«Давялося ў Беларусь ехаць аўтобусам». У Польшчы ашуканцы крадуць нумарныя знакі з беларускіх аўто
Беларусы, якія жывуць у Польшчы, усё часцей робяцца ахвярамі аўтамабільных махляроў: з машын знікаюць беларускія нумарныя знакі, а потым іх мацуюць на аўтамабілі, на якіх здзяйсняюць злачынствы. Most сабраў гісторыі беларусаў і даведаўся, як рэкамендуюць дзейнічаць у падобнай сітуацыі.
На майскія выхадныя Максім (імя зменена ў мэтах бяспекі) выявіў, што з аўтамабіля ягонай маці знялі два нумарныя знакі. Малады чалавек расказаў Most, што інцыдэнт адбыўся ў варшаўскім раёне Прага-Поўдзень. Запіскі з прапановай выкупіць нумары злачынцы не пакінулі.
Машына была прыпаркаваная на вуліцы, паблізу не было камер вонкавага назірання. Мама Максіма звярнулася ў паліцыю. Там прынялі заяву, выдалі адпаведную даведку і рэкамендавалі з ёй звярнуцца ў беларускае консульства.
«Мяркуючы з таго, што пішуць у чатах, у консульстве ніяк не дапамагаюць», — скептычна настроены малады чалавек, але ўсё ж такі мае намер туды звярнуцца.
Звычайна беларусам, якія трапляюць у такія сітуацыі, даводзіцца з даведкай з паліцыі вяртацца ў Беларусь, каб замяніць нумары.
«Сказалі рыхтавацца да допыту, як у нас так атрымалася»
У эмігранцкіх чатах і суполках Most атрымалася знайсці нямала падобных гісторый.
Удзельнік абмеркавання пад нікам Misha трапіў у непрыемную сітуацыю «пасярод дня». У маладога чалавека не толькі скралі нумары, але і папсавалі яму аўтамабіль.
«Парэзалі чатыры колы, падрапалі бок і скралі нумары», — напісаў беларус.
Ён падазрае, што прычынай інцыдэнту магла стаць БЧБ-налепка на аўто.
Крысціна таксама апынулася ў падобнай сітуацыі. Яна звярнулася ў консульства, але праблему давялося вырашаць самастойна.
«У консульстве проста адказалі, што гэта не ў іх кампетэнцыі. Прыйшлося ў Беларусь ехаць аўтобусам і там ужо атрымліваць новыя нумары», — напісала ў чаце беларуска.
Не дапамаглі ў консульстве і карыстальніцы пад нікам Ola.
«Нам адказалі, што нічым дапамагчы не могуць. Сказалі гнаць машыну з даведкай з паліцыі ў Беларусь па тым памежным пераходзе, па якім выязджалі, і рыхтавацца да допыту, як у нас так атрымалася», — падзялілася яна.
Навошта польскім ашуканцам беларускія нумары
Часцяком ашуканцы крадуць нумарныя знакі для таго, каб потым паставіць іх на свой аўтамабіль і здзейсніць на ім крадзеж. Напрыклад, заправіцца на АЗС палівам, не аплаціць яго і схавацца. У такім выпадку паліцыі складана знайсці злодзея.
Акрамя таго, у тэлеграм-чаце беларусаў у Польшчы некаторыя ўдзельнікі папярэджваюць: паставіўшы скрадзеныя нумары на свае аўто, ашуканцы могуць пакідаць машыны на платных паркоўках. У такім выпадку ўладальнікам прыйдзецца плаціць вялікія сумы за стаянку.
У некаторых выпадках ашуканцы дзейнічаюць больш вытанчана. Ананімны ўдзельнік тэлеграм-чата «Беларусы Варшавы» сутыкнуўся з шантажом.
«Скралі беларускія нумары ў Варшаве, вымагаюць грошы. Напісалі заяву ў паліцыю — сказалі ісці ў амбасаду далей разбірацца».
Каментары