Грамадства2929

«На жаль, месцаў няма». Нягледзячы на хэйт у інтэрнэце, на «ХарчФэст» з Бузавай у Лідзе — ажыятаж

Беларусы крытыкуюць лідскі «ХарчФэст» у інтэрнэце, але, здаецца, ён усё ж збярэ нямала гледачоў. У гасцініцы «Ліда» ўжо няма свабодных месцаў. Многія кватэры на суткі занятыя, а на астатнія цэны выраслі ў некалькі разоў. Hrodna.life праверыў, ці ёсць ажыятаж на жытло ў Лідзе перад прыездам Вольгі Бузавай і ці можна параўноўваць яго з ажыятажам мінулых фестываляў.

Канцэрт на фестывалі Lidbeer у 2019 годзе. Фота з архіву Hrodna.life

«ХарчФэст» пройдзе ў Лідзе 31 жніўня замест вядомага ў мінулым фестываля Lidbeer. На яго раней прыязджалі дзеля беларускага, рускага і ўкраінскага року і вясёлай атмасферы. Але ў Лідскага райвыканкама ўласнае бачанне.

Свята сёлета прымеркавалі да Дня горада і дадалі «каларыту»: выступленні калектываў з расійскій гарадоў-пабрацімаў, ідэалагічна вывераныя пляцоўкі і гучны слоган «В Лиде все в лучшем виде!»

Каментатары: «Пачакаю, калі стане Бацькафэстам»

«Гэта тое, што мы заслугоўваем?», — пацікавіўся Яўген у каментарах пад навіной аб тым, што ў Ліду на «ХарчФэст» едзе Вольга Бузава. З больш чым 30 каментароў пад публікацыяй у Instagram знайшоўся толькі адзін нейтральны: «Тыя, хто пішуць, што не паедуць. Вы лічыце, што хтосьці засмуціцца ад гэтай інфармацыі?», — напісала Марына. Станоўчых водгукаў няма зусім.

У беларусаў у сацсетках больш за ўсё негатыву ў сувязі з новым фестывалем у Лідзе выклікалі два моманты. Першы — хэдлайнер фестывалю Вольга Бузава. Яшчэ ў 2017 годзе спявачка наведвала анексаваны Расіяй Крым, пасля выказвалася ў падтрымку Пуціна, а ў 2022 годзе падтрымала вайну Расіі супраць Украіны. У выніку Бузава трапіла ў санкцыйны спіс Украіны.

Другое, што непрыемна здзівіла, — назва фестывалю. Адны адзначылі, што слова «харч» выклікае не зусім прыемныя асацыяцыі, звязаныя з пляўком. Іншыя, іранізуючы, прапанавалі ў наступным годзе дадаць святу яшчэ больш «дзяржаўнасці», назваўшы яго «Сельгасхарчфэст» або «Белкаапсаюзфэст». «Пачакаю, калі стане Бацькафэстам», — напісаў Віктар.

За ноч у гатэлі — «двайная цана». Але месцаў у дзень фестывалю ўсё роўна няма

Аказалася, што негатыўна да «ХарчФэсту» настроены далёка не ўсе беларусы. І ў апошні дзень лета ў Лідзе можа быць шматлюдна. Hrodna.life пастараўся знайсці свабоднае жытло на час правядзення фестывалю. У гасцініцы і кватэры мы звярталіся пад выглядам патэнцыйных кліентаў.

У гасцініцы «Ліда» ў цэнтры горада з 29 жніўня па 1 верасня забраніраваць нумар нельга. Усе астатнія дні даступныя, кошт нумароў пачынаецца ад 62 руб.

У спартыўна-гасцінічным комплексе «Ліда драйв», што ў шасці кіламетрах ад цэнтра горада, свабодныя нумары ёсць толькі з 30 па 31 жніўня — на 1 верасня ўжо ўсё занята. За пражыванне ў святы «двайны кошт», паведамляе гаспадар Максім. Двухмесны нумар каштуе 180 руб., трохмесны — 192 руб.

Кватэр засталося мала, цана — ад 100 да 250 руб.

На сэрвісе «Арендодом», які прапануе кватэры на суткі па ўсёй Беларусі, ёсць толькі два варыянта ў Лідзе — за 70 і 90 руб. Пры анлайн браніраванні даты, якія нас цікавяць, — свабодныя. Але пры асабістай перапісцы з агентам нам адказалі, што «на жаль, вольных кватэр няма».

На сайце Realt.by ёсць адразу некалькі варыянтаў за 70 руб. ад гаспадыні Дзіяны. «Усё занята», — адказвае гаспадыня.

Свабоднае жытло атрымліваецца знайсці на сайце Kvartiranasutki.by, але толькі з трэцяй спробы. Суткі ў кватэры на вуліцы Тухачэўскага абыдуцца ў 100 руб.

На «Куфар» з 30 жніўня па 1 верасня даступныя шэсць варыянтаў, коштам ад 45 да 60 руб. Праўда, пры спробе браніравання, цана рэзка ўзрастае. Напрыклад, у кватэры за нібыта 40 руб., адна ноч абыдзецца ўжо ў 110 руб. Самы дарагі варыянт — на праспекце Перамогі. Кватэра за 60 руб. суткі ў святочныя дні каштуе 250 руб.

За шэсць гадоў цэны ўпалі ў два разы

Фестываль Lidbeer праходзіў у Лідзе з 2015 па 2019 і ў 2023 годзе. Опэн-эйр стаў візітнай карткай горада — паслухаць вядомыя рок-гурты прыязджалі з усёй краіны.

