Грамадства2121

Камуніст, даносчык са стажам, пакрыўджаны на БТ — што за блогер Жан Содзель, які набраў папулярнасці на плётках пра рускі шоубізнэс

Расказваем пра прапагандыста-камуніста, які адстойвае дзяржаўную рыторыку на прасторах ютуба, паралельна «падпрацоўваючы» даносчыкам, які не шкадуе нават сваіх бацькоў.

Жан Содзель. Тут і далей — фота з сацсетак.

Заяўляў у міліцыю нават на бацькоў

Жан Содзель нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску. Гэта яго сапраўднае імя: хлопца назвалі ў гонар бацькі — таксама Жана. Па звестках у базе «Белпола», яго бацька працаваў слесарам у «Галантэі», а маці была там жа швачкай-майстрыхай. Пазней перайшла на працу ў «Еўрагандаль».

Менавіта бацька дапамог Жану пераабсталяваць яго пакой у кватэры пад блогерскія і музычныя задачы — у так званую хатнюю міні-студыю (да журналісцкай кар’еры Жан Жанавіч думаў ісці па музычным шляху — наведваў школу па класе фартэпіяна, спяваў у хоры, а ў дарослым узросце пачаў спрабаваць запісваць уласныя трэкі і каверы).

Нягледзячы на тое, што хлопец працягваў жыць пад адным дахам з бацькамі, гэта не перашкаджала яму скардзіцца на іх у міліцыю. Сярод яго званкоў на дзяжурную лінію: «п’яны бацька б’е шыбы ў кватэры», «у двары скандаліць п’яная маці, паводзіць сябе неадэкватна», «у п’яным стане спецыяльна прычыняла псіхічныя пакуты Жану Жанавічу».

Па апошняй скарзе сына яго маці прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці.

Жан з бацькамі.

Заявамі на бацькоў справа не абмежавалася: па лініі 102 ён тэлефанаваў вялікую колькасць разоў. Прычыны — то канфлікт з ЖЭС, то машына перашкаджае праезду, то сабака суседзяў гуляе без напысніка.

Асобна ён змагаецца са сферай грамадскага харчавання: напрыклад, раздзьмуў вялікі скандал, калі ў KFC яму забыліся пакласці адзін соўс. Жан дамогся, каб яму кампенсавалі пакуты новым ланч-наборам.

Дзяцей, якія ў яго двары разбілі шкляныя бутэлькі, ён у сваім блогу ўвогуле прапаноўваў саслаць у Польшчу разам з бацькамі, называючы іх «лішнімі людзьмі ў Беларусі, сапсаванымі лічынкамі».

«Жан Содзель — гей»

У 2011 пра дапамозе міліцыі Жан спрабаваў пакараць ананімнага крыўдніка, які на прасторах інтэрнэту назваў яго геем.

«Набраўшы ў пошукавіку сваё прозвішча і імя, я быў проста ў шоку! Заходжу на сайт, прысвечаны мне. Там паказана, што я — блакітны, што я люблю ў сэксе, апісаныя ўсе дэталі і выкладзеная фатаграфія. Невядомы фатограф паказаў вялікае і светлае мужчынскае сяброўства, а дакладней — каханне. У самы, што называецца, разгар. Мяне ўразіла тое, што ўнізе сайта подпіс: «Хай усе ведаюць, што Содзель — блакітны!» — абураўся тады Жан.

Хлопец звярнуўся ў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска, плануючы выбіць за свае маральныя пакуты $50 тысяч кампенсацыі. Атрыманыя грошы ён хацеў выдаткаваць на закуп хітоў для сябе ў вядомых кампазітараў. Праўда, з гэтым так і не склалася.

«На АНТ як сапраўдны патрыёт адчуваў сябе белай варонай»

Пасля сканчэння сталічнай школы (Содзель пачынаў у 55-й і скончыў сярэднюю адукацыю ў 201-й) хлопец завочна паступіў на факультэт журналістыкі БДУ (спецыяльнасць — тэлебачанне і радыё). Шмат у чым на выбар факультэта паўплывала захапленне перадачай «Ваша лато».

