Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Увесну, падчас рэзкіх змен надвор’я, многія пачынаюць чхаць і кашляць. Аднак не заўсёды гэтыя сімптомы — прыкмета ВРВІ. Часта пад маскай рэспіраторнай інфекцыі хаваецца алергічнае захворванне. Як яго адрозніць, расказала «Звяздзе» доктар-інфекцыяніст 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дар’я Петрачук.

Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

— На прыёме апошнім часам усё больш бацькоў з дзецьмі са скаргамі на закладзены нос, моцныя вадзяністыя выдзяленні з носа, слёзацячэнне, сверб у носе або ў вобласці вачэй, чханне. Усё гэта можа быць прыкметай палінозу — алергіі на пылок.

Паводле статыстыкі, на гэтае захворванне пакутуе ад 10 да 30% насельніцтва, і лічба расце з кожным годам. Паліноз (алергічны рыніт) мае яркі сезонны характар — супадае з перыядам цвіцення раслін. Усе сімптомы здольныя да зваротнага развіцця пасля спынення ўздзеяння алергенаў ці пры лячэнні.

— На што найчасцей бывае алергія?

— У Беларусі асабліва значныя ў развіцці палінозу лугавыя травы (аўсяніца, райграс, купкоўка і інш.), тэрміны цвіцення якіх прыпадаюць на чэрвень—ліпень—жнівень. Вось прыкладныя тэрміны цвіцення асноўных алергенаў.

Лясны арэх квітнее ў лютым—сакавіку, асіна, таполя — 16—30 красавіка, алешына, ляшчына, вярба — 16—25 красавіка, бяроза, клён — 1—15 мая, дуб — 20—23 мая, хвоя — 24 мая — 4 чэрвеня, ліпа — 18 чэрвеня — 2 ліпеня.

Зёлкавыя травы аўсяніца, купкоўка, пырнік цвітуць 5—25 ліпеня, лісахвост, райграс — 5—26 чэрвеня, проса, жыта, ячмень — 1—20 чэрвеня, кукуруза — 5-20 ліпеня, а пустазельныя травы лебяда, палын — у канцы ліпеня — жніўні—верасні.

Трэба ўлічваць, што пачатак сезона цвіцення можа перамяшчацца на 1,5-2 тыдні ў сувязі з кліматычнымі асаблівасцямі вяснова-летняга перыяду. На сайтах метэаслужбаў штодня можна прасачыць за паказчыкамі канцэнтрацыі пылку ў паветры.

— Якія асноўныя сімптомы палінозу?

— Гэта рыніт (запаленне слізістай носа), што праяўляецца насмаркам, закладзенасцю носа, чханнем. Таксама характэрна запаленне слізістай абалонкі вачэй — кан’юктывіт, падчас якога назіраецца пачырваненне вачэй, сверб, слёзацячэнне. Нярэдка бывае крапіўніца — пухіры на адкрытых участках цела.

Таксама ў некаторых пацыентаў выяўляецца так званая пылковая астма. Як правіла, павышаецца рэактыўнасць бранхіяльнага дрэва, што праяўляецца бранхіяльнай астмай, асноўныя сімптомы якой кашаль, цяжкасць і шум дыхання.

Ёсць і такое паняцце, як аральны алергічны сіндром. Гэта сверб у роце пасля прыёму ў ежу садавіны, гародніны, зеляніны, арэхаў, семак, якія выклікаюць перакрыжаваную алергію з некаторымі відамі пылку.

Дарэчы, што датычыцца перакрыжаванай алергіі, аказалася, што для нашай імуннай сістэмы бяроза падобная на яблыкі ці моркву, латэкс (алергія на латэксныя пальчаткі сустракаецца даволі часта) падобны на ківі, ялавічына — на сою, кляшчы хатняга пылу — на лобстара, гэта значыць, яны ўтрымліваюць агульныя ці вельмі падобныя бялкі, і імунітэт рэагуе на іх аднолькава, запускаючы алергічны ланцужок у арганізме.

Трэба ўлічваць, што апісаныя клінічныя сімптомы часта спалучаюцца паміж сабой, што пагаршае ход захворвання.

Калі ў вас ёсць падобныя сімптомы і нельга выключыць паліноз, трэба звярнуцца да доктара-алерголага, дзе пасля правядзення розных проб і тэстаў будзе выяўлены алерген і прызначана лячэнне.

— Як жа вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

— Найперш прамываць нос ізатанічным солевым растворам (фізраствор і яго аналагі). Гэтым простым спосабам увільгатняецца слізістая носа і змываюцца часціцы пылку. Звычайна ў перыяд абвастрэння выкарыстоўваць раствор трэба да 6-8 разоў у суткі па 2-4 дозы ў кожную ноздру.

Абмяжуйце прагулкі ў парк, лес, на луг у сезон пылення асноўных алергенаў. Выкарыстоўвайце акуляры, яны дапамогуць абараніць вочы ад уздзеяння пылку.

