Ва Украіне вынеслі завочны прысуд ураджэнцу Беларусі, які камандуе Чарнаморскім флотам Расеі
Аляксандр Вітко нарадзіўся ў Віцебску, яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Воршы. Крымінальную справу супраць яго завялі ў 2014 годзе, піша «Свабода».
Кіеўскі апэляцыйны суд пацьвердзіў вырак, вынесены завочна камандуючаму Чарнаморскім флётам Расеі Аляксандру Вітко аб пазбаўленьні волі на 15 гадоў за ваенную акупацыю Крыму.
Апэляцыю на вырак, вынесены ў траўні 2023 году, падаў адвакат Аляксандра Вітко. Тэрмін адбываньня пакараньня пачне адлічвацца з дня ягонага затрыманьня.
Камандуючага Чарнаморскім флётам (ЧФ) Расеі, які нарадзіўся ў 1961 годзе ў Віцебску, абвінавачвалі паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Канчатковае пакараньне прызначылі паводле сукупнасьці злачынстваў шляхам паглынаньня менш строгага больш строгім пакараньнем.
Згодна з выракам, Аляксандар Вітко цягам лютага-сакавіка 2014 году «сплянаваў, падрыхтаваў і арганізаваў разьмеркаваньне вайсковых падразьдзелаў Расеі, якія ажыцьцявілі ўварваньне на тэрыторыю Крыму, і забясьпечыў маскаваньне вайскоўцаў ЧФ Расеі для вядзеньня агрэсіўнай вайны супраць Украіны».
Апроч таго, яго абвінавачвалі ў плянаваньні і вызначэньні аб’ектаў, якія спачатку заблякавалі, а потым захапілі.
«Такім чынам, ён учыніў у папярэдняй змове з групай асобаў у плянаваньні і падрыхтоўцы агрэсіі супраць Украіны, чым забясьпечыў вайсковую акупацыю Крыму, што прывяло да цяжкіх наступстваў у выглядзе парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і нанясеньня шкоды ў выглядзе страты аб’екту дзяржаўнай уласнасьці на суму больш за 1 080 352 мільёны грыўняў», — адзначаецца ў рашэньні суда.
Гэтую суму, якая эквівалентная больш як 27 мільярдам даляраў, суд пастанавіў спагнаць з камандуючага Чарнаморскім флётам Расеі.
У той жа час апэляцыйны суд прызнаў Аляксандра Вітка «невінаватым у выстаўленым яму абвінавачаньні паводле ч.1 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (эпізод падрыўной дзейнасьці) і апраўдаў у сувязі зь недаказанасьцю гэтага крымінальнага правапарушэньня».
Аляксандар Вітко нарадзіўся ў Віцебску, яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Воршы. Крымінальную справу супраць яго завялі ў 2014 годзе.
Каментары
10 дзесяць!!!! падлеткаў курсантаў у Севастопале спявалі гімн Украіны калі ў вучэльне " спускалі" сцяг Украіна..ахфіцеры адміралы спявалі гімн рф
10 Дзесяць Падлеткаў Купрсантаў...