Былы гендырэктар Google заявіў, што «дыстанцыйнікі» — гэта бедства сучасных кампаній. Выбухнуў скандал
У час сустрэчы са студэнтамі Стэнфардскага ўніверсітэта былы гендырэктар карпарацыі Google Эрык Шміт моцна раскрытыкаваў прыхільнікаў аддаленай працы і абвінаваціў іх амаль ва ўсіх няшчасцях Google і іншых сучасных кампаній. Гэтая прамова абурыла многіх.
Па словах былога кіраўніка Google Эрыка Шміта, будучыя ўладальнікі бізнэсаў і кампаній павінны забараніць сваім супрацоўнікам працаваць з дому, каб мець лепшыя, чым у канкурэнтаў паказчыкі, піша выданне Fortune.
Гэтая думка была агучана Шмітам у адказ на пытанне студэнтаў Стэнфардскага ўніверсітэта, чаму карпарацыя Google пры ўсіх яе рэсурсах і магчымасцях у галіне штучнага інтэлекту саступае такім невялікім кампаніям, як OpenAI (стваральніца сусветна вядомай нейрасеткі ChatGPT).
«Google вырашыла, што баланс асабістага і прафесійнага жыцця разам з магчымасцю пайсці з працы крыху раней і працаваць з дому важнейшыя за перамогу. А прычына, чаму стартапы больш эфектыўныя, менавіта ў тым, што людзі там працуюць як шалёныя.
Не хачу падацца вам рэзкім, але факт застаецца фактам: калі вы скончыце ўніверсітэт і захочаце заснаваць сваю кампанію, якая будзе добра канкураваць з іншымі стартапамі, то вы не дазволіце супрацоўнікам працаваць аддалена з дому і прыходзіць на працу ўсяго адзін раз на тыдзень», — параіў студэнтам Стэнфарда былы гендырэктар карпарацыі Google Эрык Шміт.
Крытычныя заявы бізнэсмена трансляваліся на YouTube адміністрацыяй Стэнфардскага ўніверсітэта (відэа сабрала амаль паўтара мільёнаў праглядаў), але праз невялікі час з-за масавага абурэння людзей у каментарах пад відэа прамова Эрыка Шміта была выдаленая з платформы.
Аднак яе поўная расшыфроўка на англійскай мове была захаваная карыстальнікамі партала Github.
Сам Шміт потым выбачыўся за сваю прамову ў Стэнфардзе і падкрэсліў, што шкадуе пра сказаныя ім абразы ў адрас «дыстанцыйнікаў».
Каментары
Не, баценька, да халеры ідзіце) Няма дурных, з такімі нагрузкамі і перапрацоўкамі. Людзи родных ня бачаць тыднямі і начуюць у офісе, і я не толькі пра Гугл.