Грамадства7373

«Яго ідэя фікс — каб ва ўсіх быў чып». Раней Пятро Пятроўскі хадзіў у шапцы з Пагоняй, а цяпер марыць пра еўразійскую будучыню Беларусі

Калі былыя сябры Пятра Пятроўскага чуюць эфіры расійскага тэлебачання, у якіх ён расказвае пра еўразійскі лёс Беларусі, то хапаюцца за галаву. Яны памятаюць Пятра зусім іншым — апазіцыйна настроеным беларускамоўным актывістам, які хадзіў са значком «За Свабоду!» і з «Пагоняй» на шапцы. Як адбылася такая эвалюцыя ці, хутчэй, дэградацыя? «Наша Ніва» расказвае пра трансфармацыю палітолага і прычыны рэзкага развароту яго поглядаў.

Пятро Пятроўскі. Тут і далей — фота з яго сацыяльных сетак.

«У ліцэі і ўніверы быў на сто адсоткаў беларускамоўным»

Будучы палітолаг Пятро Пятроўскі нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску, але з шасці месяцаў рос і выхоўваўся ў Гродне. Ён паходзіць з інтэлігентнай сям’і. Па звестках «Белпола», яго бацька Сяргей быў мастаком, выкладаў у Гродзенскім каледжы мастацтваў. Маці Марыя працавала там жа, адказвала за тэатральную частку. На сёння абое выйшлі на пенсію. Спадарыня Марыя з дадатковым вольным часам падалася ў астралогію.

Пятро Пятроўскі ў дзяцінстве.

У доме Пятроўскіх было шмат кніг, што паўплывала на фармаванне любові да чытання ў сына. Прытым што сям’я была рускамоўнай, Пятро актыўна чытаў кніжкі па беларускай гісторыі, любіў айчынную паэзію — гэта сфармавала яго беларускамоўнасць.

У Гродзенскім ліцэі №1 Пятроўскі трапіў на гістарычна-правазнаўчы профіль. Тым, хто вучыўся з ім разам, у памяць урэзаўся паказальны выпадак таго часу:

«Наш ліцэй лічыўся кузняй кадраў для Гродзенскага гістфака, і па завядзёнцы да нас прыходзіў Уладзімір Ягорычаў, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і ідэйны камуніст. Падчас аднаго са сваіх выступаў ён пачаў даводзіць, што тарашкевіца — штучная мова, і тады Пятроўскі падняўся і парыраваў, што гэта мова Купалы, Коласа, а вы проста іх не чыталі і нічога не ведаеце. Так пад агульны смех ён паставіў на месца гэтага камуніста. Сёння цяжка ўявіць такія рэчы».

Беларускамоўнасці, манеры маўлення Пятроўскага, па словах былых сяброў, спрыяў уплыў бабуляў, якія прыклалі руку да яго гадавання, а таксама глабальны трэнд таго часу:

«Гэта ж быў час, калі тая ж гісторыя ў ліцэі выкладалася нармальна. І былі кніжкі Генадзя Сагановіча, Уладзіміра Арлова. ARCHE можна было купіць паўсюль. ВКЛ, тарашкевіца — такія трэнды былі запатрабаваныя ў ліцэі на той момант. Пятроўскі тады захапляўся, напрыклад, Янкам Станкевічам. Цяпер ён мусіць быць для яго страшным эмігрантам, беглым, антысаветчыкам».

Выразаў на ўніверскай парце мапу ВКЛ

Яшчэ ва ўніверсітэце Пятроўскі хадзіў у шапцы са значком Пагоні і захапляўся Зянонам Пазняком, быў адным з нямногіх на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, хто пастаянна размаўляў па-беларуску.

Аднакурснікі згадваюць, што Пятроўскі не раз прызнаваўся ў тым, што яму «не падабаюцца маскалі», ён называў іх «брыдотнікамі».

