Турма будучыні. Навуковец прапанаваў хуткі спосаб перавыхавання злачынцаў — даць адчуць пакуты іх ахвяр
Нямецкі біятэхнолаг і папулярызатар навукі Хашам Аль-Гайлі прадставіў канцэпцыю турмы будучыні, якая, як ён сцвярджае, зможа ўздзейнічаць на злачынцаў, прымушаючы іх адчуць пакуты іх ахвяр. Мяркуецца, што такі спосаб зможа паскорыць іх перавыхаванне і вызваленне з турмаў, піша telegraf.news са спасылкаю на Daily Mail.
Праект пад назвай Cogniify прадугледжвае ўжыўленне сінтэтычных успамінаў аб злачынстве чалавека ў яго мозг, але з пункту гледжання яго ахвяры. Сістэма можа ўключаць у сябе прыладу, падобную на віртуальную рэальнасць, якая будзе адлюстроўваць кадры злачынства, створаныя штучным інтэлектам, і мазгавы імплант, які будзе выклікаць эмацыйныя станы, такія як раскаянне ці шкадаванне.
Мяркуецца, што канцэпцыя, распрацаваная берлінскім малекулярным біятэхнолагам Хашэмам Аль-Гайлі, забяспечыць доўгатэрміновы эфект сеансу тэрапіі, зрабіўшы ўспаміны сталымі.
Так, напрыклад, у ЗША зараз у зняволенні знаходзяцца больш за 1,7 мільёна чалавек. Хаця ўлады заяўляюць, што турма ўтрымлівае правапарушальнікаў ад будучых злачынстваў, больш за 100 даследаванняў, праведзеных у 2021 годзе, паказалі, што яна не перадухіляе паўторныя злачынствы.
З улікам гэтых фактаў Аль-Гайлі стварыў канцэпт турмы будучыні, якая, як ён сцвярджае, дапаможа злачынцам атрымаць урокі са свайго мінулага.
«Калі-небудзь Cogniify зможа стварыць і ўкараніць штучныя ўспаміны проста ў мозг зняволенага. Гэтыя складаныя, яркія і рэалістычныя ўспаміны будуць генеравацца ў рэальным часе з выкарыстаннем кантэнту, створанага штучным інтэлектам. Хоць рэабілітацыя працягнецца некалькі хвілін, злачынцу яна здасца гадамі, бо ў свядомасці злачынцаў час цячэ павольней, чым у рэальным жыцці, што прымушае іх перажыць гады», — распавялі ў прэзентацыйным роліку праекту на YouTube.
У залежнасці ад сурʼёзнасці злачынства і прыгавору, сістэма адаптуе ўспаміны з улікам патрэбаў для рэабілітацыі кожнага субʼекта. Мозг зняволеных будзе прасканаваны ў высокім дазволе, што дазволіць стварыць падрабязную карту іх нервовых шляхоў. Гэтыя даныя дазволяць прыладзе Cogniify уздзейнічаць на пэўныя вобласці мозгу, якія адказваюць за памяць, разважанне і лагічнае мысленне.
Прылада будзе працаваць, паказваючы зняволеным успаміны аб іх злачынствах, якія будуць створаны ШІ. Гэта можа быць хатняе насілле, злачынствы на глебе нянавісці або дыскрымінацыі, незаконны гандаль, крадзяжы і махлярства.
Апроч візуальных эфектаў, тэхналогія зможа таксама стымуляваць фізічную рэакцыю, дазваляючы злачынцу адчуць боль і пакуты, якія перанесла яго ахвяра.
«Некаторыя ўспаміны будуць створаныя для таго, каб выклікаць наступствы і траўмы. Такія ўспаміны могуць мадэляваць доўгатэрміновыя наступствы гвалтоўных дзеянняў, такія як гора сямʼі ахвяры або фізічныя і эмацыйныя траўмы, перанесеныя ахвярай», — распавялі ў відэароліку.
Шасціхвілінны ролік пачынаецца з агляду белага пакою з 19 капсуламі каля сцяны. Унутры кожнай з іх стаяць мужчыны з прыладай Cogniify на галаве, з чымсьці накшталт дысплея на вачах і навушнікамі на вушах, апускаючы іх ва ўспаміны, створаныя ШІ.
«Штучныя ўспаміны, імплантаваныя з дапамогай Cogniify, будуць лёгка інтэграваныя ў існуючыя нейронавыя сеткі мозгу, перадухіляючы кагнітыўны дысананс і гарантуючы, што субʼект успрыме ўспаміны так, як яны б былі рэальнымі», — гаворыцца ў відэа.
Пакуль зняволеныя перажываюць яркія ўспаміны аб сваіх злачынствах, цэнтральны кампутар збірае даныя, каб зразумець, што прымушае людзей здзяйсняць такія злачынствы. У відэа адзначаецца, што Cogniify «будзе мець зашыфраванае сховішча для канфідэнцыйнай інфармацыі аб зняволеных і даных аб рэабілітацыі».
«Канцэпцыя Cogniify можа зрабіць рэвалюцыю ў сістэме крымінальнага правасуддзя, значна скараціўшы неабходнасць працяглага турэмнага зняволення і звязаныя з гэтым выдаткі.
Традыцыйныя турмы патрабуюць значных бюджэтаў на будаўніцтва, утрыманне, укамплектаванне персаналам і догляд за зняволенымі, уключаючы харчаванне, ахову здароўя і праграмы рэабілітацыі. Замяніўшы працяглыя тэрміны турэмнага зняволення кароткай інтэнсіўнай рэабілітацыяй з дапамогай імплантацыі штучнай памяці, можна значна знізіць выдаткі на ўтрыманне турмаў і падтрымку зняволеных», — распавялі пра праект у азнаямленчым відэа.
Каментары