Неабходна ўлічваць, што шэраг пакаёвых раслін (герань, прымула) і кветак (бэз, язмін, ружа, ландыш, фіялка) маюць перакрыжаваную алергію з пылком дрэў, лугавой травы і пустазелля, апасродкавана запускаючы алергічны працэс.

Дома ўсталюйце фільтр для паветра. Падтрымлівайце гіпаалергенны побыт: прыбярыце дадатковыя раздражняльнікі — цыгарэтны дым, парфумерыю, хімічныя пары, ферменты ў саставе пральных парашкоў.

На перыяд цвіцення раслін вокны ў кватэры варта зачыняць, асабліва ў ранішнія гадзіны, вялікая частка пылку выкідваецца раслінамі менавіта ў гэты час (ад усходу сонца да 9 гадзін раніцы). Праветрывайце ўвечары — нядоўга, але інтэнсіўна.

Дома рэкамендуецца пераапранацца з вулічнага адзення. Можна прыняць душ, каб змыць з цела рэшткі пылку.

Калі ў вас ёсць перакрыжаваная алергія, прытрымлівайцеся дыеты з выключэннем тых прадуктаў, якія выклікаюць сімптомы. Звычайна пры алергіі да пылку бярозы выключаюцца яблыкі, чарэшня, персікі, слівы, арэхі, морква, сельдэрэй, бульба; да пылку злакаў — шчаўе і прадукты на аснове злакаў; да пылку палыну — цытрусавыя, цыкорый, мёд.

— Апошнім часам шмат гавораць пра лячэнне алергіі метадам спецыфічнай імунатэрапіі. Раскажыце пра яго.

— Сапраўды, найбольш эфектыўным прафілактычным мерапрыемствам пры палінозе з’яўляецца ліквідацыя прычыннага алергену метадам спецыфічнай імунатэрапіі. Насамрэч ён не новы і выкарыстоўваецца больш за 100 гадоў. Сутнасць метаду заключаецца ў тым, што ў арганізм чалавека рэгулярна ўводзяць разведзены алерген з паступовым нарошчваннем канцэнтрацыі да максімальна дапушчальнай.

З часам гэта прыводзіць да таго, што імунная сістэма перастае балюча рэагаваць на раздражняльнік і не прымае яго за чужародны агент. Паступова гэты спосаб лячэння алергіі цалкам ліквідуе захворванне. Такім чынам, алергенспецыфічная імунатэрапія (АСІТ) з’яўляецца лячэбна-прафілактычнай працэдурай, накіраванай на карэкцыю імуннага статусу з наступным лячэннем алергічнага захворвання. Працягласць такой тэрапіі — 3-5 гадоў, падбірае яе алерголаг.

Лячэнне палінозу комплекснае і прызначаецца індывідуальна алерголагам, у залежнасці ад скарг і цяжару захворвання. Прэпараты прымаюцца перад пачаткам сезона цвіцення ці адразу з пачатку цвіцення «вашых» алергенаў, не чакаючы ўзнікнення сімптомаў. Нагадваю, што цяжарным і жанчынам, якія кормяць дзіця, многія з лекаў дазволены, таму не трэба цярпець і мучыць сябе.

Улічваючы актуальнасць дадзенай праблемы ў паліклініках працуюць «алергашколы», дзе рэгулярна праводзяцца семінары, лекцыі і даецца падрабязная інфармацыя. Прафілактычныя мерапрыемствы, выконванне схем лячэння дазваляюць дабіцца стойкай рэмісіі хваробы і палепшыць якасць жыцця пацыентаў.

Каментары

Памерлага 52-гадовага аўтаслесара з Віцебска год таму страшна збілі міліцыянты11

Памерлага 52-гадовага аўтаслесара з Віцебска год таму страшна збілі міліцыянты

Усе навіны →
Усе навіны

На Любанскім вадасховішчы пабачылі вельмі рэдкую ў нас птушку

Стала вядома, як павялічыцца падатак на нерухомасць для фізічных асоб

Майстар даносаў з Германіі стаў мільянерам9

У Магілёве ствараюць мурал са львом ФОТАФАКТ3

«Калі застаняцеся, вас чакае смерць». У чаканні ўрагану «Мілтан» з Фларыды эвакуююць мільёны людзей

Лукашэнка атрымаў ад Расіі тую ж узнагароду, што і Мураўёў-Вешальнік. Хто яшчэ з беларусаў яе атрымліваў?37

«Рамштайн» адмянілі з-за Байдэна4

МТЗ пачаў выпуск газонакасілак на заводзе ў Смаргоні

Выйшла новая кніга #IMBY пра беларускую гісторыю 1991-2005 гадоў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерлага 52-гадовага аўтаслесара з Віцебска год таму страшна збілі міліцыянты11

Памерлага 52-гадовага аўтаслесара з Віцебска год таму страшна збілі міліцыянты

Галоўнае
Усе навіны →