У педуніверсітэце Пятроўскі любіў сядзець на задніх партах. На адной з іх выразаў мапу ВКЛ, падпісаўшы «Вялікай Літвой ад мора да мора». Гэтую ж гістарычную канцэпцыю ён прасоўваў у сваім Livejournal, які дагэтуль вісіць у інтэрнэце.

«У ЖЖ будуць зьяўляцца сьвежыя пераклады клясыкаў традыцыяналізму ды артыкулы па праблемах нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця па трэцім шляху ў межах Балтыцка-Чарнаморскае цывілізацыі — самабытнае і незалежнае геапалітычнае фармацыі. Будуць зьяўляцца артыкулы па праблемах гісторыі з поглядаў нацыянальнае традыцыяналісцкае гістарыязофіі. Запрашаю ўсіх прыняць удзел, каму ня ўсё роўна, якая будучыня чакае нашу Бацькаўшчыну — Вялікалітву!! За родную мову й праўдзівы назоў!!!! — пазначана ў bio старонкі (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя — НН).

У сваім блогу Пятроўскі называў БТ «брахлівым тэлебачаннем» і крытыкаваў рэжым і чыноўнікаў, якія займаюцца «словаблуддзем з блакітных экранаў»

«Настолькі паправеў, што ў выніку стаў левым»

Пятроўскі не імкнуўся быць выдатнікам, ён нават не запісваў змест лекцый у канспект, зашываючыся на апошнія шэрагі аўдыторый, каб працягваць чытаць свае кніжкі. Пад уплывам абранай ім літаратуры трансфармаваліся і яго погляды.

«Ён захапляўся, напрыклад, творчасцю французскага філосафа-традыцыяналіста Рэнэ Генона, зачытваючы яго да дзірак. Таго ж Аляксандра Дугіна ён чытаў ва ўніверы. А недзе на чацвёртым курсе пазнаёміўся з працамі немца Карла Шміта, пачаў цікавіцца канцэпцыяй таталітарызму, усімі гэтымі тэмамі — пра яго жартавалі, што настолькі паправеў, што ў выніку стаў левым», — расказвае адзін з аднакурснікаў.

Пятроўскі з кніжкай Марціна Хайдэгера.

«Лічыў на поўным сур’ёзе, што Лукашэнка — гэта новы Вітаўт»

Блізка знаёмыя з Пятроўскім ва ўніверскі час лічаць, што, акурат, ідэі Шміта ў міксе з Хайдэгерам, Юнгерам і іншымі маглі паўплываць на парасткі сімпатый да Лукашэнкі. Нямецкі юрыст і філосаф у свой час запэцкаўся ў супрацы з нацысцкім рэжымам: на Нюрнбергскім працэсе яму інкрымінавалася тэарэтычнае абгрунтаванне легітымнасці вайсковай агрэсіі. Шміт крытыкаваў лібералізм і даследаваў плюсы дыктатуры. Акурат кніжка «Дыктатура: ад вытокаў сучаснай ідэі суверэнітэту да пралетарскага класавага змагання» паўплывала на прыхільнасць Пятроўскага метадам беларускага рэжыму.

«Ён пачаў лічыць на поўным сур’ёзе, што Лукашэнка — гэта новы Вітаўт. У таго ж яшчэ хрысціянскае імя — Аляксандр», — расказваюць знаёмыя.

Ужо напярэдадні Плошчы-2010 ён стаў адным з некалькіх чалавек, хто на акцыю апазіцыі «Саша, сыходзь!» прыйшоў з плакатам з просьбай, каб Лукашэнка застаўся. Пятроўскі дайшоў і да самой акцыі пратэсту пасля выбараў-2010. Адправіўся як на разведку і нават, па словах відавочцаў, трапіў у замес з сілавікамі.

Скрыншот з архіўнага відэа «Нашай Нівы».

Пятроўскі, Дзермант, Шпакоўскі, ці людзі-пярэкруты пад дахам КДБ

Дадатковаму пагружэнню ў новы свет спрыялі свежаўсталяваныя мінскія знаёмствы. Якраз падчас навучання ва ўніверы Пятроўскі пазнаёміўся з Аляксеем Дзермантам — запатрабаваным сёння прапагандыстам з мінулым паганца.

