Прэм'ер Індыі Нарэндра Модзі 23 жніўня прыехаў ва Украіну з першым афіцыйным візітам.
Падчас размовы з Уладзімірам Зяленскім ён расказаў, як нядаўна сустракаўся з Уладзімірам Пуціным.
«У мінулым месяцы, калі я наведваў Расію, я вельмі выразна сказаў Пуціну, што праблемы не могуць быць развязаныя на полі бою. Адзіны шлях вырашэння праблем — гэта дыялог і дыпламатыя. І, не губляючы часу, мы павінны рухацца ў гэтым кірунку. Абодвум бакам прыйдзецца сесці разам і шукаць шляхі выхаду з гэтага крызісу», — сказаў Модзі.
Прэм'ер згадаў і сустрэчу з Пуціным ва Узбекістане, што была два гады таму. «Я сказаў яму, гледзячы ў вочы, перад прэсай, што цяпер не эра вайны».
У сумеснай заяве Украіны і Індыі па выніках сустрэчы сказана, што Індыя гатова ўнесці свой уклад усімі магчымымі спосабамі, каб спрыяць больш хуткаму вяртанню міру.
Каментары