«А кажуць, у Беларусі ўсё заглухла». Кароткія гісторыі беларускай салідарнасці, якая нікуды не дзелася
На фоне штодзённых навін пра затрыманні, прысуды, небяспечныя рассылкі і вайну здаецца, што вакол не адбываецца нічога добрага. Але гэта не так. «Медыязона» спытала ў беларусаў з розных куткоў краіны, якія добрыя падзеі здарыліся ў іх жыцці за апошні час — там знайшлося месца і салідарнасці. Імёны герояў змененыя.
Дар'я, Магілёўская вобласць
Збіраюся ехаць у Польшчу да сяброўкі, якая ўжо пару гадоў як у эміграцыі вымушана. Закупляюся беларускімі прысмакамі. У фірмовай краме «Чырвонага харчавіка» накупіла ўсяго, яна папрасіла навінак. Увогуле даволі вялікі пакет сабраўся. Дзяўчаты на касе пытаюцца — а вам куды столькі? Я расказваю, што сяброўцы ў эміграцыі вязу прысмакі з радзімы. Прадавачкі сталі распытваць, што ды як, Грузія ці Польшча, і ў выніку перадалі самі яшчэ пакет нейкіх новых мармеладак — проста так, з салідарнасці, ад сябе.
Святлана, Мінск
Зайшла зімой у краму ў гандлёвым цэнтры, прымяраю шапку. Мне мала што падыходзіць звычайна, я шапкі амаль не нашу, а тут вось проста як на мяне яна. Вельмі захацелася купіць. А ў мяне толькі картка, наяўных амаль не нашу. Палезла ў кашалёк — рубля не хапае. У гэты момант мне тэлефануе сястра. Ну я ёй і кажу — вось, шапку класную знайшла, але купіць не магу, не хапае рубля. І ўжо збіраюся выходзіць з крамы, як мяне пераймае нейкая пакупніца і дае мне рубель: «Вось, вазьміце, гэта дробязь, зрабіце сабе прыемна». Я ёй, вядома, дзякую, а яна мне адказвае: беларусы адзін аднаму з 2020 года яшчэ і не так дапамагаюць. Мне аж на душы лягчэй стала.
Алена, Мінск
Мне давялося з'язджаць з краіны. Калі без падрабязнасцяў, то быццам бы не гарэла, але прыйсці маглі ў любы момант. Прыйшлося ў экстраным парадку прадаваць і раздаваць усё тое, што было нашым у здымнай кватэры. А там была і мэбля, і халадзільнік высокі, і пральная машына — хапала рознага барахла.
Адзін мой сябар працуе ў краме бытавой тэхнікі, у іх там ёсць і машына, і грузчыкі. Дамовілася з ім, што мне дапаможа, а я і яму, і хлопцам-грузчыкам заплачу. І вось яны мне развезлі мэблю па сябрах, тэхніку бацькам, прыстойна так паездзілі па горадзе. Цяжкі халадзільнік на пяты паверх цягнулі, сталы нейкія. Я ў канцы паездкі пытаюся,што я ім павінна. Ён адказвае — я табе потым скажу, нам палічыць трэба. Ну, думаю: ок, там жа ў іх тарыфы, у залежнасці ад паверха, на які рэчы ўздымалі і гэтак далей. Тэлефаную яму праз дзень, а ён кажа — мы з хлопцамі параіліся і вырашылі, што з улікам абставінаў нічога ты нам не павінна, гэта бясплатна ўсё было. Я, шчыра кажучы, нават расплакалася.
Сяргей, Магілёўская вобласць
Нечаканая ў нас здарылася хваля салідарнасці. У адным з гандлёвых цэнтраў знаходзіўся павільён-прытулак для бяздомных жывёл. Ёсць у горадзе і вялікія прытулкі, вядома. А тут — маленькая філія, у ёй кацяняткі са шчанюкамі чакалі новых гаспадароў, а яшчэ і пыскамі сваімі мілымі збіралі дапамогу ўсім астатнім. І сам ведаю, што шмат каго адтуль забіралі ў новыя дамы.
Але нешта здарылася, і прытулак у інстаграме напісаў, што адміністрацыя вырашыла скасаваць ім арэнду. Дык што тут пачалося! Не тое, што проста лайкі і каменты. Людзі пайшлі ў адміністрацыю нагамі ды і званіць туды пачалі, сталі прасіць за той прытулак. Адміністрацыя ўсё зразумела, дамову больш скасоўваць не хочуць, папрасілі больш не званіць.
Аляксандр, Гродзенская вобласць
Мяне зімой зноўку закрылі на суткі. Перад выбарамі, вядома, паўсюль прыходзяць да актывістаў. Але гэтым разам бралі прыстойна, толькі два чалавекі, і ў машыне ехаў седзячы. Адразу бачна — нашыя мянты, не залётныя.
