Замежнікі пішуць у сацсетках, што збіраюцца ў Беларусь па бязвізе. А іх упрошваюць перадумаць
У англамоўнай сацсетцы Reddit усё больш пастоў ад замежнікаў, якія хочуць наведаць нашу краіну. Беларускія карыстальнікі ў жаху — яны нагадваюць еўрапейцам пра досвед Рыка Крыгера. Чые аргументы мацнейшыя?
Днямі ў Reddit з’явіўся пост ад мужчыны, які ў іншых публікацыях пісаў пра сябе як пра незалежнага журналіста. Раней ён збіраў інфармацыю пра перапраўку мігрантаў у Беларусь — хутка ён збіраецца ў нашу краіну, каб зняць тут матэрыял пра мігрантаў.
Іншыя карыстальнікі назвалі яго задуму вельмі дрэннай, бо ў Беларусі журналісты часта трапляюць пад удар. Таму смелы замежнік, на думку каментатараў, можа быць затрыманым за сваю працу. Але ж мужчыну гэта не спужала — на заклікі адмяніць падарожжа ён рэагаваў толькі падзякай за меркаванне. На думку гэтага замежніка, калі ён дакладна вывучыць фактары рызыкі і падрыхтуецца, яго паездка пройдзе добра.
Таксама ў Беларусь сабраўся літовец, які мае беларускія карані і заўжды хацеў наведаць нашу краіну. У каментарах ён адзначыў, што за беларускай палітыкай не надта сочыць. Яму адказалі, што рызыка паездкі ў Беларусь насамрэч невялікая, але ж калі ім насамрэч зацікавяцца сілавікі, то можна правесці шмат гадоў у беларускай турме.
Сярод іншых у Беларусь таксама збіраліся ехаць амерыканец і 19-гадовая ірландка — апошнюю, аднак, каментатары здолелі адгаварыць. Частка з іх напісала, што калі дзяўчына будзе трымацца далей ад палітыкі ці не рабіць глупстваў накшталт ужывання наркотыкаў, яе падарожжа ў Беларусь будзе бяспечным. Але іншыя параілі ірландцы выбраць іншыя месцы для вандроўкі і прыехаць у Беларусь пазней, калі краіна дакладна будзе бяспечная для замежнікаў.
Пад уражаннем турыстаў беларусы сталі пісаць пасты з заклікамі не ехаць у краіну, прычым гэты заклік датычыцца і беларусаў замежжа. Іншаземцам нагадалі пра смяротны прысуд немцу Рыка Крыгеру, беларусам — пра лёс айцішніцы, якая паехала на радзіму з даведкай пра кампенсаваны данат ад сілавікоў і атрымала ў выніку шэсць гадоў калоніі.
Не ўсе ў гэта паверылі: нехта пытаўся, ці насамрэч Крыгер вінаваты, нехта казаў, што не памятае выпадкаў, каб замежнікаў бралі ў Беларусі ў палітычныя закладнікі. Адзін каментатар мяркуе, што такое падарожжа будзе больш небяспечным для жыхароў краін, якія маюць дрэнныя адносіны з беларускім рэжымам, і што наўрад ці кітайскі ці казахскі турыст знойдуць у Беларусі праблемы.
Былі і сумныя жарты: «Але я хачу наведаць маю двойчы аддаленую цётку з боку прапрадзядулі, і я збольшага па-за палітыкай! Ці бяспечна прыехаць у Беларусь?»
Адзін з карыстальнікаў, амерыканец, падзяліўся сваёй гісторыяй. Мінулым летам ён трохі раздумваў пра тое, каб паехаць у Беларусь на інтэнсіў па рускай мове — праграма была вельмі танная, і мужчына вырашыў, што пагружэнне ў расійскамоўнае асяроддзе дапаможа яму.
Але ўрэшце ад гэтай ідэі ён адмовіўся. Амерыканцу не спадабалася, як ён мусіць атрымліваць беларускую візу, таксама яго насцярожыла аб'ява на сайце Дзярждэпартамента ЗША — наверсе старонкі было напісана тлустым шрыфтам вялікага памеру і вялікімі чырвонымі літарамі DON'T GO TO BELARUS [НЕ ЕДЗЬЦЕ Ў БЕЛАРУСЬ].
Зрэшты, Дзярждэп і дагэтуль не змяніў свае парады па падарожжах у нашу краіну: амерыканцы раяць не ехаць у Беларусь праз саўдзел краіны ў вайне ва Украіне, праз небяспеку рэпрэсій і тое, што амерыканскія дыпламаты мала чым могуць дапамагчы сваім суайчыннікам у Беларусі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары