У Еўропе прапануюць увесці новыя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Шэраг краін Еўрасаюза прапануюць увесці новыя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Пра новыя прапановы паведамілі інфармаваныя крыніцы «Радыё Свабода» ў Брусэлі.
Абмеркаванне прапаноў чакаецца на гэтым тыдні ў Еўракамісіі з удзелам прадстаўнікоў усіх 27 краін Еўрасаюза. Паводле адной з крыніц «Радыё Свабода», не ўсе з іх, хутчэй за ўсё, будуць ухваленыя.
Прапануецца пашырыць спіс высокатэхналагічных тавараў, экспарт якіх у Беларусь будзе забаронены. У прыватнасці, прапануецца забараніць:
- Экспарт у Беларусь тавараў, якія павялічваюць прамысловы патэнцыял;
- Экспарт так званых «прадметаў раскошы»;
- Экспарт тавараў для авіяцыйнай і аэракасмічнай прамысловасці;
- Экспарт тавараў для нафтагазавай прамысловасці;
- Экспарт тавараў і тэхналогій для мараходнай прамысловасці.
Таксама прапануецца забараніць уезд у Еўрасаюз прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі, і пашырыць забароны для фінансавага сектара Беларусі — у прыватнасці, на прыём дэпазітаў з Беларусі.
Адзначаецца, што апошнім часам Беларусь значна нарасціла імпарт шэрагу тавараў, у тым ліку аптычных прыбораў і дэталяў для грузавікоў, а гэтыя тавары могуць выкарыстоўвацца Расіяй у яе вайне супраць Украіны.
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/341309"