Пяць фактаў пра Наталлю Пяткевіч — самую ўплывовую чыноўніцу Беларусі да з'яўлення Качанавай і Эйсмант
Наталля Пяткевіч — адзін з самых пазнавальных твараў беларускай палітыкі 2000-х. Зноў убачыць яе на вяршыні палітычнага Алімпу ў пачатку 2020-х — дзіва для аналітыкаў. Пяткевіч як кандыдатуру на высокія пасады не ўзгадваў бадай ніхто з экспертаў. Тым не менш ад сёння менавіта яна першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
«Наша Ніва» ўзгадвае пакручастую біяграфію Наталлі Пяткевіч.
Расійскія карані
Бацька Наталлі Пяткевіч — стаматолаг Уладзімір Краўчанка. Ён нарадзіўся ў Навасібірскай вобласці Расіі, але пасля Другой сусветнай вайны сям'я асела ў Беларусі.
Уладзімір Краўчанка зрабіў добрую кар'еру — яшчэ ў 1976-м ён узначаліў толькі што створаную 7-ю стаматалагічную паліклініку Мінска, стаўшы самым маладым галоўным доктарам у сталіцы. На пасадзе ён пратрымаўся каля 40 гадоў. Быў заадно дэпутатам Мінгарсавета, узначальваў праўладны Беларускі рух медыцынскіх работнікаў.
Ва Уладзіміра Краўчанкі ёсць і мінулае ў шэрагах сілавікоў — прынамсі падчас выбараў у канцы 2010-х ён трапляў у выбарчыя камісіі як сябар Беларускага саюза афіцэраў.
Маці Наталлі Пяткевіч была настаўніцай.
Кар'ера ў Адміністрацыі прэзідэнта
Галоўнае месца ў працоўнай кніжцы Наталлі Пяткевіч займае Адміністрацыя прэзідэнта. У 1994 яна, выпускніца юрыдычнага факультэта БДУ, трапіла ў АП — і пратрымалася на розных пасадах 20 гадоў.
Спачатку працавала вядучым спецыялістам, затым начальнікам упраўлення дзяржаўнага і міжнароднага права Галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўлення.
У 2001-2004 Наталля Пяткевіч была прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі. Гэта тая пасада, якую ў 2014 годзе заняла Наталля Эйсмант. Адметна, што ў прамежак часу паміж імі ў Лукашэнкі не было прэс-сакратара — былі толькі кіраўнікі прэс-службы, статус і ўплыў якіх былі істотна ніжэйшыя.
У 2004 годзе Пяткевіч стала намесніцай кіраўніка Адміністрацыі, адказвала за ідэалогію.
Яна не мела ніякага піетэту да беларускасці, фактычна з'яўлялася ўвасабленнем рэакцыйнай лініі, супрацьстаяла свайму непасрэднаму кіраўніку Уладзіміру Макею. Але менавіта ёй у 2008 былі даручаныя перамовы з амерыканцамі, якія мелі вынікам першае аддаленне Беларусі ад Расіі.
У 2009 годзе пасада стала яшчэ вышэйшай — першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі. Пяткевіч пратрымалася да снежня 2010 года.
Наступная пасада таксама фармальна ўваходзіла ў структуры Адміністрацыі прэзідэнта — Пяткевіч працавала памочніцай Лукашэнкі ў 2011-2014. Яна кантралявала доступ да цела і па-ранейшаму мела велізарны ўплыў.
Цяжка сказаць, што прывяло да апалы Наталлі Пяткевіч. Самы апошні скандал, у які яна ўляпалася перад звальненнем — розыгрыш пранкера Вавана. Гэта цяпер ён выглядае штатным супрацоўнікам расійскага ФСБ, а тады быў проста інтэрнэт-жартаўніком. Пад выглядам сына Віктара Януковіча Ваван звязаўся з Лукашэнкам — наўпрост праз яго памочніцу, голас якой быў надзвычай падобны да голасу Пяткевіч.