Пятроўскі і Дзермант.

Чытайце таксама: Дзермант: метамарфозы. Як неанацыст і паганец палюбіў Лукашэнку, Расію і вайну

«Ва ўніверскі час у яго з’явіліся сябры-нацболы і розныя іншыя — ад ультраправых да ультралевых, такі маргінэз. Спачатку іх сустрэчы выглядалі як супольныя п’янкі дзіўнай публікі. І падобнае цягнецца ж да падобнага — пазней так сфармавалася кампанія Шпакоўскі-Дзермант-Пятроўскі.

Хросным бацькам кампаніі стаў прарасійскі журналіст Юрый Шаўцоў, да адэкватнасці якога цяпер могуць узнікнуць пытанні, а тады ён выглядаў як паважаны, начытаны чалавек. Мог сваім інтэлектам зачараваць моладзь, прапановамі паездак, знаёмствамі. Так ён стварыў такі пул з пярэкрутаў. Яны ж усе — пярэкруты. З тусоўкі нелукашысцкай, не лаяльнай Расіі прыйшлі ў тое, у што прыйшлі», — каментуе блізкая да персанажаў крыніца.

У Беларусі гэтага перыяду, як грыбы пасля дажджу, пачынаюць множыцца прарасійскія і часам адкрыта чарнасоценныя рэсурсы з іх ідэямі «рускага свету» ў Беларусі. Раней «Наша Ніва» пісала пра тое, як яны функцыянавалі і фінансаваліся.

Чытайце таксама: «Крепкие молодые фашисты»: забойства Юліі Чарняўскай, захоп улады ў Беларусі — планы і ідэі аўтараў «Імхаклуба»

«Канкрэтна ў выпадку Пятроўскага метамарфоза ў адносінах да Расіі адбылася пасля яго паездкі ў Саратаў. Ён тады здзівіўся, што ў Расіі, аказваецца, таксама нармальныя людзі жывуць. Ён агулам мала дзе вандраваў, кепска ведае свет, і ў гэтым сэнсе такі цьмяны», — расказваюць знаёмыя з Пятром.

Пятроўскаму дастаўся праект Eurasia.expert, дзе ён быў сурэдактарам беларускай часткі партала. Паралельна з гэтымі працэсамі беларускія ўлады парупіліся стварэннем сеткі падкантрольных спікераў — актыву, які б прасоўваў інтарэсы рэжыму, прапагандаваў дзяржаўны парадак дня, транслюючы яго ў тым ліку на тэлебачанні.

Па словах абазнаных крыніц, да працэсу пошукаў правільных людзей падключылі органы бяспекі — павуцінне закідвалі якраз у колы з палітычна несфармаванымі ці ў нечым расчараванымі асобамі.

«Пасля размоваў з КДБ тыя кампрамісна ці за нейкія абяцанні, выгоды пагаджаліся на працу. Так кампанія «экспертаў» з Пятроўскім у яе шэрагах, пачала з’яўляцца на ўсіх магчымых перадачах. Зарабляць жа грошы ім давалі на расійскім кірунку (пры гэтым з абяцаннем даваць справаздачу ў КДБ). Хаця ганарары там былі не такія і вялікія — каля $50 за артыкул. Але вось ён кошт — каб прадацца», — расказвае знаёмы з тымі коламі чалавек.

Пазней у Пятроўскага з’яўляецца так званы кансерватыўны цэнтр Nomos з яго антызаходнімі і антыліберальнымі лекцыямі і артыкуламі — нібыта цэнтр для інтэлектуалаў, але на справе незразумелыя сходкі ў краме мэблі на вуліцы Маякоўскага. Што цікава, першапачаткова Nomos задумваўся як часопіс гістфака БДПУ плюс клуб, дзе можна было б праводзіць варушнякі.

