Паэт Уладзімір Някляеў у вялікім эсэ для выдання Dekoder разважае, як беларусы прыйшлі да таго, што маюць цяпер. Ці дастаткова ў сваёй гісторыі мы зрабілі для незалежнасці сваёй дзяржавы? Частка эсэ прысвечана памылкам, якія Беларусь зрабіла ў 1990—2000 гады.
«Расія выбрала свой шлях, Украіна — свой. А Беларусь не зрабіла выбару. Засталася паміж шляхамі.
Гэта наўпрост паўплывала на тое, што Рэспубліка Беларусь ніяк не скарысталася займетай незалежнасцю. На самым пачатку незалежнасць давала магчымасць прымаць самастойныя (незалежныя ад рэзка аслабленай Расіі) рашэнні. Як прымалі гэткія рашэнні краіны Балтыі, скіраваўшыся ў Еўразвяз і тым самым зратаваўшыся. У Беларусі ж такія прапановы не прымаліся не толькі кансерватыўнай (камуністычна-прасавецкай) часткай грамадства, але і дэмакратычнай.
Нават Беларускім народным фронтам (найбольшай на той час апазіцыйнай сілай), лідар якога выступаў за цалкам самастойную, не далучаную ні да Расійскай Федэрацыі, ні да Еўрапейскага звяза, Беларусь. Я надрукаваў у той час артыкул «Паміж палюсамі», у якім пытаўся: як можа металічная пясчынка ўтрымацца ў раўнавазе паміж палюсамі магніта? Гэта немагчыма. І пачуў у адказ, што яно немагчыма ў фізіцы. А ў палітыцы можа быць.
Гэта была першая палітычная памылка, якую можна назваць гістарычнай, бо яна стала па сутнасці першым крокам да страты толькі што займетай незалежнасці.
І колькі ж павінна было прайсці часу, каб нават прэзідэнт Украіны Зяленскі, які папракаў Беларусь за хаўрус з агрэсрам, нарэшце заявіў: «Еўропа — гэта і Балканы, і Малдова, і будзе абавязкова Дзень Еўропы для Грузіі і Дзень Еўропы для Беларусі».
Вядома, Беларусь у 1991 годзе не адразу паклікалі б у Еўразвяз. Спатрэбіўся б час на тое, як было яно з краінамі Балтыі, каб выканаць адпаведныя ўмовы. Але гэта быў бы не страчаны час нашай гісторыі, якім ён ёсць зараз. Гэта быў бы выбраны шлях.
Тут можна спытаць: «А як жа Саюзная дзяржава?» Хіба гэта не шлях на Ўсход? Не выбар?
Так, выбар. Але не шлях. Бо гэта выбар не цывілізацыйны. Палітычны. А палітыка такая ж хутказменная рэч, як надвор'е.
Другая памылка была зробленая кіраўнікамі незалежнай Рэспублікі Беларусь падчас падпісання Белавежскіх пагадненняў.
Я даволі добра ведаў тагачаснага дзяржсакратара Расійскай Федэрацыі Генадзя Бурбуліса, з якім пазнаёміліся мы яшчэ ў пачатку 80-х у Свярдлоўску, дзе я чытаў студэнтам Уральскага палітэха вершы, а ён — лекцыі па марксісцка-ленінскай філасофіі. Дык вось я спытаў яго, ці былі падчас падпісання Белавежскіх пагадненняў (у чым ён прымаў непасрэдны ўдзел) хоць неяк акрэсленыя наступствы падпісання гэтага дакумента? Палітычная, эканамічныя, сацыяльныя? І ён адказаў, што нічога такога не было, а была «свабодная гульня розуму». Так і сказаў, я на ўсё жыццё запомніў: «Была свободная игра ума». Вось у гэтай гульні і ўзнікла фармулёўка: «СССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне».
Ну, добра: спыняе. А што далей?..
Пагадненні былі падпісаныя без ніякіх агаворак, без ніякіх дапаўненняў, без ніякіх гарантый з боку ініцыятараў (кіраўніцтва Расіі) з’яўлення гэтага дакумента. Найперш — гарантый дзяржаўнай цэласнасці Беларусі і Украіны.
Няхай Ельцын з Бурбулісам пра тое не думалі, яны вырашалі выключна пытанне ўлады: не маглі прыбраць кіраўніка СССР Гарбачова, дык прыбралі з-пад яго краіну, якой ён кіраваў. Але ж падпісанты з украінскага (Краўчук і Фокін) і беларускага боку (Кебіч і Шушкевіч) мусілі думаць пра гэта. Ведаючы гісторыю, ведаючы Расію, знешняй палітыкай якой ва ўсе часы быў ці захоп, ці вяртанне «исконно русских земель». Няхай на той час праз палітычны, эканамічны крызіс ёй было не да таго. Але ж нельга было не задацца пытаннем: што будзе потым? Якія гарантыі, што зноў Расія не вернецца да імперскай ідэі «собирания земель»?
