Культура1717

Сталінкі, саборы, мячэці. Чым расійская архітэктура абавязана Беларусі

Сёння мы добра ведаем беларускіх артыстаў, літаратараў, мастакоў і навукоўцаў, якія знайшлі сваю славу ў Расіі. Але забываем, што і расійскія гарады будавалі шматлікія выхадцы з Беларусі. «Наша Ніва» паспрабавала прыгадаць імёны дойлідаў, якіх расійская палітыка вымусіла пакінуць родную Беларусь, каб рэалізаваць сябе. 

З-за падтрымкі шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі Віленскага ўніверсітэта паўстання 1831 года расійскі імператар Мікалай I скасаваў адзіную вышэйшую навучальную ўстанову. Тыя, хто хацеў бы навучацца навукам, у тым ліку архітэктуры, вымушаны былі ехаць у Пецярбург, Маскву, Кіеў, Варшаву ці Дэрпт.

У час навучання маладыя архітэктары звычайна падпрацоўвалі на вядомых мэтраў, а пасля назаўжды звязвалі сваю прафесійную дзейнасць з вялікімі гарадамі па-за радзімай.

На Радзіме ўласна і не было для каго і што праектаваць — тут не было буйных прамысловых і гандлёвых цэнтраў, не было вялікіх гарадоў, а значыць не было і заказчыкаў.

З большасцю заказаў цалкам спраўляліся прызначаныя губернскія архітэктара і інжынеры. Праекты палацаў і храмаў заказвалі ці ў сталіцах імперыі, ці звярталіся да тых архітэктараў, каго ў Беларусь вымусілі вярнуцца гаспадарчыя справы на бацькоўскіх маёнтках. 

Вядома, што дазволіць сабе навучанне дзяцей ва ўніверсітэце маглі толькі забяспечаныя людзі, напрыклад купцы ці сярэдняя шляхта.

Архітэктар Сцяпан Крычынскі і ягоная Мікола-Мірлікійская царквая ў стылі рускага мадэрну. Фота: Wikimedia Commons

З такой сям'і паходзіў архітэктар Сцяпан Крычынскі, які нарадзіўся ў маёнтку Каскевічы Ашмянскага павета генерал-маёра Селіма (Самойлы) Крычынскага. Крычынскія належалі да мясцовых княжацкіх родаў татарскага паходжання і вызнавалі іслам.

Сцяпан атрымаў адукацыю спярша ў Вільні, а ў 1897 годзе скончыў Інстытут грамадзянскіх інжынераў. Аб’ехаў палову Еўропы, вывучаў расійскае дойлідства. Ажаніўся з дачкой рускага пісьменніка Глеба Успенскага, Марыяй, з братам якой вучыўся ў інстытуце. 

Cаборная мячэць ў Пецярбургу. Фота: Wikimedia Commons

Найбольш яскравы перыяд творчасці Крычынскага выпаў на перадваенныя 1910-я гады. 

Пасля маніфесту 17 красавіка 1905 года «Аб свабодзе веравызнання», сталічныя мусульмане займелі магчымасць пабудаваць вялікую мячэць. Да справы далучыліся купцы, выбітныя прамыслоўцы і вайскоўцы магаметанскага веравызнання. Вялікі ўнёсак зрабіў бухарскі эмір Сеід Алім-хан. Да праектавання прыцягнулі Крычынскага.

Да Першай сусветнай вайны пабудаваць мячэць не паспелі, каб адшукаць грошы на яе завяршэнне, адкрылі платны агляд. Керамічную аздобу не завяршылі, бо завод, які яе выпускаў, пераключыўся на выпуск снарадаў. Мячэць, пабудаваная па праекце Крычынскага, стала найбуйнейшай у еўрапейскай частцы Расійскай імперыі.

Дом Эміра Бухарскага ў Пецярбургу. Фота: «Адкрыты горад»

Паралельна Крычынскі атрымаў заказ ад бухарскага эміра на ўласны дом у цэнтры Пецярбурга. Дом эміра быў пабудаваны ў 1914 годзе ў стылі італьянскага рэнесанснага палаца. 

Нягледзячы на сваё паходжанне, Крычынскі таксама спраектаваў некалькі праваслаўных храмаў у псеўдарускім стылі з элементамі мадэрну, у тым ліку Фёдараўскі сабор і Мікола-Мірлікійскую царкву (узарвана ў 1938-м).

Архітэктар Тамаш Багдановіч-Дваржэцкі і помнік Аляксандру III у Маскве, у стварэнні якога ён браў удзел. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ адным вядомым архітэктарам з беларускай шляхты з'яўляецца Тамаш (Фама) Багдановіч-Дваржэцкі, які нарадзіўся ў 1859 годзе Віцебску. Яго род паходзіў з мсціслаўскіх баяр. У 1885 годзе ён скончыў Імператарскую Акадэмію мастацтваў, атрымаўшы вялікі залаты медаль за праект «Вялікакняжацкі палац у сталіцы», званне класнага мастака архітэктуры 1-й ступені і паездку за мяжу за кошт дзяржавы як пенсіянер.