«Але Пятро ўсё пераўтварыў у гэтыя сходкі, якія потым плаўна перацякалі ў п'янкі з трэш-перформансамі самога Пятроўскага», — кажуць крыніцы.

Подпіс пад фота: адна з афіш мерапрыемства цэнтра Nomos у 2013 годзе

«Ад Пятроўскага адвярнуліся амаль усе знаёмыя і сябры»

Маладым людзям вельмі імпанавала іх новая роля — эксперты ў пінжаках, якіх запрашаюць на тэлебачанне і радыё, на канферэнцыі і семінары на Усходзе, — так, што яны цудоўна з ёй зліліся.

Пры гэтым праз гэтую трансфармацыю ад Пятроўскага адвярнуліся амаль усе знаёмыя і сябры.

У 2020 годзе ліцэісты намякнулі, каб той не прыязджаў у Гродна на дзень сустрэч выпускнікоў.

Пятроўскі тады заклікаў арыштаваць Віктара Бабарыку яшчэ да выбараў, а Святлану Ціханоўскую называў «гаворачай галавой у руках куратараў».

З абвастрэннем дзяржаўнай рыторыкі смялеў і Пятроўскі — пачаў заклікаць уводзіць крымінальную адказнасць за нацыяналізм і лібералізм, выказаў ідэю аддаць кватэру Святланы Алексіевіч шматдзетным сем’ям.

Яго знаёмыя лічаць, што ўсё гэта ў тым ліку — праява сямейных і школьных траўмаў, затоенай злосці і закамплексаванасці. У гродзенскім ліцэі ён хоць і не быў белай варонай, але, па словах сведак, час ад часу мог падпасці пад фізічны булінг за сваю «экстравагантнасць».

«Насамрэч, Пеця і на побытавым узроўні паводзіў сябе так, што гэта адварочвала. Ён цяжкі чалавек: нападпітку можа буяніць, нарывацца. Мог падставіць, кідаў на грошы — нават калі працаваў рэдактарам, мог не выплаціць ганарар. Яго ідэя фікс, якую ён трансляваў: каб ва ўсіх быў чып, і чалавек бы выконваў тое, што яму кажа дзяржава. Калі яму казалі, што і табе ж чып паставяць, то ён казаў што згодны з гэтым, бо сам сябе не кантралюе і яму патрэбны парадак», — дзеліцца знаёмы.

Па даных «Белпол», у Пятроўскага ёсць не адзін штраф за праезд без квітка. Але ў гэтай «эканоміі» ёсць іншы бок медаля, які праявіўся ўжо ў эру «экспертнасці»:

«[Любіць] пачаставаць некага, асабліва з рэгіёнаў, у рэстаране. Каб самому быць у пінжаку і пры грошах, самасцвердзіцца на фоне якога бедалагі ў выцягнутым швэдры. Пры гэтым абавязкова паказваць візіткі тых, з кім ён знаёмы, распавядаць, каго з вертыкалі ўлады асабіста ведае», — дадае суразмоўца «НН».

Папулярнасцю ў жаночага полу Пятро не карыстаўся. Гэта выклікала іронію ў сяброў, але цяпер сітуацыя змянілася. У сваіх сацсетках прадзяржаўны палітолаг, акрамя захаплення агародніцтвам і гатаваннем ежы, транслюе стасункі з 20-гадовай Палінай Такушэвіч, намесніцай старшыні Студэнцкай рады БДУ.

Пятроўскі і Паліна Такушэвіч.

Разам пара завітвае ў родны Пятроўскаму Гродна. І можна было б падумаць, што бацькоўскі дом — адзіная прычына для паездак на малую радзіму. Але, як кажуць «Нашай Ніве» абазнаныя крыніцы, дадатковая задача для Пятроўскага там — стварэнне альтэрнатыўнага цэнтра польскіх актыўнасцяў, які б быў лаяльны да беларускіх уладаў. Усё часцей Пятроўскі ў эфірах крытыкуе польскую палітыку і палітыкаў. На ТБ нават выйшла асобная праграма, прысвечаная краіне-суседцы — «Думкі пра Польшчу».

