Грамадства44

Рапс, які вывозіцца з акупаваных украінскіх тэрыторый, перапрацоўваюць у Беларусі

Схемы, па якіх прадпрыемствы ў Беларусі ўключаныя ў расійскі бізнэс па эксплуатацыі багаццяў акупаваных тэрыторый Украіны, прасачыў Беларускі расследавальніцкі цэнтр дзякуючы ўцечцы дакументаў.

Датычныя да вывазу скрадзенага ўкраінскага рапсу ў Беларусь Яна Ціхамірава, Антон Ціхаміраў, Сяргей Верхашынскі, Тамерлан Берыкханаў, Роза Малаева. Калаж: БРЦ пры дапамозе ШІ

Журналісты-расследавальнікі даказалі, што экспартам насення рапсу з Херсоншчыны займаюцца кампаніі, звязаныя з асяроддзем чачэнскага лідара Рамзана Кадырава, партыяй «Адзіная Расія» і іх партнёрамі ў Беларусі. Пра дэталі гэтага бізнэсу ім расказалі непасрэдныя ўдзельнікі рапсавых здзелак.

Украінскія хакеры з супольнасці KibOrg перадалі журналістам БРЦ даныя расійскай Федэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Зерно», куды паводле расійскага заканадаўства таваравытворцы абавязаны ўносіць звесткі аб здзелках.

З іх вынікае, што ўсяго таварасуправаджальных дакументаў аформілі на 4,9 тысячы тон рапсу. Гэта пастаўкі ў Беларусь, якія зарэгістраваныя на афіцыйным сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі або згадваліся пры зносінах з прадстаўнікамі кампаній-экспарцёраў.

Паводле звестак БРЦ, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны і акупацыі Херсоншчыны расіяне змусілі да супрацоўніцтва кіраўніка і сузаснавальніка мясцовага паспяховага ў вырошчванні рапсу ТАА «Світанак» Сяргея Максіменку.

Гэтая гаспадарка прадавала насенне рапсу расійскаму ТАА «Торгтрейд». Усяго ў 2023 годзе гэтая кампанія вывезла 113 партый насення азімага рапсу агульнай вагой 2,6 тыс. тон, большая частка якіх прызначалася для паставак па істотна ніжэйшых за рынкавыя цэны беларускаму ААТ «Новаельнянскі міжрайагразаб».

Звязацца з фермерам Сяргеем Максіменкам БРЦ не ўдалося, але затое іхні журналіст пагаварыў з дырэктарам ТАА «Торгтрейд» Вадзімам Аляксеевым. Той пацвердзіў, што асноўныя аб'ёмы насення сланечніка і рапсу ягоная фірма сапраўды бярэ з акупаваных украінскіх тэрыторый, прытым расказаў і пра некаторыя асаблівасці бізнэсу, звязаныя з неабходнасцю атрымліваць пропускі і даваць хабары.

На пытанне пра рынкі, на якія кампанія працуе, Аляксееў адказаў: «У мяне — Рэспубліка Беларусь».

«Торгтрейд» — кампанія, зарэгістраваная ў 2022 годзе ў Грозным, фармальна валодае ёй 77-гадовая Роза Ахмедаўна Малаева. Але на тэлефонныя званкі на пазначаны нібыта яе нумар адказвае Тамерлан Берыкханаў, які прадстаўляецца «гаспадаром непасрэдна ўсяго гэтага, і Беларусі ў тым ліку». Удалося высветліць, што Берыкханаў блізка знаёмы з чачэнскім бізнэсменам і палітыкам Зурабам Ісаевым, які, у сваю чаргу, блізкі да Рамзана Кадырава. 

На пытанне, каму ў Беларусі пастаўляе рапс кампанія «Торгтрейд», Тамерлан Берыкханаў адказаў: «У Беларусі мы вязем да сябе на прадпрыемства. Мы вязем не для продажу-перапродажу. Мы вязем да сябе на прадпрыемства…, наш завод, «Трыял Эксперт».

Адрас вытворчасці алею, пазначаны на сайце ТАА «Трыял Эксперт», супадае з юрыдычным адрасам ААТ «Новаельнянскі міжрайагразаб « (Дзятлаўскі раён, пасёлак Наваельня, Чапаева 21). На момант выхаду матэрыялу апошняе знаходзілася ў працэдуры банкруцтва.

У Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў уласнікам кампаніі «Трыял Эксперт» прапісаны не Тамерлан Берыкханаў, а двое беларусаў: экс-грузчык Аляксей Багуцкі і былы намеснік дырэктара па будаўніцтве ў «Еўрагандлі» Ігар Якубовіч.

Але калі журналістка БРЦ патэлефанавала Якубовічу, каб нібыта запрасіць яго на канферэнцыю, той адказаў, што інтарэсы кампаніі «можа прадставіць» Тамерлан Берыкханаў. У яго таксама ўдалося даведацца, што «Трыял Эксперт», акрамя продажы алею ў Беларусі, экспартуе яго ў іншыя краіны, у прыватнасці ў Ізраіль і ў Малайзію.