Содзель ад пачатку марыў пра тэлеэкраны, але не адразу склалася. Так ён апынуўся ў газеце «Вячэрні Мінск», пачаўшы са звычайнага карэспандэнта і скончыўшы рэдактарам аддзела культуры.

«Выглядала, што ён ведае, дзе і калі трэба быць. Бо малады рэдактар такі, гэта здзіўляла. Не шмат тады выдавала яго палітычную арыентацыю, але дзесьці ў размове ён ні з чаго раптам выдаў, што Лукашэнка — найлепшы на свеце», — згадвае яго экс-калега.

Акурат у часы «Вячоркі» Содзель хваліўся тым, што арганізоўвае хатнюю студыю, пачаў працаваць з голасам.

«У яго суперрэзка змянілася маўленне, і гэта вельмі рэзала вушы», — расказвае экс-калега.

«Няхай гараць у пекле кіраўнікі, якія зрабілі выбар на карысць зэкаў!»

Содзель трапіў у навіны на «Рускае радыё», да гэтага прайшоўшы «Школу тэлевізійных кадраў» на Белтэлерадыёкампаніі. Пасля падзей 2020 года стане вядома, што ў Содзеля засталіся рахункі з БТ — ён быў моцна пакрыўджаны, што пасля сканчэння курсаў яго аўтаматам не ўзялі працаваць ні ў адно аддзяленне на Макаёнка, 9:

«У тыя часы мне гэта было вельмі цікава, але вышэйшае кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі зрабіла выбар на карысць здраднікаў, будучых крымінальнікаў (Содзель меў на ўвазе тых, хто падтрымаў мірны пратэст 2020 года — НН). Іх права, няхай сядзяць, а калі хаваюцца, няхай іх знойдуць. І няхай гараць у пекле кіраўнікі, якія зрабілі выбар на карысць зэкаў! Упэўнены, шкадуюць, што не ўзялі мяне тады. Я бы шчыра працаваў з задавальненнем, але шанец упусцілі», — пісаў у сваім інстаграме Жан.

На дзяржаўнае тэлебачанне ён усё ж у выніку трапіў, але пратрымаўся нядоўга — год прапрацаваў карэспандэнтам на АНТ. Але сам прызнаваўся, што адчуваў сябе там «белай варонай»:

«2022 год, здавалася б, дзяржаўны тэлеканал, і тыя, хто там працуюць, павінны падтрымліваць дзяржаўную лінію, але — не, абсалютна іншыя людзі. Адзін з кіраўнікоў на планёрцы так і заявіў: «А чаму вы так шмат паказваеце прэзідэнта? З нас ужо ўсе смяюцца». Хто смяецца? Я ж быў сапраўдным патрыётам», — так Жан тлумачыў свой сыход з канала.

«СССР — Вялікая дзяржава, дзе ў цэнтры быў Чалавек»

Пасля гэтага Содзеля занесла ў партыйную газету «Камуніст Беларусі. Мы і час». Там ён на тры гады нават стаў галоўным рэдактарам. З гэтай жа газеты пачалася і палітычная кар’ера прапагандыста. Як мінімум спробы прабіцца ў палітыку.

Содзель з Зюганавым.

«Прагаласаваўшы за кандыдата ад Камуністычнай партыі Беларусі, вы падтрымаеце стабільнасць і ўласны дабрабыт. І выступіце супраць празаходніх грантасмокаў ад так званай апазіцыі, якую ўтрымліваюць еўра-амерыканскія распаўсюджвальнікі дэмакратыі», — з такім пасылам у праграме ён балатаваўся на парламенцкіх выбарах 2012 года па Каліноўскай выбарчай акрузе №108.

Галоўнае яго дасягненне за гады працы з камуністамі — тры медалі ад старшыні ЦК КПРФ Генадзя Зюганава, якімі ён не ўпускае магчымасці пахваліцца. А таксама — знаёмства з Ігарам Карпенкам, пад кіраўніцтвам якога ён і заслужыў тыя медалі.