Самымі папулярнымі былі фестывалі ў 2017−2019 гадах. Тады браніраваць жытло трэба было за месяцы да свята. Тыя, каму пашчасціла менш, заставаліся ў кемпінгах або былі вымушаны з’язджаць з Ліды позна ўвечары пасля канцэрту.

У 2018 годзе, калі хэдлайнерам стаў гурт «Ленінград», нумары ў гасцініцах «Ліда» былі забраніраваны за два месяцы да фестывалю, пісаў «Вячэрні Бабруйск». Двухмесны нумар каштаваў $60 — зараз адна ноч у стандартным нумары абышлася б у $19. У доларах цана ўпала ў два разы, а ў рублях — у тры.

Цана кватэры на суткі ў цэнтры горада пачыналася тады ад $120 і дасягала $200, адзначаў TUT.BY. Сёлета цана жытла за адну ноч вар'іруецца ад $30 да $80.

У 2019 годзе, калі ў Лідзе выступалі «Сплін» і «Чайф», месца ў гасцініцах разабралі яшчэ напачатку года, а арэнда кватэр падаражэла са звычайных $30−35 да $180−200.

Дабрацца з Мінска ў Ліду праблематычна, з Гродна — лёгка

У лепшыя гады фестывалю Lidbeer былі праблемы і з тым, каб увечары выехаць з горада. Напрыклад, у 2018 годзе госці, якія прыехалі на сваіх машынах, стаялі ў паўтарагадзінным заторы.

Складана ацаніць, колькі людзей прыедзе слухаць Бузаву на сваіх аўто. Але можна паглядзець, як раскупляюцца білеты на маршруткі ў Ліду на дзень фестывалю.

На сайце агрэгатара «Атлас» білетаў па маршруту Мінск — Ліда засталося няшмат. 30 жніўня свабодныя месцы ёсць да 10 раніцы. Білеты на ўсе наступныя рэйсы раскуплены. На 31 жніўня білетаў няма ўвогуле. Назад з Ліды ў Мінск на 1 верасня ўсе месцы ў «Атласе» разабраныя.

Сітуацыя па маршруту Гродна — Ліда выглядае інакш: і на 30, і на 31 жніўня шмат даступных білетаў. Агрэгатар не дае інфармацыю пра рэйсы на верасень, але на сайце Infobus.by білеты Ліда — Гродна на першы дзень восені даступныя.

Быў Lidbeer, а сталі «Дажынкі»

У перыяд росквіту Lidbeer яго наведвалі да 120 тыс. чалавек, на пляцоўках працавалі амаль 200 гандлёвых кропак, а само свята штогод павялічвалася ў гасцях на 20−40%.

Галоўным пунктам была сцэна ля Лідскага замку — у розныя гады на ёй выступалі Neuro Dubel, «Крамбамбуля», Nizkiz, J:МОРС, «Бі-2», «Океан Ельзи», «Сплін», «Чайф» ды іншыя.

За паўтара тыдня да правядзення «ХарчФэсту» Лідскі райвыканкам апублікаваў падрабязную праграму свята. І яна больш падобная да чарговых «Дажынак», чым на фестывалі мінулых гадоў.

Галоўныя мерапрыемствы разгарнуцца на Дажыначнай плошчы — распачнецца ўсё з канцэртнай праграмы лідскіх калектываў і «гасцей з гарадоў-пабрацімаў Расійскай Федэрацыі». Падчас свята ўзнагародзяць найлепшых супрацоўнікаў прадпрыемстваў раёна і разыграюць сярод лідчан сем тэлевізараў.

Пасля невялікага перапынку на сцэну выйдуць кавер-групы з Мінска і Гродна. Завяршыцца ўсё выступленнем Вольгі Бузавай, феерверкам і бітвай дыджэяў.

Каментары29

  • Сволочная нация
    26.08.2024
    Негодяи и трусы
  • Лёлік з-пад Лімасола
    26.08.2024
    Я, спадзяюся, гэты камента ТЫ напісаў пад спевы бузавай))
  • Ёсік
    26.08.2024
    Беларусам спадабаюцца сьпяваючыя майткі.

Гэта іншае? На чым падстаўляюць удзельнікаў флэшмобу «Надо!»14

Гэта іншае? На чым падстаўляюць удзельнікаў флэшмобу «Надо!»

Усе навіны →
Усе навіны

У цэнтры Мінска легкавік урэзаўся ў аўтобус

У Брэсце гаспадары прывязалі сабаку да дрэва і кінулі паміраць1

Дроны ўпершыню атакавалі Чачню6

За пратэсты 2020 года ў Брэсце асудзілі яшчэ шэсць чалавек

Даляр абнавіў гадавы максімум1

Таццяна Хоміч: Трэба задаваць пытанні, чаго хоча рэжым11

Балет Наталлі Падольскай не здолеў падняць спявачку на сцэне ВІДЭА8

ЗША могуць прызнаць пратэрмінаваныя пашпарты Беларусі і надаць беларусам статус часовай абароны — новы законапраект20

Мужчына палятаў над Віцебскам на канапе з дапамогай паветранага шара. Чым гэта скончылася1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гэта іншае? На чым падстаўляюць удзельнікаў флэшмобу «Надо!»14

Гэта іншае? На чым падстаўляюць удзельнікаў флэшмобу «Надо!»

Галоўнае
Усе навіны →