На прыёме ў Кадырава Пуцін зноў насіў навушнікі дагары нагамі. Чаму ён так робіць?
Ёсць некалькі імаверных тлумачэнняў.
Нядаўняе відэа, апублікаванае Кадыравым, дзе той разам з Уладзімірам Пуціным назірае за стрэльбішчам у Чачні, горача абмяркоўваецца ў інтэрнэце. Рэч у тым, што Пуцін ненатуральным чынам насіў накладныя навушнікі, а менавіта — дагары нагамі.
Пуціна ў падобным вобразе за ўсю ягоную палітычную кар'еру заўважалі шмат разоў, а афіцыйнае тлумачэнне такой звычкі ніколі не агучвалася. У чым можа быць справа?
Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, прычын такога нашэння навушнікаў можа быць некалькі.
Першая версія — насіць навушнікі звычайным чынам для Пуціна проста нязручна. Другая здагадка — Пуцін не хоча выглядаць непрыгожа, бо прыгалоўе навушнікаў пакідае сляды на валасах.
Але ёсць і трэцяе тлумачэнне.
Як піша буйны англамоўны партал аматараў навушнікаў Headphones Addict, пры звычайным нашэнні накладных навушнікаў іх прыгалоўе, акрамя пакідання касметычнай угнутасці на валасах, можа шкодзіць скуры галавы і нязначна спрыяць аблысенню.
Рызыкі ўзнікнення такіх наступстваў вельмі невялікія, аднак такі эфект распаўсюджваецца як на людзей з пышнымі валасамі, так і на людзей з кароткай стрыжкай.
Асабліва гэта тычыцца тых, хто выкарыстоўвае разнастайныя гелі і медыцынскія рэчывы для падтрымання якаснага выгляду ці здароўя валасоў, бо галава пры нашэнні накладных навушнікаў моцна пацее ў вобласці пад прыгалоўем прылады. І такі пот пры кантакце з гелямі і лекамі можа псаваць скуру.
Таму і існуе рэкамендацыя насіць накладныя навушнікі дагары нагамі для тых, хто баіцца магчымага аблысення і пашкоджання скуры галавы, хоць гэта і псуе якасць успрымання гуку ў прыладзе, адзначае партал Headphones Addict.
Гэтая асцярога таксама можа быць прыкметай мізафобіі — калі чалавек паталагічна баіцца кантактаў з любымі паверхнямі з-за магчымай прысутнасці на іх усялякіх мікробаў, забруджвання і іншых фактараў заражэння.
Улічваючы тое, як Пуцін падчас пандэміі каранавіруса перад сустрэчамі са сваімі падначаленымі актыўна змяшчаў тых на каранцін, вёў сустрэчы з замежнымі палітыкамі за доўгім сталом і аддаваў загады чыноўнікам па відэасувязі, седзячы ў бункеры, то апошняе тлумачэнне ненатуральнага нашэння Пуціным навушнікаў можа быць падобным да праўды.
Каментары