«За той час я стаў яшчэ больш шанаваць родную краіну і добрым словам згадваць СССР — Вялікую дзяржаву, дзе ў цэнтры быў Чалавек! Была магутная дзяржава, якую развалілі здраднікі — Гарбачоў, Ельцын, Шушкевіч і Краўчук… Менавіта ў часы Гарбачова ў СССР быў заняпад — дэфіцыт тавараў, аварыя ў Чарнобылі. «Гарбаты» зруйнаваў Вялікую краіну, гары ён у пекле», — каментуе гістарычныя падзеі Содзель у 2023 годзе.

У 2014 годзе Содзель паўдзельнічаў у выбарах у Мінскі гарадскі савет дэпутатаў. Але пераможцам яго так ні разу і не прызначылі.

Найлепшы вядучы Беларусі. Па меркаванні сябе самога

У газеце Содзель «засумаваў па радыё і варушняку» — так ён прыйшоў на станцыі «Бі-Эй» і «Мелодыі стагоддзя», якія нядаўна былі прызнаныя банкротамі і спынілі сваё вяшчанне.

У каментары «Нашай Ніве» адзін з вядучых зорнага складу станцыі адзначыў, што радыё часоў Содзеля было ўжо «не тым»: «Радыё існавала да 2013-2014 года. Потым не было нічога і нікога, часовыя людзі, рамеснікі, выпаленая зямля».

Паралельна Жан зарэгістраваў ІП і працаваў вядучым вяселляў і карпаратываў. Кошт яго паслуг на 2015 год быў не самы бюджэтны: ад 350 да 600 даляраў.

Адзін час на выхадзе са станцыі метро Няміга віселі білборды, на якіх Аляксандр Саладуха сцвярджаў, што Жан Содзель — найлепшы вядучы Беларусі. Праўда, варта адзначыць, што Содзель сябраваў з дзецьмі артыста. Саладуха на камеру сказаў, што Содзель — «бэст оф зэ бэст», але гэтае відэа здымаў сам Жан.

Падобным чынам будуюцца і іншыя «факты» пра яго выключнасць. Так, Содзель распаўсюджвае ў сеціве інфармацыю пра тое, што Лукашэнка яго ведае і згадвае. Заснавана гэта на каментары гледача з Казахстана.

«Хачу жонку выключна стройную, прыгожую, стылёвую, найлепшую»

Яшчэ ў 2016 годзе Содзель актыўна шукаў сабе жонку, але да сённяшняга дня застаецца не жанатым. Мабыць, гэта звязана са спісам яго патрабаванняў.

«Я хачу жонку выключна стройную, прыгожую, стылёвую, лепшую! Але звычайна дзяўчаты з такімі дадзенымі распушчаныя. Па начах па клубах ганяюць, не маюць мэты ў жыцці, ды характар шкодны, эгаістычны. Маўляў, хачу мора, золата і працаваць ніколі не буду, таму што прыгожая», — тлумачыў ён сваё бачанне ідэальнай палавінкі.

Адна з дзяўчат, з якой ён спрабаваў пазнаёміцца бліжэй, распавяла «Нашай ніве», якімі аргументамі ён схіляў яе да спаткання:

«Ëн некалькі разоў пісаў мне ў асабістыя і намякаў на тое, што, калі мы пачнем сустракацца, то мяне адразу заўважаць. Бо ён — медыйная персона. Але мне і майго імя і поспеху было дастаткова, я толькі пасмяялася. Шчыра скажу, наводзіла тады даведку — зразумела, што гэта такі нарцыс-прыліпала. Сябруе толькі з тымі, з кім выгодна, робіць з імі шмат фотачак, каб падавацца больш статусным. Па сутнасці, чалавек, які вылазіць за кошт іншых».

У не такім аддаленым мінулым у Содзеля — дзясяткі здымкаў з зоркамі рознай велічыні, у тым ліку з тымі, каго сёння дзяржава лічыць «экстрэмістамі» ці «здраднікамі» — напрыклад, з Дзянісам Дудзінскім, Naviband, Litesound і іншымі.

Былая калега Жана кажа, што ён быў плеткаром: «Ëн атрымліваў асаблівую асалоду, калі распавядаў пра свае назіранні за жыццём іншых».

