8 лютага споўніўся год з дня арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі.
8 лютага спаўняецца год, як за кратамі знаходзяцца вязні сумлення Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка.
Арыштоўваць іх на Гродзеншчыну прыехала група аператыўнага рэагавання «Алмаз». Мікалая Аўтуховіча, а таксама Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку схапілі і змясцілі ў мінскае СІЗА на Валадарскага.
Спачатку яны праходзілі па крымінальнай справе аб падпалах дамоў мясцовых міліцыянта і падаткавіка. Падпалы адбыліся некалькі гадоў таму, па справах ёсць асуджаныя, якія знаходзяцца ў турме. Бліжэй да лета стала вядома, што ваўкавысцам «шыюць» яшчэ і тэрарызм.
Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту супраць тагачаснага старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі,
а таксама намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко. Па чутках, у турму да Аўтуховіча асабіста прыходзіў Саўчанка, які абяцаў «згнаіць» прадпрымальніка.
У жніўні 2009 года на волю нечакана выпусцілі Юрыя Лявонава. У кастрычніку з яго знялі ўсе абвінавачванні. З’явілася асцярожная надзея, што следам выйдуць і астатнія. Не. Чаго крывіць душой: многія падумалі, што Лявонаў мог сведчыць супраць таварышаў. Але ён катэгарычна абвяргае такія чуткі. «Я не прадаваўся мянтам», — грубавата кажа Лявонаў.
Аўтуховіч кажа, што яго «пасадка» — помста мясцовых чыноўнікаў за яго антыкарупцыйную дзейнасць. За час знаходжання ў турме ён правёў рэкордную 90‑дзённую галадоўку, патрабуючы змяніць яму меру стрымання. Трымаўся толькі дзякуючы глюкозавым кропельніцам у турэмнай бальніцы. Цяпер у Аўтуховіча сур’ёзныя праблемы з зубамі. Медычнай дапамогі ён не мае.
Адвакат Павел Сапелка настойвае на спыненні крымінальнай справы, але яго прапановы адхіляюцца. У студзені міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch прызнала Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку вязнямі сумлення. У краіне і за мяжой праходзяць акцыі салідарнасці з арыштаванымі.
Міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў паведаміў, што справа ваўкавысцаў будзе разглядацца ў Вярхоўным судзе ў адкрытым рэжыме.
«Калі б не было дастаткова доказаў, то ніхто б не ўзяў на сябе смеласць перадаваць справу ў суд», — лічыць А.Куляшоў.
Калі пачнецца разгляд справы — невядома. Утрыманне пад вартай Аўтуховіча і Асіпенкі падоўжана да канца лютага.
Каментары