Іншая фірма, звязаная з пастаўкай рапсу з акупаванай Украіны ў Беларусь — зарэгістраванае ў 2023 годзе маскоўскае ТАА «Агротрейд», генеральным дырэктарам якога з'яўляецца Антон Ціхаміраў, які сам паходзіць з Крыма і быў паспяховым бізнэсменам ва Украіне, але пасля анексіі паўвострава стаў актыўна супрацоўнічаць з акупацыйнай адміністрацыяй, будучы ў тым ліку і кіраўніком ялцінскага аддзялення партыі «Адзіная Расія».

ТАА «Агратрэйд» фігуруе ў дакументах на 30 паставак насення рапсу агульным аб'ёмам 671,8 тыс. тон для «Навабеліцкага камбіната хлебапрадуктаў» і ТАА «Аграпрадукт». Адно з месцаў паходжання прадукцыі — мясцовасць у акупаванай Херсонскай вобласці.

Журналіст БРЦ звязаўся з Антонам Ціхаміравым, прадставіўшыся чыноўнікам з Херсонскай вобласці, каб пагаварыць пра пастаўкі збожжа з акупаванай тэрыторыі ў Беларусь. Але той сказаў, што ў яго і так усё ідзе вельмі добра.

Сярод пастаўшчыкоў сельгаспрадукцыі ў даных сістэмы «Зерно» фігуруе яшчэ адна кампанія, якая займалася вывазам рапсу з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь — ТАА «Вялес-Агра».

Усяго ўдалося знайсці 53 партыі збожжа рапсу агульнай вагой 1171 тона, якія прызначаліся для беларускіх прадпрыемстваў ТАА «Аграпрадукт» і ЗАТ «Аблрапсаграсэрвіс». Кіраўніком і адзіным заснавальнікам «Вялес-Агра» лічыцца грамадзянін Кыргызстана Сяргей Верхашынскі.

З самім «Вялес-Агра» звязацца журналістам не ўдалося, але дырэктар «Торгтрейд» Вадзім Аляксееў, калі пра гэту фірму пры ім згадалі, не стаў пярэчыць, калі расследавальнік назваў працу «Вялес-Агра» «дзейнасцю звычайных перакупаў».

Рапс з Херсоншчыны ў Беларусь вывозілі не толькі кампаніі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі. У 2023 годзе ІП Лук'янчанка Аляксей Юр'евіч з Барнаула павінен быў паставіць дзевяць партый насення гэтай культуры агульнай вагой 289,3 тоны філіялу Беларускага ААТ «Гомельхлебапрадукт» «Навабеліцкі КХП». Усе партыі сфармаваныя ў красавіку 2023 года ў пасёлку Наватроіцкае Херсонскай вобласці. Ніводзін з дзесяці звязаных з іменем Лук'янчанкі тэлефонных нумароў не быў дзейным.

Каментары4

  • Ап
    27.08.2024
    Воровать рапс... докатились
  • Acab
    27.08.2024
    [Рэд. выдалена]
  • school
    28.08.2024
    Ап, ну чаго дакаціліся? Красці - гэта нармальна для сапраўдных калгаснікаў

«Некаторыя настаўнікі прамываюць мазгі дзецям, што іх у Еўропе ніхто не чакае — каб не паступалі за мяжу». Бацькі пра ідэалогію ў школах

«Некаторыя настаўнікі прамываюць мазгі дзецям, што іх у Еўропе ніхто не чакае — каб не паступалі за мяжу». Бацькі пра ідэалогію ў школах

Усе навіны →
Усе навіны

У цэнтры Мінска легкавік урэзаўся ў аўтобус

У Брэсце гаспадары прывязалі сабаку да дрэва і кінулі паміраць1

Дроны ўпершыню атакавалі Чачню6

За пратэсты 2020 года ў Брэсце асудзілі яшчэ шэсць чалавек

Даляр абнавіў гадавы максімум1

Таццяна Хоміч: Трэба задаваць пытанні, чаго хоча рэжым12

Балет Наталлі Падольскай не здолеў падняць спявачку на сцэне ВІДЭА8

ЗША могуць прызнаць пратэрмінаваныя пашпарты Беларусі і надаць беларусам статус часовай абароны — новы законапраект22

Мужчына палятаў над Віцебскам на канапе з дапамогай паветранага шара. Чым гэта скончылася1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Некаторыя настаўнікі прамываюць мазгі дзецям, што іх у Еўропе ніхто не чакае — каб не паступалі за мяжу». Бацькі пра ідэалогію ў школах

«Некаторыя настаўнікі прамываюць мазгі дзецям, што іх у Еўропе ніхто не чакае — каб не паступалі за мяжу». Бацькі пра ідэалогію ў школах

Галоўнае
Усе навіны →