«Усіх я ў рот **аў, і мараль вашу таксама». Расіяне расказалі, навошта пісалі даносы ў беларускі КДБ
У базе зваротаў у КДБ мы знайшлі нямала даносаў ад «неабыякавых» расіян з розных куткоў краіны-суседкі. Дазваніліся некалькім з ім, каб спытаць, навошта яны ўмешваліся ў справы Беларусі.
«У асабістым паведамленні З. тлумачыў, што «за мір»»
Ганна Чэмісава, хоць і пражывала на той момант у Маскве, патлумачыла свой зварот у КДБ у 2023 годзе проста: «Я адвучылася і хачу ў Беларусі жыць далей».
У сваім лісце да органаў бяспекі дзяўчына папрасіла разабрацца з жыхаром Магілёўшчыны, таму што ён, цытата: «У асабістым паведамленні тлумачыў, што «за мір», тым самым не падтрымлівае дэнацыфікацыі нацыстаў і нацысцкай ідэалогіі на тэрыторыі Украіны і не падтрымлівае незалежнасці Луганскай народнай рэспублікі і Данецкай народнай рэспублікі. Прашу зрабіць захады і правесці прафілактычную працу з ім і яго сям'ёй. Таксама ў гэтага маладога чалавека ў сацыяльнай сетцы instagram у публічнай гісторыі відэа з падтрымкай на сёння забітага нацыста і ворага руска-беларускага народа».
Дзяўчына мяркуе, што паступіла слушна.
«Беларусь зараз у палітычнай бяспецы, ёй нічога не пагражае, таму што яна пад крыльцам нашага прэзідэнта. Але пры гэтым у акопах сядзяць мае стрыечныя браты, паміраюць. Усе на спецыяльнай ваеннай аперацыі. А нехта, як гэты, адкасілі ад войска і маюць права ўзвышацца над імі? І ўзвышаць пры гэтым нацыстаў?»
Ганну не клапоціць, што цяпер яна ў спісе даносчыкаў, даступным анлайн. Хаця і расстроеная фактам, што базу КДБ, аказваецца, можна ўзламаць.
«Я ўсё зрабіла правільна, мне ні за што не сорамна. А тых, хто ўсхваляе нацыстаў, спадзяюся, яшчэ жыццё правучыць».
«Усіх я ў рот **аў, і мараль таксама вашу»
Размова з маскоўскім кіроўцам таксі Сяргеем Віннікавым атрымалася вельмі кароткай. Хаця яго данос быў досыць разгорнуты. У сваім звароце да КДБ мужчына падрабязна апісаў адзін са сваіх выклікаў: 16 сакавіка мінулага года ён прыняў заказ у жанчыны год 50-ці і павёз яе ў аэрапорт Шарамеццева.
«Паміж намі завязаўся дыялог. Высветлілася, што жанчына з'яўляецца грамадзянкай Рэспублікі Беларусь. Падчас гутаркі высветлілася, што яна з'яўляецца прыхільніцай радыкальных поглядаў у дачыненні да ўлады Рэспублікі Беларусь, выказвала нацыяналістычныя погляды, тое, што ненавідзіць Расію і рускіх, улады Беларусі, падтрымлівае звяржэнне ўлады ў Рэспубліцы Беларусь»,
— Сяргей Віннікаў таксама пакінуў свае дадзеныя з абяцаннем распавесці пра сваю кліентку больш дэталёва, і далучыў рэквізіты заказа — у тым ліку мабільны нумар жанчыны.
На інфармацыю, што цяпер ён фігуруе сярод даносчыкаў, Сяргей адрэагаваў лаканічна: «Мне по**й».
«Усіх я ў рот **аў, і мараль вашу таксама. Гэтая п**да кончаная, жывёліна. Я яе давёз толькі таму, што не мог выкінуць пасярод дарогі», — дадаў таксіст і кінуў слухаўку.
«Не дайце з Беларусі зрабіць фашысцкую хахляндыю!»
Сяргей Сапрыкін з Навасібірска ў кастрычніку 2020 года выказваў спачуванне беларускім сілавікам у іх нялёгкім супрацьстаянні «рэвалюцыянерам, якія хочуць знішчыць краіну». І каб дапамагчы ім, даслаў дадзеныя аднаго з мужчын у Аднакласніках, які, па яго словах, заклікаў вешаць сілавікоў і іх дзяцей.
«Не дайце з Беларусі зрабіць фашысцкую хахляндыю! Гонар маю. Прапаршчык запасу спецназу ВВ МУС РФ Сапрыкін С. М.», — скончыў ён свой зварот у КДБ.
Як высветлілася, за чатыры гады Сяргей прасунуўся ў сваім жаданні змагацца з украінцамі яшчэ далей. Па словах мужчыны, ён цяпер сам на фронце.
Свае турботы за лёс Беларусі Сапрыкін аргументаваў наступным чынам:
«Русь — гэта мая радзіма. І ў тым ліку Белая Русь. Я не дазволю, каб на маёй Белай Русі распаўсюдзілася карычневая чума. Беларусы — мой брацкі народ. Мы адной крыві. І зараз я незадаволены толькі тым, што Бацьку перадалі мала ядзернай зброі. Я бы хацеў пабольш. І каб дзве ракеты ў Польшчу паляцелі — і там вырас вялікі ядзерны грыб, наўпрост у цэнтры Варшавы. Дзве ракеты хай бы паляцелі ў Рыгу. Працягваць? Такое маё слова афіцэра!»
Каментары