Пасля вяртання спачатку займаўся выкладаннем, найбольш значныя праекты Багдановіча-Дваржэцкага прыпаюдаюць на пачатак XX стагоддзя. 

Спачатку ён адзначыўся ўдзелам у стварэнні помніка Аляксандру III (знесены ў 1918) перад храмам Хрыста Збаўца (узарваны ў 1931), які будавалі больш за дзесяцігоддзе і скончылі толькі ў 1912 годзе. За гэты час ён паспеў стварыць некалькі іншых знакавых аб’ектаў. 

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Самары. Фота: Wikimedia Commons

У 1906 годзе па яго праекце быў пабудаваны прыгожы гатычны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Самары.

У яго архітэктуры пазнаюцца матывы найбольш выдатнага айчыннага помніка ў гатычным стылі — касцёла Святой Ганны ў Вільні.

Павернутыя вежы і складаны арачны дэкор касцёлаў у Самары і ў Бабруйску, пабудаваных беларусамі, відавочна адсылаюць да архітэктуры віленскага касцёла Святой Ганны. Фота: Wikimedia Commons

Тыя ж накладзеныя адна на адну спічастыя аркі і павернутыя бокам вежы характэрныя былі таксама для касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які, як лічыцца, быў пабудаваны ў 1906 годзе па праекце Станіслава Шабунеўскага. Пра адно і тое ж думалі геніі з Беларусі!

Але галоўнай працай жыцця стаў кафедральны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Маскве. Храм у стылі цаглянай неаготыкі будавалі дзесяць гадоў з 1901 года. Апошняй зрабілі агароджу ў 1911 годзе пад кіраўніцтвам дойліда Лявона Даўкша з Вільні, а ўнутранае аздабленне скончылі толькі ў 1917 годзе.

Сабор Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Маскве. Фота: Wikimedia Commons

За савецкім часам будынак прыйшоў у поўны заняпад. Яго аднаўленне як галоўнага каталіцкага храма Расіі пачалося ў 1990-я гады высілкамі Тадэвуша Кандрусевіча, тагачаснага мітрапаліта расійскіх католікаў.

Яшчэ адной вялікай катэгорыяй выхадцаў з Беларусі, якія імкнуліся атрымаць вышэйшую адукацыю былі асноўныя насельнікі мястэчак і гарадоў — яўрэі.

Яўрэі ў Расійскай імперыі былі максімальна абмежаваныя ў правах, не мелі права ўдзельнічаць у гарадскім самакіраванні, паступаць на дзяржаўную службы, а тыя, хто служыў у войску — атрымаць афіцэрскае званне. Вышэйшая адукацыя давала адну з нешматлікіх магчымасцей вырвацца з заганнага кола галечы і бяспраўя ды дамагчыся поспеху ў свабодных прафесіях. На адукацыю яўрэя маглі збіраць грошы ўсёй грамадой. Але і тут узніклі абмежаванні: іўдзеі не маглі атрымаць звання прафесара, а ў 1886 годзе ўведзена ганебная працэнтная норма для паступлення яўрэяў у гімназіі і ўніверсітэты. 

Будынак Азоўскага камерцыйнага банка на Неўскім праспекце ў Пецярбургу, пабудаваны па праекце Барыса Гіршовіча. Фота: Wikimedia Commons
Даходны дом Фукса на вуліцы Паўстання ў Пецярбургу, пабудаваны па праекце Іосіфа Далгінава. Фота: Wikimedia Commons

І хоць колькасць яўрэяў у сталічных універсітэтах была абмежаваная 3 працэнтамі, большасць іх паходзілі з «мяжы аселасці», пераважна Паўночна-Заходняга краю, таму мы бачым столькі яўрэяў-выхадцаўцаў з Беларусі ў расійскай навуцы і культуры. 

Беларускія яўрэі пераважна займаліся праектаваннем даходных дамоў і прыватных сядзіб. Сярод найбольш яскравых архітэктараў таго часу можна адзначыць магілёўцаў Абрама Берліна, Іосіфа Далгінава, Барыса Гіршовіча з Карэлічаў. 

Абрам Берлін і ягоны кінатэатр на плошчы Маграбі ў Тэль-Авіве. Фота: Wikimedia Commons

Абраму Берліну пашчасціла ў 1920-я гады перабрацца ў Палесціну, дзе ён напоўніцу рэалізаваў сябе ў стылях мадэрну, канструктывізму і арт-дэко. 

Насамрэч тым жа займалася і большасць дойлідаў з Беларусі неяўрэйскага паходжання, але не ўсе імёны архітэктараў і іх жыццёвы шлях захаваліся дагэтуль. Вядомыя напрыклад, імёны віцебчукоў Георгія Алтаржэўскага і Андрэя Бартэльса, глушчаніна Эдмунда Юдзіцкага, мінчука Мечаслава Піятровіча і іншых.

