У мінулую сераду ў Іране павесілі не менш за 29 чалавек, у тым ліку 26 асуджаных падчас групавога пакарання ў адной з турмаў краіны, паведамляюць праваабарончыя арганізацыі. За дзень да гэтага міжнародная супольнасць асудзіла пакаранне аднаго з удзельнікаў пратэстаў 2022 года, піша Руская служба Бі-бі-сі.
Нарвежская арганізацыя Iran Human Rights паведаміла, што 26 чалавек былі пакараныя ў турме Гезельхезар у горадзе Керэдж недалёка ад Тэгерана і яшчэ трое — у гарадской турме Керэджа.
Паводле даных ААН, у гэтым годзе ў Іране было прыведзена ў выкананне па меншай меры 345 смяротных прысудаў, сярод якіх 15 — у дачыненні да жанчын.
Пакараныя смерцю, сярод якіх былі два грамадзяніна Афганістана, былі асуджаныя за забойствы, наркотыкі і згвалтаванні.
Іншыя праваабарончыя групы, уключаючы інфармацыйнае агенцтва Human Rights Activists (HRANA), якое базуецца ў ЗША, і Цэнтр правоў чалавека ў Іране (CHRI), таксама пацвердзілі пакаранне прынамсі двух дзясяткаў чалавек у Керэджы.
Праваабарончыя групы неаднаразова абвінавачвалі Іран у выкарыстанні смяротнага пакарання для нагнятання страху ў грамадстве пасля пратэстаў 2022 года. Паводле ацэнак праваабаронцаў, у Іране штогод караюць смерцю больш людзей, чым у любой іншай краіне свету, акрамя Кітая.
«Калі ад міжнароднай супольнасці не будзе неадкладнай рэакцыі, сотні людзей могуць стаць ахвярамі машыны забойстваў Ісламскай Рэспублікі ў найбліжэйшыя месяцы», — заявіў дырэктар IHR Махмуд Аміры-Магадам.
Праваабарончыя арганізацыі таксама асудзілі пакаранне 34-гадовага Галамрэза Рэзаеі, асуджанага за забойства палкоўніка Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі падчас пратэстаў, якія ўспыхнулі ў Іране ў 2022 годзе. Актывісты заявілі, што яго прызнанне было атрымана пад катаваннямі.
Галамрэза Расаеі — прадстаўнік курдскай этнічнай меншасці Ірана. Ён стаў дзясятым чалавекам, пакараным у Іране ў сувязі са шматмесячнымі пратэстамі, якія ўспыхнулі ў верасні 2022 года пасля смерці 22-гадовай арыштаванай Махсы Аміні. Ён быў павешаны ў турме горада Керманшах у аўторак.
Каментары