І вось яна вярнулася да гэтага. «Собирает» землі.
Нехта можа сказаць: Расія парушыла б любыя дадзеныя гарантыі, як парушыла Будапешцкія пагадненні. Магчыма. Але я кажу не пра адказнасць Расіі, а пра адказнасць людзей, якім даверылі свой лёс народы Беларусі і Украіны.
Ельцыну гэтак карцела скінуць Гарбачова, з якім былі ў яго яшчэ і асабістыя рахункі, што ён падпісаў бы любыя гарантыі. Але ні кіраўнікі Беларусі, ні кіраўнікі Украіны нічога не прапанавалі. А пасля распавядалі, якія яны мудрыя палітыкі. Маўляў, калі б не падпісаныя імі пагадненні, дык пачалася б вайна. Дык вось у 1991 у Белавежы яны й падпісалі вайну ва Украіне ў 2022.
Трэцяя гістарычная памылка была дапушчаная падчас правядзення першых прэзідэнцкіх выбараў. Замест таго, каб дамовіцца пра адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл, апазіцыя занялася міжпартыйнай барацьбой, вынікам якой стала адхіленне ад удзелу ў выбарах дэпутата Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі. Менавіта таго палітыка, які, маючы харызму, да якой дадаваўся аўтарытэт гаспадарніка: дырэктара завода, кіраўніка горада, — мог выйграць выбары. І тады б выйграла Беларусь.
Шмат хто даводзіць (як, напрыклад, у сваіх успамінах пра 1994 год Сяргей Навумчык), што Беларусь выйграла б у тым выпадку, калі б на першых выбарах перамог Зянон Пазьняк. А ўжо на другіх Генадзь Карпенка. Але гэта палітычныя fantasy. Як у саветызаванай, не нацянальнай краіне мог адразу перамагчы нацыяналіст? Ніяк. Магло быць толькі наадварот: спачатку талерантны Карпенка, а пасля радыкальны Пазьняк. Але не сталася ні так, ні гэтак, бо не пра Беларусь думалі астатнія ўдзельнікі тых падзей. Пра сябе. І прыдумалі, як Карпенку да выбараў не дапусціць. Прычым, спосабам, мякка кажучы, не надта прыстойным.
Алег Трусаў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Станіслава Шушкевіча, з'агітаваў 14 сяброў сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада адклікаць свае подпісы за вылучэнне Карпенкі кандыдатам у прэзідэнты. Паводле выбарчага заканадаўства такой «ініцыятывы» не магло быць. Не кажучы ўжо пра законы маралі. Разам з Аляксеем Дударавым, кіраўніком выбарчага штабу Карпенкі, мы ўгаворвалі яго адстойваць свае правы. У выбарчай камісіі, у судзе, які ў той час яшчэ быў судом. Але ён катэгарычна (хоць меў зусім не катэгарычны характар) адмовіўся судзіцца, увогуле з кім-небудзь пра «ініцыятыву» Трусава размаўляць. Сказаў: «Тое, што пачалося з подласці, ёй і скончыцца. І я не хачу мець да гэтага ніякага дачынення».
Чаму я спыняюся на гэтым нібы прыватным эпізодзе нашай нядаўняй гісторыі? Таму што з яго, як з ракавай пухліны, пайшлі метастазы амаральнасці. Сітуацыя з адкліканнем подпісаў паўтарылася ў драматычным 1996-ым, які мог стаць, але не стаў пераломным. 73 дэпутаты падпісаліся пад заявай у Канстытуцыйны суд за імпічмент прэзідэнта праз відавочныя парушэнні Канстытуцыі. Але 12 з іх подпісы адклікалі. Паводле заканадаўства гэтыя адкліканні, як і ў выпадку з Карпенкам, не мелі юрыдычнай сілы, што і пастанавіў Канстытуцыйны суд. Але пакуль суддзі разбіраліся з законамі, Лукашэнка паспеў правесці рэферэндум, па выніках якога займеў нікім і нічым не абмежаваную ўладу, для якой ужо не быў законам ні суд, ні сам закон. І ніхто з тых, хто падпісаўся і адклікаўся, у тым не пакаяўся».
Цалкам эсэ можна прачытаць па спасылцы.
Каментары