Жыццё пасля палітыкі
Нейкі час Наталля Пяткевіч пабыла без работы, а пасля ўладкавалася да мільянера Аляксандра Шакуціна. Ён падбіраў усіх збітых наменклатурных лётчыкаў, спадзеючыся карыстацца іх ранейшымі кантактамі. Праз яго холдынг «Амкадор» праходзілі і былыя памочнікі Лукашэнкі, і былыя сілавікі — якая-ніякая няпыльная праца знаходзілася ўсім.
Наталлі Пяткевіч дэлегавалі развіццё праекта «Шантэр» — гэта турыстычны бізнэс, у які ўваходзілі гасцініцы, аздараўленчыя цэнтры, паляўнічыя ўгоддзі.
Некалькі гадоў Пяткевіч папрацавала ў Шакуціна, а пасля з'ехала жыць у ЗША, хоць і знаходзілася пад амерыканскімі санкцыямі. Як так выйшла? Спачатку трэба расказаць пра асабістае жыццё чыноўніцы.
Тры шлюбы
Першым мужам Наталлі Краўчанкі стаў Уладзіслаў Пяткевіч. Гэта адзін з галоўных латарэйшчыкаў Беларусі, які ад пачатку 2000-х узначальваў РУП «Нацыянальныя спартыўныя латарэі».
Другі муж — тэлефункцыянер Аляксандр Мартыненка. Ён быў вядучым, пасля дарос да пасады намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі, а пасля перабраўся ў Белаграпрамбанк.
А вось трэці муж — Валянцін Рыбакоў. Ён, ураджэнец расійскага Томска, зрабіў у Беларусі дыпламатычную кар'еру. Быў і памочнікам Аляксандра Лукашэнкі (2006-2013), і намеснікам міністра замежных спраў (2013-2017).
У 2017 Рыбакова прызначылі прадстаўніком Беларусі пры ААН, ён пераехаў у Нью-Ёрк. Праз год дыпламат пабраўся шлюбам з Наталляй Пяткевіч, і яна пераехала да мужа ў ЗША — застаючыся пад санкцыямі. Фармальна ў яе існуюць абмежаванні на перасоўванне па краіне.
Ад першага шлюбу ў Наталлі Пяткевіч ёсць сын Філіп. Ён пайшоў яе шляхам, скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Разам з маці ён перабраўся ў ЗША.
«Філіп Пяткевіч — юрыст з ліцэнзіяй адваката ў Нью-Ёрку, які спецыялізуецца на карпаратыўным і фінансавым праве, а таксама санкцыйным рэгуляванні, — рэкламуюцца яго паслугі. — Ён паспяхова стварыў хедж– і венчурныя фонды на суму больш за $50 мільёнаў».
Філіп вядзе рускамоўны тэлеграм-канал пра крыптавалюту. Праўда, падпісчыкаў няшмат, усяго 170 чалавек.
Дарэчы, сына Валянціна Рыбакова ад першага шлюбу клічуць гэтаксама — Філіп.
Суседзі па Драздах
Наталля Пяткевіч не толькі працавала разам з будучым мужам у Адміністрацыі прэзідэнта, але яны яшчэ і былі суседзямі. І Пяткевіч, і Рыбакоў трапілі ў прызыў лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, якім раздавалі зямельныя надзелы ў Драздах.
Цяпер у Пяткевіч двухпавярховы цагляны дом на вуліцы Пакроўскай. Агульная плошча складае каля 350 м2.
Па інфармацыі «Белпола», у спадчыну ад бацькі ёй дасталіся трохпакаёўка плошчай 90 м2 на вуліцы Прытыцкага ў Мінску, а таксама памяшканне салярыя ў «Славянскім квартале» на праспекце Пераможцаў і гараж на вуліцы Халтурына.
Валянцін Рыбакоў падзяліў са сваім сынам Філіпам свой катэдж у Драздах па вуліцы Ціхай. Агульная плошча дома — каля 630 м2.
Апроч таго, Філіп Рыбакоў набыў сабе дзве кватэры: плошчай 90 м2 у «Маяку Мінска» і 67 м2 на праспекце Пераможцаў каля «Алімпік-Арэны». А ад бабулі-дзядулі па матчынай лініі яму дасталася палова трохпакаёўкі на вуліцы Якуба Коласа.
У Філіпа Пяткевіча нерухомасці ў Мінску няма.
Каментары