На сутках зараз, бывае, адпраўляюць на працу. Смецце сартаваць ці яшчэ што. Дык раней хаця б сваякі маглі на працу прыехаць, паесці прывезці, вопратку рабочую. Цяпер такое забаранілі. Але тыя працаўнікі, што там былі, з намі сваімі абедамі дзяліліся, а бывала, што і нешта з хаты для нас прыносілі, хоць і самі зарабляюць капейкі. Вось так.
Максім, Магілёў
Да таго затрымання ў 2022 годзе я дапамагаў аднаму хлопчыку з цяжкім захворваннем сабраць грошы на лекі і рэабілітацыю. Дзяцей з такім дыягназам вельмі мала ў Беларусі, і пасля 2020 года так выйшла, што ўвага да такіх дзяцей згасла. Не тое, што пра іх усе забыліся, але, напэўна, ім стала менш дапамогі паступаць, таму што ў краіне з'явіліся і палітвязні, і пацярпелыя.
Я вельмі быў уключаны ў яго гісторыю, хоць гэта было цяжка, таму што там праўда няпроста гэтаму малому, ён цяжка хворы. Калі я выйшаў, аказалася, што патрэбная сума сабраная, дзіця з бацькамі атрымала рэабілітацыю ў іншай краіне і цяпер яго стан нават стабілізаваўся. Ён мне нават малюнак намаляваў у падзяку за ўдзел у яго зборах. Пакуль толькі — па зразумелых прычынах — не можам сустрэцца.
Ірына, Брэсцкая вобласць
Я выйшла з калоніі ў 2023 годзе. Нядаўна званіў муж адной палітычнай, якая яшчэ сядзіць. Быў на спатканні. Жонка прасіла расшукаць мяне — перажываюць яны ў калоніі за мяне, як я там на волі… Распавяла я яму пра профулік, міліцыю. Ім гэта карысна будзе ведаць, на будучыню.
У гэтай жанчыны некалькі рапартаў за апошні час, ШІЗА. Хварэе, а за мяне перажывае, як я на волі.
Кацярына, Мінск
У мяне было сумоўе ў анлайн-гіпермаркеце, дзяўчына-менеджарка гаварыла па-беларуску. Не падбіраючы словы, вельмі так чыста, добра. Прыемна было пачуць беларускую мову ў Беларусі. Здаецца, цяпер яна часцей гучыць за мяжой, а ў Беларусі гаварыць на ёй — практычна пікет.
Дзмітрый, Магілёўская вобласць
Уладальнікі адной з мясцовых кавярняў арганізавалі ў сябе выставу тутэйшых мастакоў. Вось ужо трэцяя экспазіцыя нядаўна адкрылася. Быў на адкрыцці — клас! Народу шмат, жывая музыка, размовы, людзі танчаць. І гэта без грама алкаголю на сталах. А кажуць, у Беларусі ўсё заглухла.
Для нашага мястэчка, між іншым, вялікая падзея. Можна бясплатна прыйсці, паглядзець карціны і кавы выпіць. Гаспадыня кавярні ўжо ў мясцовым жывапісе разбіраецца, можа расказаць усё пра карціны. На адной карціне накшталт як жаданне загадваюць. Пытаюся — а як, яе ж не патрэш. А яна адказвае — а вы з ёй пагаварыце.
Валерый, Брэсцкая вобласць
Усё звычаёва і натуральна — мужныя добрыя людзі чыняць належнае. Калі я быў у зняволенні, адзін мой сябар цягам усяго тэрміну клапаціўся пра маю жонку, раз на тыдзень званіў ёй, а ў СІЗА спраўна насіў мне бел-чырвона-белую пасцілу. Апошнія разы была ўжо бела-вішнёва-белая, бо вырабнік змяніў рэцэпт.
Яшчэ два чалавекі, з якімі зрэдку толькі камунікавалі, на хімію мне сабралі дзве вялікія торбы: швэдры, кашулі, боты, працоўную вопратку, некалькі параў рукавіцаў. Людзі з розных колаў літаральна ўвесь час дапамагалі: грашыма, садавіной-гароднінай ды іншым.
Сродкі, сабраныя падчас марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно», цалкам размеркаваныя
«Я вырашыла застацца тут назаўсёды». Чаму беларуска не збіраецца вяртацца з Польшчы на радзіму
Як у Беларусі караюць за дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій і якая логіка? Паспрабавалі разабрацца
«Мы можам змагацца, можам выйсці і крыкнуць: «Будзьце вы праклятыя!» А беларусы — не»
Каментары
Что бойкотируем:
Производители торговой марки «Петруха»
ОАО «Смолевичи Бройлер»
СЗАО «Серволюкс Агро»
Как бойкотируем:
Отказаться от их продуктов. Увидели в магазине курятину «Петруха» – не покупайте!