Медыкі патлумачылі, пра што можа сведчыць трэмар Лукашэнкі
Цікавы эпізод сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Палацы Незалежнасці сёння трапіў у аб’ектыў тэлекамер. Пакуль Лукашэнка чакаў расійскага прэзідэнта, у яго выразна дрыжэла галава. Такое трапіла на відэа ўпершыню. «Наша Ніва» спытала ў медыкаў, пра што можа сведчыць такі сімптом.
Адразу адзначым: усе медыкі, да якіх мы звярталіся па каментар, адзначылі, што немагчыма паставіць дыягназ па відэа. Неабходна правесці скрупулёзны агляд, праверыць, як чалавек на што рэагуе, памацаць цягліцы і распытаць пацыента пра ўсе сімптомы. Але некалькі меркаванняў, што можа выклікаць трэмар, дактары выказалі.
— Такі трэмар можа ўзнікнуць на фоне стрэсу, — адзначыў неўролаг. — Трэмар можа здарыцца на фоне сасудзістага паркінсанізму (пры ўзроставых зменах сасудаў галаўнога мозгу). На працягласць жыцця гэта не асабліва ўплывае.
Спецыяліст у вобласці ангіяхірургіі (сасудзістая хірургія) мяркуе:
— Трэмар — маркер нейкіх неўралагічных змен. Насамрэч прычын для наяўнасці такого сімптому вельмі шмат. Асабліва ў людзей немаладых гадоў. Часцей за ўсё трэмар узнікае не як вынік нейкіх цяжкіх хвароб, а як наступствы распаўсюджаных хранічных хвароб кшталту остэахандрозу хрыбетніка.
Таксама ў медыцыне ёсць такое паняцце як эсэнцыяльны трэмар — калі гаварыць простымі словамі, гэта калі ўзрост бярэ сваё і ў чалавека ўзнікаюць праблемы з тым, як працуе неўралагічная сістэма. Трэмар можа быць і наступствам нейкага эмацыянальнага напружання.
Трывожных сімптомаў у такім трэмары доктар не бачыць. Бо для той жа хваробы Паркінсона, акрамя трэмару, звычайным сімптомам з’яўляецца мімічная скаванасць — чалавек выглядае халодным, абыякавым. На тварах людзей з такой хваробай не пабачыш нейкіх яркіх эмоцый і таксама яны часцяком гавораць з адной і той жа інтанацыяй.
Некаторым падалося, быццам Лукашэнка выглядае ацёклым. Але эксперт кажа, што для яго гэта можа быць цалкам нармальным:
— Мы ўжо даўно назіраем за гэтым чалавекам. Так, ён старэе, ён змяняецца. Але тыя ацёкі, якія ўзнікаюць у выніку некаторых хвароб — у першую чаргу, хвароб сэрца ці нырак — выглядаюць інакш. Яны даволі заўважныя, іх цяжка было б схаваць. У прынцыпе,
выгляд Лукашэнкі цалкам упісваецца ў яго фізіялагічныя рамкі. Адназначна сказаць пра наяўнасць ці адсутнасць нейкіх цяжкіх хвароб немагчыма.
Каментары