У Мінску за пратэсты будуць судзіць мужа і жонку. У іх трое дзяцей
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска ў сераду, 24 ліпеня, пачнецца разгляд крымінальнай справы супраць Канстанціна і Веранікі Кавалеўскіх. Сямейную пару будуць судзіць па «народным» артыкуле 342 КК за ўдзел у пратэстах, піша «Люстэрка»
Абодвум выстаўленае абвінавачванне ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Разгляд справы пачнецца ў 10.30, пасяджэнне пройдзе ў адкрытым рэжыме.
Канстанцін і Вераніка Кавалеўскія — муж і жонка з Мінска, ім каля 35 гадоў. Пара выхоўвае траіх дзяцей — сына і дзвюх дачок (праўда, інфармацыя ў сацсетках не абнаўлялася больш за пяць гадоў і магла састарэць). Старэйшаму каля 10-11 гадоў, малодшай дзяўчынцы — сем.
Вераніка, мяркуючы па профілі ў сацсетцы, атрымлівала вышэйшую адукацыю ў віленскім ЕГУ.
Пра затрыманне Кавалеўскага стала вядома 24 чэрвеня гэтага года. Канал сілавікоў апублікаваў відэа двух мужчын, якіх апазналі па кадрах з мірнага пратэстнага маршу 6 верасня 2020 года ў Мінску: абодва стаялі побач у натоўпе з бел-чырвона-белымі сцягамі, не хаваючы твараў, і трапілі на камеры.
Адным з іх быў Кавалеўскі. На камеру сілавікоў ён сказаў, што быў падпісаны на тэлеграм-каналы Nexta Life і «Матолька, дапамажы» і выйшаў на акцыю па закліку «экстрэмісцкага» канала. Мужчыны былі вымушаныя прызнаць, што ўдзельнічалі ў пратэсце і знаходзіліся на праезнай частцы. Веранікі Кавалеўскай на відэа не было — верагодна, яе затрымалі ўжо пасля таго, як прыйшлі па мужа.
Другім чалавекам з відэа быў мінчанін Арцём Чоп — медык па адукацыі і аматар падарожжаў. Верагодна, ён з Канстанцінам не знаёмы — прынамсі, ні з кім з Кавалеўскіх ён не з'яўляецца сябрамі ў сацсетках. Яму таксама было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 КК, але ў рамках асобнай крымінальнай справы. Працэс над Арцёмам пачаўся ў тым жа судзе Цэнтральнага раёна ў панядзелак.
Суддзёй па абодвух справах — як мужа і жонкі Кавалеўскіх, так і Арцёма Чопа —прызначаная Юльяна Шчэрба, якая вынесла дзясяткі палітычна матываваных прысудаў.
Кавалеўскім і Чопу пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення або ад двух да пяці гадоў абмежавання волі
Каментары