Гісторыя4141

Як Народныя франты перамаглі ў Балтыі і як у Беларусі выспяваюць умовы для таго ж

23 жніўня 1989 года балтыйскія рэспублікі злучыў 670-кіламетровы жывы ланцуг, арганізаваны Народнымі франтамі за перабудову. Ён паказаў, што савецкімі гэтыя рэспублікі застаюцца толькі на паперы, а народ там ужо не савецкі і не хоча жыць пры гэтай сістэме. У Беларусі цяпер адбываюцца працэсы ў нечым падобныя да таго, што было ў Балтыі часоў савецкай акупацыі, якія падрыхтавалі і зрабілі магчымым уздым канца 90-х. Балтыйскія народы ў 1987—1991 свайго шанцу на незалежнасць не змарнавалі. Вось як развіваліся падзеі і вось што варта ведаць.

23 жніўня 1989 года балтыйскія рэспублікі злучыў велізарны 670-кіламетровы жывы ланцуг. Фота: Wikimedia Commons

Упершыню ў гісторыі «Народны фронт» узнік у Францыі ў 1934 годзе. Ягоная ідэя была прапанаваная камуністам Марысам Тарэзам як блок камуністаў, сацыялістаў і левых сілаў, каб не дапусціць да ўлады фашыстаў. 

Ідэя абмяркоўвалася ў кіраўніцтве Камінтэрна, у выніку Савецкі Саюз стварэнне «Народнага фронта» падтрымаў. Аналагічны «Народны фронт» быў створаны ў Іспаніі, дзе ішла грамадзянская вайна. 

Міхаіл Гарбачоў запусціў працэс перабудовы, у падтрымку якой пачалі ўзнікаць Народныя франты па ўсім Саюзе. Фота: Wikimedia Commons

У 1985 годзе генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў заявіў пра «перабудову» сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, была ўведзена палітыка «галоснасці». Пачалі выдавацца раней забароненыя творы, з’явіліся фільмы новай стылістыкі, з турмаў і псіхіятрычных бальніц пачалі вызваляць дысідэнтаў. Гэта стала сігналам для зараджэння народных рухаў і аб’яднанняў.

Савецкія рэакцыянеры імкнуліся працэсы дэмакратызацыі тармазіць і сарваць. У атачэнні Міхаіла Гарбачова яны гуртаваліся вакол сакратара ЦК партыі Ягора Лігачова.

У той жа час прыхільнікі перамен атрымалі магчымасць аб'яднацца. Умовы для ўзнікнення «Народных франтоў» стварылі рэфарматары ў кіраўніцтве КПСС — у прыватнасці, сакратар ЦК партыі, былы франтавік Аляксандр Якаўлеў. Менавіта ён даў сігнал, каб Народным рухам у падтрымку «перабудовы» — спачатку ў буйных гарадах Расіі, пасля ў прыбалтыйскіх рэспубліках — не перашкаджалі ўтварацца.

Першымі аб народным руху ў падтрымку «перабудовы» і дэмакратызацыі загаварылі ў Ленінградзе, потым — у Маскве, а за імі і ў балтыйскіх рэспубліках. Але менавіта там гэтыя рухі сталі сапраўды ўсенароднымі, аб'ядналі самыя шырокія слаі насельніцтва. І вельмі хутка прыйшлі да ўлады. Гэтая масавасць была абумоўленая гісторыяй грамадстваў, працай і ахвярнасцю пакаленняў. Той працай і ахвярнасцю, якія дэманструюць таксама і беларусы. Але масавасць была выкліканая і мудрай тактыкай лідараў новых рухаў, якія спалучылі гнуткасць і паступовасць з прынцыповасцю і адданасцю.

Эстонія

Першым у 1988 годзе аформіўся Народны фронт Эстоніі. Як і ў 1917-м, перад развалам СССР эстонцы праявілі сябе як самы згуртаваны народ, з моцным інстынктам самаарганізацыі і адзінства. Эстонскі Народны фронт стаў аўтарытэтнай і моцнай палітычнай сілай.

Мітынг на Спеўным полі Таліна летам 1988 года. Фота: ed-glezin

Народны фронт у падтрымку перабудовы пачынаўся як праект асцярожны, нерадыкальны. Ягоныя лідары заяўлялі пра намер падтрымаць рэформы «знізу», пазбягаючы гаварыць пра выхад з СССР, у адрозненне ад нацыяналістычна настроеных груп, якія адкрыта выказвалі жаданне выйсці з Савецкага Саюза.

Пачатак паклалі падзеі 1987 года, калі ў Эстоніі прайшлі пратэсты супраць запланаванай здабычы фасфарытаў. Справа была не толькі ў экалогіі, але і ў тым, што здабыча фасфарытаў пацягнула б увоз працоўнай сілы з іншых савецкіх рэспублік і этнічныя эстонцы ва ўласнай краіне маглі аказацца ў меншасці.

Мітынг на Спеўным полі Таліна летам 1988 года. Фота: ed-glezin

Дзейнасць нефармальных аб’яднанняў забурліла летам 1988 года, тады адбыліся значныя па колькасці ўдзельнікаў мітынгі і дэманстрацыі. У верасні Спеўным полі Таліна дзясяткі, калі не сотні тысяч чалавек спявалі песні хорам. Гэта падзея атрымала назву «Спеўнай рэвалюцыі».

У гэты час у паўтарамільённай Эстоніі Народны фронт налічваў каля 60 тысяч сяброў. Яго ўмеранасць, надпартыйнасць і наднацыянальнасць прыцягвала шырокія колы людзей, у тым ліку далёкіх ад палітыкі.

Тым часам у СССР нарасталі эканамічныя праблемы, палітычны крызіс, а Гарбачоў вагаўся і заняў невыразную пазіцыю. Між тым масавая народная падтрымка дала Народным франтам краін Балтыі апору, каб яны маглі пайсці далей у сваіх патрабаваннях. Яны сталі выступаць за падпісанне новага саюзнага дагавора, паводле якога рэспублікі б атрымалі рэальны суверэнітэт.

1989 год адзначыўся ўжо таварным дэфіцытам і прадуктовымі карткамі, што аслабіла пазіцыі камуністаў. 

Мітынг у падтрымку суверэнітэту Эстоніі. Фота: ed-glezin

У савецкай Балтыі адным з фактараў, які прыскорыў выхад трох краін са складу СССР, стала гісторыя іх уваходжання ў ягоны склад у 1940 годзе. Да 50-годдзя гэтай падзеі мясцовыя дэпутаты паднялі пытанне пра існаванне сакрэтнага пратакола да пакта Молавата-Рыбентропа, паводле якога размяркоўваліся сферы ўплыву паміж нацысцкай Германія і Савецкім Саюзам. Ва ўмовах палітыкі «перабудовы» і «галоснасці» была створана камісія, па выніках працы якой у 1989 годзе была прызнаная сапраўднасць пратакола, тэкст якога быў упершыню апублікаваны. 

Пры гэтым савецкае кіраўніцтва чыніла гэтаму перашкоды, а Гарбачоў увогуле заяўляў, што Латвія, Літва і Эстонія далучыліся да СССР добраахвотна паводле волі іхніх народаў.

Пасля рэакцыі Масквы на 600-кіламетровы «Балтыйскі ланцуг», праведзены 23 жніўня 1989 года, НФЭ заклікаў людзей не праводзіць ніякіх акцый, каб не справакаваць канфлікт з цэнтральнымі ўладамі.

Паўсвабодныя выбары народных дэпутатаў у 1989 годзе скалынулі прыбалтыйскія рэспублікі нечаканым поспехам нядаўна ўтвораных рухаў.

Але яшчэ да абнаўлення дэпутатаў саюзнага і рэспубліканскага рангаў эстонскія дэпутаты-камуністы прынялі закон аб дзяржаўным статусе эстонскай мовы. Абвяшчэнне эстонскай мовы дзяржаўнай пахіснула пазіцыі тых прысланых з Масквы чыноўнікаў, якія не валодалі мовай «тытульнай» нацыі.

Юла Нугіс, спікер Вярхоўнага Савета Эстоніі, Эдгар Савісаар, старшыня Савета міністраў, і Мар'ю Лаўрысцін, намесніца спікера, пасля таго, як Народны фронт атрымаў перамогу на першых шматпартыйных усеагульных выбарах у 1990 годзе. Фота: estonianworld.com

На першых свабодных выбарах, якія адбыліся ўжо ў сакавіку наступнага 1990 года, прадстаўнікі Народнага фронта Эстоніі атрымалі 43 з 105 месцаў у Вярхоўным савеце Эстонскай ССР. Гэта яшчэ не была большасць, але адчувальная перамога над апанентам.

НФЭ супрацьстаяў Аб'яднаны савет працоўных калектываў, або Інтэрфронт, які аб'яднаў мігрантаў з Расіі. Камуністычная ж партыя раскалолася. Эстонцы ў партыі падтрымлівалі рух за незалежнасць і сталі сітуатыўнымі саюзнікам Народнага фронта. А расейцы-камуністы сталі ядром Інтэрфронта, які абапіраўся на прадпрыемствы ВПК, укамплектаваныя пераважна кадрамі з ліку перасяленцаў з іншых рэспублік былога СССР.

Народны фронт Эстоніі першым адрокся ад ідэі абноўленага Саюза і перайшоў да патрабаванняў поўнай нацыянальнай незалежнасці. Але пры гэтым ён пачаў страчваць пазіцыі на карысць больш радыкальных аб’яднанняў, якія патрабавалі неадкладнага выхаду з СССР, а НФЭ называлі здраднікамі нацыянальных інтарэсаў і марыянеткамі камуністаў.

30 сакавіка 1990 года Вярхоўны Савет Эстоніі запатрабаваў незалежнасці. Апазіцыйны «Інтэррух» спрабаваў захапіць будынак Вярхоўнага Савета, але безвынікова. 

У першай палове студзеня 1991 года разгарнуліся драматычныя падзеі ў Вільні і Рызе, якія скончыліся кровапраліццем. Камандаванне Прыбалтыйскай асобай ваеннай акругі планавала таксама ўвесці войскі і ў Талін. НФЭ заклікаў грамадзян рэспублікі падняцца на абарону важных аб'ектаў і выйсці на вуліцы. Але прамога сутыкнення ўдалося пазбегнуць. 

Лідар Народнага фронта Эстоніі Эдгар Савісаар. Фота: Wikimedia Commons

НФЭ здолеў сфарміраваць урад, на чале якога стаў ягоны лідар — Эдгар Савісаар. У адрозненне ад радыкальнай Партыі нацыянальнай незалежнасці Эстоніі, Народны фронт планаваў даць эстонскае грамадзянства ўсім, незалежна ад паходжання. 

У час путчу ГКЧП Савісаар заклікаў людзей не падпарадкоўвацца рашэнням незаконнай улады. 20 жніўня Вярхоўны Савет абвясціў дзяржаўны суверэнітэт Эстоніі, але кіраўніцтва рэспублікі спешна рыхтавала ўрад у выгнанні. На шчасце для Эстоніі, путч праваліўся, а ўжо ў верасні незалежнасць балтыйскай рэспублікі была прызнаная СССР.

Такім чынам народны фронт у падтрымку савецкай «перабудовы», расчараваўшыся ў самой гэтай ідэі, хутка стаў сілай, якая дамаглася незалежнасці Эстоніі. Яго члены занялі кіроўныя пасады, але ненадоўга. У пачатку 1992 года Савісаар быў вымушаны пайсці ў адстаўку праз цяжкі стан у эканоміцы. У наступным годзе спыніў сваё існаванне і Народны фронт Эстоніі, большасць актыўных членаў якога перайшла ў Партыю цэнтра. 

13 лістапада 1993 г. НФЭ спыніў сваё існаванне, а на яго «аскепках» былі створаны розныя партыі, адна з якіх (Партыя цэнтра) пад кіраўніцтвам былога лідэра НФЭ Савісаара захавала ў сваім складзе найбольшую колькасць былых актыўных удзельнікаў НФЭ.

Але яна існуе і сёння, мае фракцыю ў Рыйгікогу, хоць найбольшы ўплыў у краіне маюць цяпер партыі, што выраслі з больш радыкальных асяродкаў.

Літва

Адпаведнікам «фронта» ў Літве стаў рух — «Саюдзіс».

Візіт сакратара ЦК КПСС Аляксандра Якаўлева ў балтыйскія рэспублікі пераканаў савецкае кіраўніцтва, што ўсе «прыбалты за перабудову, за Саюз».

Аргкамітэт «Саюдзіса» быў створаны ў чэрвені 1988 года. У яго ўвайшлі 35 чалавек, з якіх 17 былі членамі Кампартыі.

11 жніўня ў Вільню прыляцеў сакратар ЦК КПСС Аляксандр Якаўлеў, адзін з галоўных «архітэктараў перабудовы». Тут ён сустрэўся з навукоўцамі, творчай інтэлігенцыяй і партыйным кіраўніцтвам рэспублікі. Як у сваіх мемуарах пісаў Гарбачоў, які ўласна і рэкамендаваў Якаўлеву паехаць у Балтыю, каб разведаць настроі грамадзян, той пасля візіту выказваўся за тое, што не варта выступаць з пазіцый асуджэння народных франтоў і што ўсе «прыбалты за перабудову, за Саюз».

Мітынг у гадавіну падпісання пакта Молатава — Рыбентропа, арганізаваны «Саюдзісам» у парку Закрут (Вінгіс). Фота: LCVA

Нягледзячы на тое, што тры балтыйскія народы былі на той момант вельмі кансалідаванымі, усе тры Народныя франты Балтыі не абмяжоўваліся нацыянальнымі пытаннямі. Яны дабіваліся вырашэння экалагічных праблем — ад распрацоўкі фасфарытаў у Эстоніі да будаўніцтва трэцяга энергаблока Ігналінскай АЭС, яны патрабавалі дэмакратычных пераўтварэнняў, але паступова, набраўшы сілу, перайшлі да і пытання незалежнасці.

Ужо 23 жніўня 1988 года, у гадавіну падпісання пакта Молатава — Рыбентропа, які быў балючым месцам для ўсіх балтыйскіх рэспублік, «Саюдзіс» арганізаваў вялікі мітынг у віленскім парку Закрут (Вінгіс).

У хуткім часе да «Саюдзіса» далучылася 180 тысяч чалавек. Афіцыйна яго зарэгістравалі ў сакавіку 1989 года. Першапачаткова літоўскі «народны фронт» выступаў за культурнае адраджэнне, дэмакратызацыю і падтрымліваў сувязі з прагрэсіўнай часткай кампартыі.

«За нашу і вашу свабоду!» На мітынгах «Саюдзіса» ўпершыню пасля вайны з'явіліся нацыянальныя сцягі Літвы. Фота: LRT

«Саюдзіс» выдаваў бюлетэні і легальную газету, якая таксама пачала выходзіць і па-руску. У сімволіцы «Саюдзіса» былі відавочныя гістарычныя элементы, такія, як гербы «Пагоня» і «Калюмны», і колеры раней забароненага нацыянальнага сцяга. 

Літоўскія камуністы адчувалі настроі народу і спрабавалі прыстасавацца да новай рэальнасці. У кастрычніку 1988 года на пленуме Цэнтральнага камітэта Кампартыі Літвы першым сакратаром выбралі Альгірдаса Бразаўскаса — які раней адказваў за будаўніцтва і эканомііку. Бразаўскас імкнуўся да канструктыўных кантактаў з лідарамі «народнага» і «інтэрнацыянальнага» франтоў.

Вітаўтас Ландсбергіс на мітынгу «Саюдзіса». Фота: LRT

Кіраўніком «Саюдзіса» стаў музыказнавец Вітаўтас Ландсбергіс. Ужо ў лютым 1989 года кіраўніцтва «Саюдзіса» заявіла сваёй галоўнай мэтай аднаўленне незалежнасці Літвы. «Саюдзіс» стаў задаваць парадак дня, кіроўная Кампартыя вымушаная была рэагаваць. 

«Саюдзіс» пачаў схіляць дэпутатаў Вярхоўнага Савета ЛітССР да змянення артыкулаў канстытуцыі, якія былі антыдэмакратычнымі і перашкаджалі ініцыятыве рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. 

Кіраўнік «Саюдзіса» Вітаўтас Ландсбергіс і першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Літвы Альгірдаса Бразаўскаса (справа). Сілы з розных канцоў палітычнага спектра знайшлі ў сабе сілы шукаць выйсце праз кампрамісы. Фота: Wikimedia Commons 

У сакавіку 1989 года ад Літвы былі выбраныя 42 народныя дэпутаты СССР, з якіх 36 былі кандыдатамі ад «Саюдзіса». Камуністычная партыя, якой дасталася толькі 6 месцаў, была шакаваныя разгромным паражэннем і пачала страчваць прыхільнікаў. Каб вярнуць народную падтрымку, Альгірдас Бразаўскас падтрымаў заклікі да суверэнітэту і перайшоў да супрацоўніцтва з «Саюдзісам». Яшчэ кантраляваны камуністамі склад Вярхоўнага Савета ЛітССР у снежні 1989 года змяніў канстытуцыю, выключыўшы з яе палажэнне аб кіроўнай ролі Камуністычнай партыі. 

Прызнанне СССР існавання сакрэтных пратаколаў да пакта Молатава-Рыбентропа дазволіла адкрыта выказвацца пра акупацыю Літвы і нелегітымнасць Савецкага Саюз. Фота: LRT

У выніку ў Літве былі знятыя прававыя перашкоды для развіцця шматпартыйнасці, што дазволіла іншым партыям узяць удзел у будучых парламенцкіх выбарах. У той жа момант у СССР прызнаў існаванне сакрэтных пратаколаў да пакта Молатава-Рыбентропа, што дазволіла Ландсбергісу адкрыта выказвацца пра акупацыю Літвы і нелегітымнасць далучэння краіны да Савецкага Саюза. 

На першых свабодных выбарах у Вярхоўны Савет Літвы, якія адбыліся ў сакавіку 1990 года, кандыдаты, якіх падтрымаў «Саюдзіс», атрымалі 91 з 135 месцаў. Вярхоўны Савет, ужо на чале з Вітаўтасам Ландсбергісам, прыняў Акт аб аднаўленні Літоўскай дзяржавы, абвясціўшы такім чынам незалежнасць ад Савецкага Саюза. 

Літва стала першай з саюзных рэспублік, якая абвясціла незалежнасць. На тэрыторыі рэспублікі было прыпынена дзеянне Канстытуцыі СССР і адноўлена дзеянне Канстытуцыі Літвы 1938 года. 

Савецкія танкі на вуліцах Вільні. 

Каб прымусіць Літву адмовіцца ад выхаду з СССР, 23 сакавіка ў Вільню былі ўведзены савецкія танкі і войскі спецыяльнага прызначэння. Міхаіл Гарбачоў выставіў Літве ўльтыматум з патрабаваннем адмены ўсіх тых законаў, якія пайшлі ў разрэз з агульнасаюзнымі. Інструментам ціску стала энергетычная блакада: у рэспубліку перасталі завозіць нафтапрадукты і абмежавалі пастаўку газу. Некаторыя прадпрыемствы засталіся без сыравіны. Амаль 14 тысяч чалавек страцілі працу. 

У пачатку 1991 года значна выраслі цэны на прадукты і пачаўся дэфіцыт тавараў. Прасавецкія арганізацыі паспрабавалі скарыстацца гэтым супраць літоўскага ўрада. Ландсбергіс заклікаў прыхільнікаў незалежнасці не дапусціць захопу парламента, урадавых будынкаў і важных аб’ектаў інфраструктуры. 11 студзеня з Масквы вылецеў спецназа «Альфа», савецкія вайскоўцы пачалі займаць стратэгічна важныя аб’екты ў сталіцы.

Будынак парламента рыхтаваўся да абароны ад савецкіх вайскоўцаў. Фота: Wikimedia Commons

Ісці на штурм будынка парламента, акружанага шматтысячным натоўпам, не рашыліся. А штурм тэлевежы, які скончыўся гібеллю 15 яе абаронцаў, замацаваў літоўскі выбар выйсці з Саюза. 

Тым не менш, эканамічны крызіс падарваў пазіцыі і «Саюдзіса», як і Народных франтоў Латвіі і Эстоніі. Сам рух перажываў трансфармацыю з шырокага масавага руху за незалежнасць у нацыянал-кансерватыўную партыю. На першых выбарах у Сойм, якія прайшлі ў 1992 годзе, «Саюдзіс» прайграў Дэмакратычнай партыі працы Літвы, якая ўзнікла ў выніку рэарганізацыі літоўскай кампартыі і з яе былым кіраўніком, Альгірдасам Бразаўскасам, на чале. 

У 1993 годзе на базе правага крыла «Саюдзіс» была створана правакансерватыўная партыя «Саюз Айчыны». Яна застаецца адной з галоўных палітычных сілаў у Літве, якой кіруе Габрыэлюс Ландсбергіс, унук Вітаўтаса Ландсбергіса. 

Латвія

«Мы, рускія, падтрымліваем патрабаванні латышскага народа». Народныя франты імкнуліся заваяваць падтрымку як мага большай часткі насельніцтва. Фота: LNVM

Ідэя стварэння Народнага фронта Латвіі была агучаная на Пленуме творчых саюзаў, які праходзіў у Рызе 1 і 2 чэрвеня 1988 года.

Заклікі стварыць «народны фронт» дзеля «забеспячэння незваротнасці працэсаў перабудовы і дэмакратызацыі» і «ажыццяўлення абвешчаных Канстытуцыяй СССР правоў і свабод» з’явіліся ў друку. На ажыццяўленне дзейнасці Народнага фронта латышы адразу ж сабралі вялікую суму грошай.

8 жніўня 1988 года ў Рыгу па прапанове Гарбачова прыбыў сакратар ЦК КПСС Аляксандр Якаўлеў, адзін з архітэктараў перабудовы. Тут ён сустрэўся з партыйным кіраўніцтвам, працаўнікамі прадпрыемстваў і кіраўнікамі рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. Пасля чаго паляцеў у Вільню. Па выніках сваёй паездкі ў Рыгу, Якаўлеў падтрымаў дзейнасць НФЛ.

Народны фронт у падтрымку перабудовы на тэрыторыі Латвійскай ССР быў афіцыйна заснаваны 8 кастрычніка. У сваіх рэзалюцыях фронт з аднаго боку падтрымліваў курс кампартыі на абнаўленне, з другога патрабаваў спыніць неабмежаваную міграцыю, якая пагражала ўжо самому існаванню латышскага народа. Кіраўніцтва латвійскай Кампартыі, у адрозненне ад сваіх літоўскіх калег, прыняла пастанову аб забароне на ўдзел членаў партыі ў «народным фронце».

Дайніс Іванс на мітынгу ў Межапарку 7 кастрычніка 1988 года з нагоды адкрыцця з'езда Народнага фронта Латвіі. Фота: LNVM.

Першым старшынёй Народнага фронта Латвіі стаў журналіст Дайніс Іванс, які набыў вядомасць дзякуючы таму, што выступаў супраць будаўніцтва Дзвінскай (Даўгаўпілскай) ГЭС. Экалагічная тэма была важным складнікам у многіх рухах за «перабудову».

Народны фронт Латвіі падтрымаў новаабраны старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Латвійскай ССР Анатоль Гарбуноў — ідэальна кампрамісная фігура. Ён быў родам з Латгаліі і меў як латышскія, так і рускія карані.

У перыяд найвышэйшай актыўнасці ў Народным фронце Латвіі бралі ўдзел да 230 тысяч чалавек. Але гэта была «мабілізацыя ад адчаю» — з трох балтыйскіх рэспублік Латвія была найслабейшым звяном. Тут са студзеня 1989 года Народнаму фронта супрацьстаяў Інтэрнацыянальны фронт. Інтэрфронт таксама праводзіў агітацыю і мітынгі, выступаў супраць прэферэнцый для латышскай мовы, за захаванне кіроўнай ролі кампартыі і за захаванне Латвіі ў складзе СССР. Моц Інтэрфронту лёгка тлумачыцца тагачаснай дэмаграфічнай сітуацыяй: станам на 1989 год колькасць латышоў апусцілася да гістарычнага мінімуму — усяго 52,05%. А ў Рызе латышоў было ўвогуле толькі 36%. Яшчэ дзесяцігоддзе ў складзе СССР — і латышы апынуліся б меншасцю ва ўласнай краіне. 

Дайніс Іванс як дэпутат Вярхоўнага Савета Латвійскай ССР у 1990 годзе. Фота: stena.ee

На выбарах у Вярхоўны Савет Латвійскай ССР у 1990 годзе Народны фронт атрымаў 131 месца з 201. Ён перамагаў усюды, дзе латышы былі ў большасці і нават у некаторых расейскамоўных акругах. 

Людзі вітаюць дэпутатаў Вярхоўнага Савета Латвійскай ССР пасля прыняцця дэкларацыі аб аднаўленні незалежнасці Латвійскай рэспублікі 4 мая 1990 года. Фота: Інстытут Латвіі

4 мая 1990 года Вярхоўны Савет Латвійскай ССР прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні незалежнасці Латвіі і стварыў свой урад, які ўзначаліў кандыдат ад Народнага фронта Іварс Годманіс. У Латвіі стварылася двоеўладдзе, калі краінай фармальна кіраваў Народны фронт, а фактычна яна кантралявалася савецкімі сілавымі структурамі.

У студзені 1991 годзе рыжскі АМАП пачаў браць пад ахову стратэгічныя аб’екты ў горадзе. Занепакоеныя развіццём падзей дэпутаты далі лідару Народнага фронта Дайнісу Івансу паўнамоцтвы рэпрэзентаваць за мяжой інтарэсы Вярхоўнага Савета і ўрада Латвіі.

Самотныя «інтэррухаўцы» на мітынгу пасля прыняцця дэкларацыі аб аднаўленні незалежнасці Латвійскай рэспублікі 4 мая 1990 года. Фота: stena.ee

У адказ на студзеньскія падзеі 1991 года ў Літве НФЛ заклікаў народ Латвіі супрацьстаяць магчымай ваеннай агрэсіі войскаў СССР. На знак пратэсту супраць дзеянняў у Вільні савецкіх сілавікоў 13 студзеня ў Рызе сабраўся шматтысячны мітынг, пачалі будавацца барыкады вакол стратэгічных аб'ектаў горада. Савецкія сілавікі раззброілі мясцовую міліцыю, а 20 студзеня ўзялі штурмам будынак МУС. У выніку страляніны загінулі людзі. Пасля перамоваў АМАП адступіў на базу. 

Масквой супраць Латвіі, як і Літвы, былі прыменены і эканамічныя санкцыі, але ўсё гэта, у выніку, не змагло выправіць палажэння. 

Забарыкадаваныя савецкімі сілавікамі стратэгічныя аб'екты ў Рызе. Фота: stena.ee

Здабыўшы незалежнасць для краіны, Народны фронт Латвіі, як і ў Эстоніі, Літве, дый у Беларусі, страціў падтрымку насельніцтва праз эканамічныя складанасці, выкліканыя зменай сістэмы. Многія дзеячы НФЛ перайшлі ў новыя партыі. На выбарах у Сойм у чэрвені 1993 года Народны фронт атрымаў толькі 2,62% галасоў выбаршчыкаў, а на выбарах 1995 года — яшчэ менш. У 1996 годзе Народны фронт Латвіі рэарганізаваўся ў Хрысціянскую народную партыю, якая ўрэшце ўлілася ў Хрысціянска-дэмакратычны саюз. НФЛ нейкі час працягваў дзейнічаць як няўрадавая арганізацыя. Дайніс Іванс працягваў займацца палітыкай — але ў маргінальных партыях левага толку. Народны фронт быў распушчаны ў 1999 годзе. Аднак створаная ім дэмакратычная сістэма дзейнічала паспяхова, неўзабаве аднавіўся і эканамічны рост, сталі развівацца новыя інстытуты.

Беларусь і Балтыя

«Чарнобыльскі шлях» 1996 года. Зянон Пазняк накіроўвае дэманстрацыю. Фота: Георгій Ліхтаровіч, vytoki.net

Беларуская наменклатура ў канцы 1980-х была максімальна цвёрдакаменнай у савецкім духу. Мясцовае кіраўніцтва бачыла ў інспіраваных з Масквы «народных франтах» пагрозу для захавання сваёй сацыялістычнай ідыліі, і не збіралася ісці грамадскасці на саступкі. 

Аргкамітэт Беларускага народнага фронта за перабудову «Адраджэнне» быў створаны 19 кастрычніка 1988 года, прыкладна на паўгода пазней, чым у рэспубліках Балтыі, па прапанове Зянона Пазняка. Устаноўчы з’езд адбыўся ў Вільні 24—25 чэрвеня 1989 года — таксама пазней, чым у балтыйскіх краінах.

Нават устаноўчы з'езд Беларускага народнага фронта не далі правесці ў Беларусі, дэлегатам давялося ехаць у суседнюю Літву. У тым, што з'езд прайшоў у старажытнай Вільні, вядома, быў свой сімвалізм, але гэты факт паказваў, з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца прыхільнікам пераходу да дэмакратыі і незалежнасці.

Устаноўчы з'езд БНФ у Вільні, чэрвень 1989. Фота: vytoki.net

У краінах Балтыі нават камуністы знайшлі ў сабе сілы пераадолець непрыязнасць да нядаўніх дысідэнтаў і сталі шукаць кампрамісы са сваімі ідэйнымі ворагамі. А ў Беларусі і камуністы да апошняга не ішлі насустрач БНФ, і Фронт не здолеў прапанаваць наменклатуры прывабных прапаноў.

Зянон Пазняк на Устаноўчым з'ездзе БНФ у Вільні. Фота: vytoki.net

Як і ў Балтыі, Беларускі народны фронт рабіў акцэнт на тэмах, якія знаходзілі водгук у шырокіх слаях грамадства — аднаўленне праўды пра сталінскія рэпрэсіі, увасобленыя ў толькі што выяўленых Курапатах пад Мінскам, Чарнобыльская катастрофа, адказнасць за якую цалкам ляжала на савецкай сістэме, а таксама дыскрымінацыя беларускай мовы і культуры. Але БНФ, у адрозненне ад балтыйскіх франтоў, не здолеў прыйсці да ўлады: нацыянальная свядомасць беларусаў была слабейшая, а ў беларускай наменклатуры не знайшлося моцнага лідара, які б падтрымаў рух да незалежнасці.

Гісторыя Беларусі ў 1990-я пайшла інакш. Беларусы, аднак, многае асэнсавалі і многае напрацавалі за тры мінулыя дзесяцігоддзі. Калі геапалітыка і гісторыя дадуць нам наступны шанец, магчыма, наш наступны Народны фронт будзе вельмі падобны да балтыйскіх канца 80-х. 2020 год паказаў, як настроеныя беларусы і якая ў іх здольнасць да самаарганізацыі. І пад лёдам рэпрэсій працягвае цячы рака. Але трэба яшчэ, каб аслабла Масква.

Каментары41

  • Так
    23.08.2024
    Варта, каб беларусы ведалі гісторыю "фронтаў" у краінах Балтыі, а перад усім у сваёй.
  • Зух, Франт, Бабздыр і Моднік
    23.08.2024
    Перамагу любую, перакулю на спіну ў пярынку
  • І што, што ўмовы?
    23.08.2024
    Ня буду ўдавацца ў нацыянал-кукалдызм камэнтара вышэй (што беларусы, маўляў, нейкія «не такія»). Ня ў гэтым нават справа. Умовы могуць быць супэрідэальныя. У Паўночнай Карэі ўмовы ў шмат якіх сэнсах наогул яшчэ лепшыя: людзі на падпольна перапрададзеных флэшках глядзяць паўднёвакарэйскія дарамы, ведаюць пра тамтэйшы ўзровень жыцьця, ведаюць, што Рэспубліка Карэя дасюль лічыць поўная сваёй тэрыторыяй і, такім чынам, тэарэтычна могуць чакаць узьяднаньня са сваімі ж людзьмі са значна багацейшай краіны, з часткай сваёй жа айчыны. Але дынастыя Кімаў дасюль іх трымае пад жалезнай пятой і не дазваляе нават пікнуць на кухні. Зь Беларусьсю ў нейкім сэнсе гэтак жа – Беларусь трымае рашка. Так што што толку ад гэтых вашых умоваў?

Гродна стаіць на вушах пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім». Але на гэтым не скончылася31

Гродна стаіць на вушах пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім». Але на гэтым не скончылася

Усе навіны →
Усе навіны

Недахоп работнікаў у Беларусі выклікаў нечаканы пабочны эфект4

На выбарах у Балгарыі лідзіруе праеўрапейскі блок2

У Рэчыцы распачаўся чарговы суд над палітзняволенай Вікторыяй Кульшай. Ужо чацверты

Сумесныя беларуска-расійскія вучэнні пройдуць у верасні наступнага года

Сілавікі затрымалі акцёра «Беларусьфільма»3

Стала вядома, што з'явіцца на месцы «Казачнага замка» ў парку Горкага2

Сузаснавальніца Partyzankі: Мы дапамагалі і мыць рэчы, і знайсці працу, і шукалі кватэры2

У Расіі ствараюць радыкальныя атрады «АКВД». Што гэта такое?11

У Беларусі затрымалі 26 грамадзян Латвіі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гродна стаіць на вушах пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім». Але на гэтым не скончылася31

Гродна стаіць на вушах пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім». Але на гэтым не скончылася

Галоўнае
Усе навіны →