Пяткевіч прыцягнулі ў Адміністрацыю, каб яна курыравала пераабранне Лукашэнкі — крыніцы
Суразмоўцы «Нашай Нівы», якіх загадзя прызначаюць у выбарчыя камісіі, упэўненыя, што Наталля Пяткевіч пакліканая на пасаду першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі для элегантнага правядзення выбарчай кампаніі — 2025. Яна будзе адказваць за кадры, каб не паўтарыць правал 2020-га.
Пра тое, што Наталлю Пяткевіч прызначаная ў Адміністрацыю Лукашэнкі галоўнай па выбарах-2025, нашы суразмоўцы зрабілі выснову па некалькіх профільных мерапрыемствах, у якіх яны ўдзельнічалі.
Нашы суразмоўцы сцвярджаюць, што чыноўніца ўжо распачала выкананне гэтых функцый. Ёй прыпісваюць задачу набору і кантролю кадраў, якія будуць задзейнічаныя ў фальсіфікацыйным працэсе на выбарах. А кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, маўляў, будзе наўпрост ёй падсправаздачны.
«Хаця выбарчую кампанію 2025 рэпетавалі на парламенцкіх выбарах і рэферэндуме, усё адно яны бачаць масу рызык.
У 2020 жа, па сутнасці, адбылася катастрофа: многія камісіі на месцах прызналі перамогу Ціханоўскай, ЦВК назвала іншыя лічбы. І з гэтага пайшло сутыкненне ў грамадстве.
Цяпер жа задача такая, як я разумею, каб не было нават 1% шансу, што недзе камісія пойдзе супраць Лукашэнкі.
А гэта вялікая кадравая работа. Ужо па ўсіх прыкметах ясна, што галоўная ў гэтым будзе Пяткевіч», — сказаў інфармаваны дзяржслужачы, які будзе членам камісіі на прэзідэнцкіх выбарах 2025-га.
Іншы суразмоўца з аднаго з аблвыканкамаў трымаецца падобнага ж меркавання, адводзячы Пяткевіч ролю чалавека, да якога будзе сцякацца ўся «бягучка» па выбарах: ад падбору кадраў да якасці збору подпісаў. Маўляў, традыцыйна раней гэтыя даныя ішлі ў Адміністрацыю Лукашэнкі, а пасля перастановак там проста не відаць іншай кандыдатуры, якая б за гэта адказвала.
«Заўсёды кіраўнік Адміністрацыі фактычна з'яўляецца сапраўдным кіраўніком штаба Лукашэнкі ў дапаўненне да намінальнага. Але пакуль ніякіх распараджэнняў пра такую работу з Дзмітрыем Крутым не паступала, усё замыкаецца на Пяткевіч», — сказаў нам чыноўнік.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары