дзесяць гадоў таму. Пра гэта яна распавяла ў відэа, якое апублікавала ў тыктоку. Публікацыю заўважыла «Люстэрка».
— У мяне пытанне да следчых Пухавіцкага РАУС, вы мне не скажаце, што вы там курыце? Сёння прыйшла позва 11 верасня 2024 года па адрасе вёска Новы Уборак, вуліца Бэзавая, дом 6. Ермаловічу Яўгену Васілевічу заўтра, 12 верасня 2024 года, да дзесяці гадзін з'явіцца па адрасе Мар'іна Горка, вуліца Чырвонаармейская, кабінет 30, да старшага следчага, — распавяла жанчына.
Яна дадала, што, наколькі яна разумее, «у РАУС ёсць уся інфармацыя пра мясцовых жыхароў, наогул пра людзей». У сувязі з гэтым у яе ўзнікла пытанне, якая можа быць позва чалавеку, які ў 2013-м годзе памёр.
— Гэта мой сын. Ермаловіч Яўген Васільевіч. Я яго пахавала 9 ліпеня 2013 года. У якасці якога сведкі ён можа праходзіць у вас па справе, якая заведзена 26 лютага 2024 года. Сказаць, што я ў шоку — гэта наогул нічога не сказаць, Я проста ў а**е, — выказала сваё абурэнне аўтар роліка.
Каментары