Гэтае захапленне добра праявіла сябе на аўтарскім аднайменным ютуб-канале Содзеля. Ëн пачынаў з відэа на розныя тэмы — ад аповедаў пра свае вандроўкі да парадаў наконт лішняй вагі. А потым сканцэнтраваўся на плётках шоубізу — найперш, расійскага.

Скрыншот з ютуб-канала блогера

Дзякуючы, сваёй любові абмяркоўваць чужое жыццё ён набраў на ютубе больш за 150 тысяч падпісантаў і атрымаў срэбную кнопку. Цяпер гэта яго асноўная сфера заняткаў. Часам ён выпускае па некалькі ролікаў на дзень. З 2017 года, па словах самога Содзеля, ён зарабіў на канале больш за 17 тысяч даляраў (да выплаты падаткаў).

Падчас выбараў 2020 года больш за ўсё перажываў за перабоі з інтэрнэтам

Пратэсты і іх задушэнне пасля выбараў 2020 года Содзеля напужалі — ён прызнаваўся ў гэтым у сваім тэматычным роліку на ютубе. Праўда, на яго погляд, столькі людзей выйшлі на вуліцы, таму што адключылі інтэрнэт і ім не было чым заняцца дома.

«У свеце няма ніводнага прэзідэнта з такой харызмай, такім досведам і з такой любоўю да простага чалавека. Беларусь — дзяржава для народа. Годна жывуць пенсіянеры, інваліды і працоўны клас», — рассыпаецца ён у кампліментах да Лукашэнкі, традыцыйна для беларускіх дзяржаўных прапагандыстаў апранаючы яго мерч.

Содзель час ад часу крытыкуе Еўропу: Польшча для яго — месца, у якое трэба адпраўляць усіх «лішніх» беларусаў. Ëн не разумее, чаму ў айчынных школах дагэтуль вучаць англійскую мову: «Яны ж там нашу не вучаць!» Пры тым што раней вельмі любіў вандраваць за мяжой, хваліў і Літву, і Украіну. Цяпер правілы гульні змяніліся — змянілася і яго рыторыка.

Каментары21

  • Gorliwy Litwin
    20.04.2024
    Беларуская версія яго прозвішча павінна гучаць як "Содаль", праз Д і А. Пару дзён таму на НН быў нарыс пра вядомага беларускага літаратуразнаўц Уладзіміра Содаля, ён мабыць і цяпер на галоўнай старонцы (пра яго і пра Мацея Бурачка).  Ці патрэбная моўная культура мёртвай ужо, фактычна, мове? Рытарычнае пытанне...
     
  • Iгарка
    20.04.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Прском
    20.04.2024
    [Рэд. выдалена]

«За адно прывітанне могуць закінуць 200 даляраў». Беларус расказаў пра асаблівасці працы на «Онліфанс»

«За адно прывітанне могуць закінуць 200 даляраў». Беларус расказаў пра асаблівасці працы на «Онліфанс»

Усе навіны →
Усе навіны

Кіроўца рэйсавага аўтобуса спрабаваў увезці з Польшчы каля 500 старажытных манет3

Украіна праспала дронавую рэвалюцыю? Чаму оптавалаконныя дроны мяняюць многае на полі бою14

Што трэба есці пасля прыёму антыбіётыкаў?2

«Мякка кажучы, ніякай капітуляцыяй не пахне». Z-ваенкар засцярог расіян ад ваеннай эйфарыі6

У «Зялёнай гавані» стварылі хатку для бяздомных сабак і прапануюць усім ахвотным скарыстацца чарцяжамі

У Вільні вандалы дабраліся да магілы каліноўца Аляксандра Царука7

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр10

З'яўленне паўночнакарэйскіх войскаў ва Украіне — крок да Трэцяй сусветнай?6

Стварылі першае беларускамоўнае радыё, дзе замест вядучых — штучны інтэлект15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«За адно прывітанне могуць закінуць 200 даляраў». Беларус расказаў пра асаблівасці працы на «Онліфанс»

«За адно прывітанне могуць закінуць 200 даляраў». Беларус расказаў пра асаблівасці працы на «Онліфанс»

Галоўнае
Усе навіны →