«Сезон смачнага служэння Дыктатуры»

Нядаўна Пятроўскі далучыўся да Камуністычнай партыі Беларусі, заявіўшы, што «стаў часткай каманды КПБ па слядах продкаў», а таксама што «будзе адстойваць беларускі сацыялізм усімі законнымі сродкамі».

Раней ён знаходзіўся побач з «Белай Руссю» — сёння гэта праўладная партыя, створаная ў сакавіку 2023 года на грунце аднайменнай арганізацыі. Пятроўскі выступаў у дзяржСМІ як «эксперт Белай Русі», ухваляючы саюзны праект паміж Беларуссю і Расіяй і крытыкуючы «калектыўны Захад». На ютуб-канале праўладная арганізацыя нават спрабавала стварыць сваё кулінарна-палітычнае шоу — «Дыктатура казана» — з Пятроўскім у якасці вядучага.

«На ютуб-канале «Белай Русі» — прэм'ера. Палітолаг Пётр Пятроўскі адкрыў сезон смачнага служэння Дыктатуры», — пісалі ў анонсе. Праўда, ролік не набраў і тысячы праглядаў. У другога выпуску з гатаваннем «Баршчу Народнага Адзінства» сітуацыя была яшчэ горшай, таму шоу заглухла.

Еўразійства галаўнога мозгу

З'яўляючыся навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук і экспертам Цэнтра «Паўночная Еўразія», які ўзначальвае Дзермант, Пятроўскі прасоўвае ідэю еўразійства, якое, на яго думку, больш натуральнае для беларусаў, чым еўрапейскасць. Ён лічыць, што геапалітычныя цікаўнасці Беларусі знаходзяцца на Усходзе, а не на Захадзе, і што беларусы насамрэч не падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці і трэнды.

«Еўрапейства — гэта ментальны і геапалітычны выбар збеглых», — адразае Пятроўскі.

Агулам ён у сваіх каментарах дазваляе сабе крытыку толькі знешніх «ворагаў». Унутры ж усё квітнее і стабільна.

«Аляксандр Лукашэнка без узрушэнняў зрабіў беларускую кансерватыўную рэвалюцыю — ачысціў Беларусь ад перабудовы. Ён — не разбэшчаны. А ў 2020 годзе мы сутыкнуліся з тым, што частка нашага грамадства аказалася разбэшчанай, яна ўспрымае жыццё як супермаркет», — спявае оды Лукашэнку Пятроўскі.

Блізка знаёмыя з Пятром адзначаюць, што яго лёс у нечым падобны да таго, што адбывалася з Беларуссю і гісторыяй рэжыму — з яго перыядамі беларускамоўнасці і нібыта лібералізацыі, якія ў выніку ўсё адно павярнуліся ізаляванасцю і канцэнтрацыяй на расійскім.

Каментары73

  • Так
    05.06.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Gorliwy Litwin
    05.06.2024
    Усе сьвядомыя гэтым жа скончаць. Славуты Мікола Бугай сказаў што без уліку інтарэсаў сілавікоў Красаўцаў ніякае Адраджэньне немагчымае. І Дракахруст тое самае кажа. Ідэя Белай Русі гэта ідэя варварскага этнавясковага каралеўства. Мянтоўска чэкісцкага. А ідэёлухаў Красаўцы сабе набяруць якіх патрабуе момант. Хоць Пятроўскага, хоць Дракахруста, хоць Бугая
  • ем
    05.06.2024
    транслюе стасункі з 20-гадовай Палінай Такушэвіч, намесніцай старшыні Студэнцкай рады БДУ

    во дела

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны27

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка18

Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці8

Байдэн спіша частку доўгу Украіне1

Трамп абмовіўся, што гатовы пайсці на трэці тэрмін. А ці магчыма такое ў ЗША ўвогуле?9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны27

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →