Зянон Пазняк. Фота: Наша Ніва

Зянон Пазняк. Фота: Наша Ніва

Чаму краіны Балтыі здолелі рыўком увайсці ў Еўрасаюз і НАТА, а Беларусь уліпла ў саюз з Расіяй? Чаму ва Украіне сфарміравалася хай уразлівая, але дэмакратыя, а Беларусь скацілася да дыктатуры? Калі здарыліся беларускія пункты невяртання і ў якіх момантах беларуская гісторыя магла пайсці інакш? Нарэшце, ці наважылася б Расія напасці на Украіну, калі б Беларусь была моцнай дзяржавай Цэнтральнай Еўропы, а не падкантрольнай Расіі тэрыторыяй?

Адносна некаторых з гэтых пытанняў існуе інтэлектуальны кансэнсус, наконт іншых мы можам толькі вылучаць гіпотэзы.

Пытанне, ці пайшла б гісторыя Беларусі інакш, калі б на чале Народнага Фронту і праеўрапейскіх, незалежніцкіх сілаў устаў нехта іншы, з іншымі поглядамі і псіхалагічным профілем, чым Пазняк, адносіцца да такіх пытанняў.

Краіны Балтыі здолелі ўвайсці ў Еўрасаюз і НАТА, таму што ў гэтых народаў была развітая нацыянальная свядомасць.

Беларусь стала прарасійскай дыктатурай, а Украіна не стала такой праз ролю асобы — у Беларусі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, які меў дыктатарскія схільнасці — і дыктатарскія здольнасці, і пры гэтым нізкую нацыянальную свядомасць, жаданне стаць кіраўніком Расіі ці адроджанага СССР, а ва Украіне такая асоба да ўлады не прыйшла. Але Лукашэнка быў таксама абумоўлены нізкай нацыянальнай свядомасцю народу, ён быў прымальны для беларусаў.

Калі ўсё магло пайсці інакш

Пунктам невяртання ў Беларусі стаў 1994 год.

А вось у якім моманце гісторыя Беларусі магла пайсці інакш і ці магла? І ці залежала гэта ад пазіцыі лідара Народнага Фронту?

Мой адказ — так, магла, і так, залежала.

Перыяд, калі ўсё магло пайсці інакш, цяпер здаецца нам зусім кароткім, але то быў спрэсаваны час, калі наша нацыянальнае рэчыва яшчэ было ў стане гарачай дынамічнай плазмы, гэта 1991—1993, можа быць нават толькі 1991—1992 гады. 

Сяргей Навумчык, правая рука Пазняка, у сваіх выдатна падрабязных, захапляльных кнігах пра 1990-я, сцвярджае: не, шанцаў не было, БНФ зрабіў магчымае і нават немагчымае. Я трымаюся іншай думкі.

Пазняк стаў лідарам, таму што хацеў быць лідарам

Але перш чым спыніцца на памылках Пазняка, я хачу, каб усе ясна разумелі: Пазняк стаў лідарам Народнага Фронту таму, што хацеў стаць лідарам. А мала хто іншы хацеў. Гэта як у маі 2020 года — усе былі разумныя, а захацелі Бабарыка і Ціханоўскі. І пасля, у ліпені — многія давалі парады, а паехалі па краіне Ціханоўская з Калеснікавай.

У 1988—1991-м ахвотных стаць лідарамі было таксама няшмат. Васіль Быкаў з яго магутным аўтарытэтам (нагадаю яго вызначальны ўчынак— як ён падышоў і фізічна адсунуў ад мікрафона партфункцыянера Расціслава Бузука) сябе ў палітыцы не бачыў. Алесь Адамовіч заставаўся на працы ў Маскве.

Аніхто з высокапастаўленых асоб, аніхто з кіраўнікоў вялікіх прадпрыемстваў ці аб’яднанняў не рызыкнуў тады ўзначаліць апазіцыйны рух. А Пазняк рызыкнуў.

Тыя іншыя, што гатовыя былі рызыкнуць, былі на галаву ніжэйшыя за Пазняка ў прамым і пераносным значэннях гэтага слова. Васіль Якавенка не меў аўтарытэту, маштабу асобы, а Юрый Хадыка — палітычнага мыслення і харызмы.

Для параўнання: ва Украіне першым лідарам Народнага Руху стаў пісьменнік Іван Драч, які ад палітыкі хутка адыдзе. Яго зменіць нязломны, але прагматычны Вячаслаў Чарнавол.

У Латвіі — 33-гадовы журналіст Дайніс Іванс, які ад палітыкі таксама адыдзе неўзабаве, дакладней, без поспеху паспрабуе працягнуць яе ў левых партыях.

У Літве лідарам «Саюдзіса» быў Вітаўтас Ландсбергіс, які адыграў выключную ролю ў дзяржаватварэнні.

У Эстоніі — прафесарка Мар’ю Лаўрысцін, якая на дзесяцігоддзі застанецца ў палітыцы на другіх ролях.

У Малдове — паэт Іон Хадыркэ, ён адыдзе ад лідарства ў пачатку 90-х, але таксама на дзесяцігоддзі застанецца ў палітыцы на другасных ролях, у тым ліку ў хаўрусе з постсавецкай наменклатурай.

Драч, Іванс і Хадыркэ былі членамі КПСС, Ландсбергіс і Лаўрысцін не былі камуністамі, як і Пазняк. Як бачым, лідары «Народных фронтаў» былі рознымі.

Гэта важная аксіёма: выбар у грамадстваў — заўсёды толькі з таго «што маем», гэта датычыць не толькі кадраў.

Пазняк быў мацнейшы за іншых беларускіх лідараў свайго часу — але Пазняк мог дзейнічаць і інакш, чым дзейнічаў. 

Недаацэньвалі ролю сілавікоў, пераацэньвалі ролю інтэлігенцыі

З вышыні сённяшняга дня мы бачым, што Пазняк паводзіў сябе так, нібы баланс сілаў і сацыяльная структура, якімі яны былі на канец 1980-х, будуць заставацца нязменнымі. Што, як і ў кароткі перыяд мітынговай дэмакратыі вечна будзе перамагаць той, хто прыгажэй гаворыць. Не, у іншыя часы перамагае той, у каго больш рэсурсаў і за кім сілавыя структуры. 

Зянон Пазняк і ягонае кола пераацэньвалі ўплыў творчай інтэлігенцыі і недаацэньвалі ролю сілавікоў, чыноўніцтва і бізнэсу.

Рэалістычнае ўсведамленне слабасці БНФ — абмежаванасці яго людскіх і фінансавых рэсурсаў, сацыяльнай базы і нават невялікага жадання многіх беларусаў адраджаць нацыянальную мову — дыктавала б кампрамісны стыль паводзінаў. 

Пазняку не хапіла інтуіцыі і каб зразумець, што Лукашэнка нясе большую пагрозу маладой дэмакратыі і нацыянальнаму адраджэнню, чым выразнік інтарэсаў наменклатуры Вячаслаў Кебіч ці тым больш Станіслаў Шушкевіч, які спрабаваў згуляць цэнтрысцкую партыю.

Народны Фронт радыкальна крытыкаваў, проста пляжыў вышэйшых чыноўнікаў — хоць яны патэнцыйна былі самымі зацікаўленымі ў незалежнасці.

Вялікая частка таго пакалення чыноўнікаў хацела аднаго — ператварыцца з камуністаў у капіталістаў. Яны хацелі ўзбагаціцца і, як і іх сучаснікі ў Польшчы ці Украіне, гатовыя былі на многае згадзіцца дзеля гэтага. Пазняк не ўмеў гэта скарыстаць. 

БНФ агітаваў за фермерства — але фермеры былі сілай уяўленай, ідэальнай, а рэальнымі былі калгасы і саўгасы. (Дзейнасць Сямёна Шарэцкага і Мечаслава Гіруця неўзабаве пакажа, што там было з кім размаўляць, але для гэтага трэба было зразумець інтарэсы гэтай групы і адстойваць тыя інтарэсы, а не павучаць і бічаваць. Нават бычкі не любяць, калі іх бічуюць, што гаварыць пра старшынь калгасаў.)

Тое самае датычыла афіцэрства і кіраўніцтва сілавых структур.

У 1992 годзе правільнай стратэгіяй было не ініцыяваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета, а шукаць кулуарных дамоўленасцей з Кебічам і сілавікамі, пазіцыянаваць сябе як патэнцыйных саюзнікаў і лабістаў, а не непрымірымых праціўнікаў, якія «або мы вас, або вы нас». Або і ініцыюючы рэферэндум, паралельна шукаць такіх саюзаў.

Нарэшце, Зянон Пазняк нават не разумеў, што Беларусь у сілу свайго геаграфічнага становішча, свайго памеру і структуры эканомікі не можа і не зможа існаваць самаізалявана.

Перад краінамі Цэнтральнай Еўропы выбар стаяў і стаіць рабром: або Еўрасаюз і НАТА, або Расія, трэцяга няма, трэцяе можа быць толькі часовым (стратэгію балансавання спрабавала ажыццявіць Украіна з фатальнымі для сябе наступствамі). Для Пазняка Расія — імперская, але і Еўрасаюз гэта праклятае ліберальнае ўтварэнне. (І вось цяпер гэты пракляты Еўрасаюз ратуе Украіну.)

Пазняк не пайшоў на стварэнне кааліцыі нават з выключна блізкім па поглядах Станіславам Шушкевічам, з якім разыходзіўся толькі ў тактыцы. Фота з архіва «Нашай Нівы»

Пазняк не пайшоў на стварэнне кааліцыі нават з выключна блізкім па поглядах Станіславам Шушкевічам, з якім разыходзіўся толькі ў тактыцы. Фота з архіва «Нашай Нівы»

Магчыма, у душы Пазняк і ягонае кола самі не верылі ў тое, што незалежнасць Беларусі — гэта ўсур’ёз і надоўга. Таму яны бачылі сваёй гістарычнай звышзадачай задэклараваць, а там ужо як будзе так будзе. Таму многае ў дзейнасці Пазняка — гэта спробы сімвалічна абвясціць, гучна заявіць, прыгожа назваць, задаць максімальную планку, выступіць з хлёсткім артыкулам пра расійскі імперыялізм, а не прыземлена вырашаць прагматычныя задачы сённяшняга дня.

У гэтым нявер’і няма нічога дзіўнага — тады мала хто верыў, што незалежнасць Беларусі і Украіны здабудзецца, а пасля што яна ўтрымаецца. Прэзідэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы за месяц да падзення СССР засцерагаў украінцаў ад аддзялення. А безумоўны беларускі патрыёт Станіслаў Шушкевіч незадоўга да жніўня 1991 года называў незалежнасць жартам. (Але як толькі з'явіцца акно магчымасцяў, Шушкевіч без ваганняў зробіць усё, каб незалежнасць здабыць.)

Жарт Рыгора Барадуліна з часопіса «Вожык», 1992

Жарт Рыгора Барадуліна з часопіса «Вожык», 1992

У тым то і штука, што, насуперак меркаванню Васіля Быкава, Пазняк не здолеў апярэдзіць свой час і, больш за тое, хутка ад яго адстаў, не зразумеў гістарычнай логікі новага перыяду. 

Васіль Быкаў і Зянон Пазняк (справа)

Васіль Быкаў і Зянон Пазняк (справа)

Часта можна пачуць, што ад 2000-х роля Пазняка дэструктыўная, але ў 1990-я яго заслуга вялікая. Гэта не так. Пачынаючы з канца 1991-га года не толькі тактыка, але і стратэгія Пазняка былі памылковымі. Ён нерэалістычна ацэньваў свае і Фронту магчымасці, няправільна ідэнтыфікаваў галоўную небяспеку.

Пазітыўнай роля Пазняка была да жніўня 1991-га, максімум да канца 1991-га, то-бок да канчатковага афармлення незалежнасці Беларусі, калі стаяла задача разбурыць Савецкі Саюз і стварыць на яго руінах незалежную Беларусь. Да таго часу палітыкі такога тыпу былі акурат на сваім месцы. А вось пасля таго, як мэта была дасягнутая, патрабаваліся не «тэрмінатары», якія бескампрамісна ціснулі, а куды больш гнуткія асобы. І акурат трагедыя ў Беларусі ў тым, што цалкам адпаведная асоба для бурапенных канца 1980-х і пачатку 1990-х знайшлася, а вось на зусім іншую, не разбуральную, а стваральную эпоху — не.

Дзеянні Пазняка ў 1992—1994 — гэта хрэстаматыйны прыклад таго, як трэба дзейнічаць, калі хочаш усё прайграць, усё сапсаваць і ўсё страціць.

Каб не дапусціць прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, Народнаму Фронту трэба было ісці на нераўнапраўны, а можа быць і прыніжальны саюз з посткамуністычнымі элітамі ды нават і з прагнымі абагачэння, апартуністычнымі нуварышамі — украінскія і малдаўскія контрэліты, наступіўшы на горла ўласнай песні, на такі саюз пайшлі. Але Пазняк хацеў быць «вышэйшым за гэта», лічыў сябе «вышэйшым за гэта».

Трэба было самаабмяжоўвацца. Замест гэтага Пазняк працягваў агітаваць за поўны дэмантаж старой сістэмы і змену эліт. Як гаварылася ў адной з улётак, за «экалагічна чыстую Беларусь без партакратыі і наменклатуры».

Беларусы запомнілі лідара Народнага Фронту па тэле– і радыётрансляцыях з Вярхоўнага Савета

Беларусы запомнілі лідара Народнага Фронту па тэле– і радыётрансляцыях з Вярхоўнага Савета

«Толькі кляёначка каля дзвярэй»

Пазняк сам быў бессярэбранікам і літаральна пагарджаў грашыма і ўсім, што з імі звязана.

(Помню, як аднакласніца Зянона ў Суботніках расказвала нам, нашаніўцам, што ягоная мама расказвала ёй, што ў Зянона «нават дывана ў кватэры няма, толькі кляёначка каля дзвярэй». Аднакласніца, дарэчы, расказвала пра гэта з ноткамі асуджэння, у гэтым ёй бачылася адарванасць ад жыцця і непатрэбны фанатызм.) Пазняк не разумеў, што без фінансавай базы доўгатэрміновая палітычная дзейнасць немагчымая — ягоная ўласная партыя ў 2000-х неўзабаве вырадзілася ў гурт пенсіянераў. Але гэта ўжо іншы, пазнейшы і балючы сюжэт. 

Даць грамадству час вырасці

Калі Беларусь была непадрыхтаванай да змены сістэмы, калі беларуская наменклатура была занадта маналітнай і рэакцыйнай — а менавіта гэтую ідэю праводзіць у сваіх кнігах Навумчык і з гэтага ж, фактычна, сыходзілі ў сваёй дзейнасці Зянон Пазняк і яго калегі, то лагічна было б дзейнічаць па-мінімалісцку, а не па-максімалісцку, ставіць мінімальныя, а не максімальныя задачы і хапацца за любыя кааліцыі і саюзы.

У якасці прыкладу ў каментары да адной з фэйсбучных дыскусій гісторык Аляксандр Пашкевіч прывёў 1994 год, калі шанцам магла быць стаўка на Генадзя Карпенку як максімальна цэнтрысцкую фігуру, прамыслоўца, чалавека, зразумелага гаспадарнікам. Замест гэтага Пазняк са сваім гіганцкім антырэйтынгам пайшоў сам.

На маю ж думку, тыя выбары ніякаму кандыдату-рэфармісту выйграць было ўжо немагчыма — у той час ужо і Ландсбергіс прайграваў, а Чарнавол рабіў стаўку на экс-сакратара Кампартыі Леаніда Краўчука.

Карта галасавання за Пазняка ў 1994. Лідара Народнага Фронту ў большай ступені падтрымала сталіца, а таксама паўночны захад краіны незалежна ад падзелу на вобласці і канфесійнага складу раёнаў, а таксама Століншчына

Карта галасавання за Пазняка ў 1994. Лідара Народнага Фронту ў большай ступені падтрымала сталіца, а таксама паўночны захад краіны незалежна ад падзелу на вобласці і канфесійнага складу раёнаў, а таксама Століншчына

Народнаму Фронту трэба было прамацваць лідараў тыпу аграрыя Аляксандра Дубко ці міністра замежных спраў Пятра Краўчанкі, і прамацваць раней — за год-два-тры да 1994 года. І не проста шукаць лідараў-варагаў — падбіраць падыходы да сацыяльных груп, чые інтарэсы яны выражалі, трансляваць іх інтарэсы. Або нават ціха спрыяць захаванню ўлады Кебічам, даць час грамадству вырасці.

Пазняк старанна вывучаў досвед Леніна і бальшавікоў, але рэальнасць у тым, што гісторыя ніколі не паўтараецца. Абумоўленая мінулым, яна тым не менш кожны раз набывае ў чымсьці новыя формы.

 

Пазняк не разумеў, што 1991 год быў пікам, што «акно магчымасцей», якое адкрываецца ў пераломныя моманты гісторыі, закрываецца гэтаксама хутка, як і адкрылася.

Змены трэба рабіць зараз — або ты іх не зробіш ніколі, іх зробяць іншыя і тады, магчыма, у іншых кірунках і з іншымі мэтамі. Калі ж гэтыя змены не адбыліся, то не трэба баяцца кампрамісаў.

Юнацкае фота і дарослы аўтограф Зянона Пазняка

Юнацкае фота і дарослы аўтограф Зянона Пазняка

Пазняк лічыў сябе вышэйшым

Яшчэ і нарцысізм адыграў ролю. Пазняк лічыў сябе вышэйшым не толькі за посткамуністаў-прыстасаванцаў, ён сябе лічыў вышэйшым і за нейкага там «грантасоса» Мілінкевіча і тым больш за нейкую там кухарку Ціханоўскую, якая, у адрозненне ад яго, Пазняка, твораў Уладзіміра Леніна ніколі не вывучала і да ролі палітыка сябе не рыхтавала. У выніку гэтага нарцысізму і патрэбы ў пахвальбе Пазняк на старасці гадоў падпусціў да сябе персанажаў, якія адвольна ім маніпулююць, гуляючы на яго самалюбстве, — каб яго рукамі атакаваць Ціханоўскую і, што нават важней для іх, уцірацца ў давер да каліноўцаў. 

Зянон Пазняк з недаверам паставіўся і да праеўрапейскай апазіцыі 2000-х і яе лідара Аляксандра Мілінкевіча

Зянон Пазняк з недаверам паставіўся і да праеўрапейскай апазіцыі 2000-х і яе лідара Аляксандра Мілінкевіча

Так, роля асобы ў большасці гістарычных сітуацый не вызначальная. Румынія засталася Румыніяй, Польшча — Польшчай, Чэхія — Чэхіяй, Літва — Літвой, а Латвія — Латвіяй, хоць якая б ні была розніца між Ландсбергісам і Гавелам ды Валэнсам і Івансам.

Але бываюць і выпадкі, часам шчаслівыя, часам трагічныя, калі роля асобы пераважвае ўсё астатняе. Так Масква схапілася за Лукашэнку як за падарунак лёсу, так Пілсудскі, Манэргейм і Залужны з Зяленскім правільным камандаваннем уратавалі свае нацыі пад ударам нашмат мацнейшага праціўніка.

Прыклад Зянона Пазняка і нашых 1990-х вучыць нас, што калі, будзем спадзявацца, гісторыя дасць беларусам новы шанец, трэба будзе змагацца не з сілавікамі, а за сілавікоў, не з чыноўнікамі, а за чыноўнікаў і дбаць пра інтарэсы таго бізнэсу, той эканомікі, таго дзяржапарата, якія мы маем, а не тых, якія нехта хацеў бы мець у сваіх ідэалістычных уяўленнях.

80-годдзе лідара Народнага Фронта — нагода не славасловіць, а строга і сумленна, чарговы раз прааналізаваць яго палітычныя крокі — чарговы, бо ўжо з улікам трагічнага досведу 2020—2024 гадоў. Пазняк — фігура манументальная, не прыніжайма волатаў таннымі панегірыкамі. Яго найбольшым жаданнем было і ёсць служыць беларускай нацыі, для такіх людзей шчасце, калі іх народ вучыцца, хай сабе і на памылках уласных лідараў.

Шанец на перамогу, калі ты слабы, даюць не белыя пальчаткі, а кампрамісы і кааліцыі, прычым у цябе няма перабору з кім яднацца — хто ёсць, з тымі і яднайся.

Не дапусціць прыходу да ўлады Лукашэнкі яшчэ на этапе вызначэння правілаў будучай гульні было выканальнай для Народнага Фронту задачай-мінімумам, хоць дзеля яе выканання Пазняку прыйшлося б ахвяраваць многім — у тым ліку асабістымі прынцыпамі, амбіцыямі і перспектывамі. Але Пазняк лічыў альянсы з посткамуністычнай наменклатурай, з прагнымі да грошай нуварышамі ды нават з рускамоўнымі сталічнымі лібераламі ганебнымі для сябе і згубнымі для нацыі. У выніку Пазняк страціў больш — ён страціў усё. Але і нацыя страціла больш.

Чытайце таксама:

Рэпартаж зь Вялікага Княства. Акуратныя мястэчкі з памаранчавымі хатамі і дыхтоўнымі крыжамі па канцох. Гладкая, нібы люстэрка, шаша. Мокрыя буслы на слупах. Гэта Івейшчына, радзіма Зянона Пазняка. Мы выправіліся сюды, маючы з сабою ягоную новую паэму «Вялікае Княства», што толькі-толькі выйшла ў Нью-Ёрку. Мы едзем на Івейшчыну, у мястэчка Суботнікі, шукаць слядоў Зянонавага Вялікага Княства.

Ці магла б Беларусь стаць незалежнай без Пазняка? Эсэ Сяргея Навумчыка да 80-годдзя Зянона Пазняка

Клас
168
Панылы сорам
53
Ха-ха
15
Ого
21
Сумна
29
Абуральна
57

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?