Дом Пігіта, камуналка ў якой стала правобразам «нядобрай кватэры», апісанай у рамане «Майстар і Маргарыта» Булгакавым. Фота: Wikimedia Commons

Даходны дом Пігіта ў Маскве, пабудаваны ў 1902-1903 гадах архітэктарам Эдмундам Юдзіцкім у стылі мадэрн, займае важнае месца ў рускай літаратуры. Тут у доме 10 на Вялікай Садовай вуліцы у адным з пакояў камунальнай кватэры жыў Міхаіл Булгакаў. Кватэра стала правобразам «нядобрай кватэры», апісанай у рамане «Майстар і Маргарыта». Сёння ў доме музей пісьменніка.

Новы перыяд магчымасцей для яўрэйскага насельніцтва Беларусі з'явіўся пасля рэвалюцыі, калі ўсе былыя абмежаванні паводле нацыянальнай прыналежнасці (да часу) зніклі. 

Горад будучыні. Архітэктура на апорах. Лазар Хідэкель
Горад будучыні. Архітэктура на апорах. Від зверху. Лазар Хідэкель

Так, напрыклад, браты-авангардысты Леў і Лазар Хідэкелі з Віцебска праектавалі грамадскія будынкі, спартыўныя комплексы, кінатэатры, карпусы ўніверсітэтаў ды школы для маладой савецкай дзяржавы. Лазар Хідэкель быў адным са стваральнікаў УНОВИС і ўвайшоў у гісторыю як першы ў свеце супрэматычны архітэктар-наватар. Імя Хідэкеля ў Беларусі не забылі — восенню 2019 года тут упершыню прайшло ўручэнне міжнароднай прэміі яго імя за інавацыйныя і экалагічныя падыходы ў архітэктуры.

Канструктывісцкая Нарваўская фабрыка-кухня ў Ленінградзе. Фота: Wikimedia Commons
Канструктывісцкая Выбаргская фабрыка-кухня — першая ў Ленінградзе. Фота: Wikimedia Commons

Многія ўраджэнцы Віцебска прайшлі праз школу Марка Шагала. Так, ягоны вучань Іосіф Меерзон спраектаваў цэлы шэраг авангардных фабрык-кухань, якія, як верылі, у новым савецкім грамадстве цалкам заменяць неабходнасць гатаваць дома. 

Майсей Гінзбург за працай.

Выдатным прадстаўніком савецкага авангарду стаў Майсей Гінзбург. Ён нарадзіўся ў Мінску, але для навучання выбраў не Пецярбург і не Маскву, а Парыжскую акадэмію прыгожых мастацтваў. Пасля працягваў вучобу ў Тулузе, Мілане і Рызе. Атрымаў дыплом інжынера-будаўніка ў 1917 годзе. 

Конкурсны праект галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта аўтарства Майсея Гінзбурга. Фота: Wikimedia Commons

Поўную творчую біяграфію аднаго з галоўных тэарэтыкаў канструктывізму немагчыма змясціць у аглядны артыкул. На яго рахунку дзясяткі праектаў па ўсім СССР, яшчэ больш нерэалізаваных. Дарэчы спрабаваў ён сябе і на ўсесаюзным конкурсе 1926 года на праект галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў родным Менску. Але перамог праект Лаўрова і Запарожца.

Праект дома Наркамфіна ў Маскве. Фота: Wikimedia Commons
Дом Наркамфіна пасля рэстаўрацыі. Фота: «Гінзбург Архітэктс»
Дом Наркамфіна пасля рэстаўрацыі. Фота: «Гінзбург Архітэктс»

Але сапраўдным шэдэўрам яго творчасць і савецкага канструктывізму стаў маскоўскі дом Наркамфіна, пабудаваны ў 1928—1930 гадах. Гінзбург быў праціўнікам папулярнай тады ідэі дамоў-камуны і рэалізаваў сваё альтэрнатыўнае бачанне ў праекце. На доме Наркамфіна выкарыстаны эксперыментальныя планіроўка, будаўнічыя матэрыялы і нават каляровыя рашэнні. У 2016—2020 гадах дом зведаў выдатную рэстаўрацыю паводле праекта майстэрні «Гінзбург Архітэктс», названай у гонар архітэктара. Яна дазволіла аднавіць арыгінальную задуму аўтара і стылістыку канструктывізму. 

Арыгінальны праект будынка Дзяржгандлю 1925 года. Фота: Wikimedia Commons
Сучасны выгляд будынка Дзяржгандлю. Цяжка паверыць, што гэта не сучасны офісны будынак, а помнік 100-гадовай даўніны. Фота: Wikimedia Commons

Выдатную кар’еру ад аўтараў эклектычных даходных дамоў да маштабных помнікаў савецкага канструктывізму пабудаваў і Барыс Велікоўскі з Прапойска (сёння Слаўгарад). Ягоны будынак Дзяржгандлю ў Маскве мусіў стаць 14-павярховым хмарачосам, не горшы за тыя, што будавалі на Манхэтэне. Але пасля ідэю падрэзалі да 6 паверхаў згодна з новымі рэгламентамі. 

Вестыбюль станцыі метро «Дынама». Фота: Wikimedia Commons
Станцыя метро «Крапоткінская». Фота: Wikimedia Commons

Якаў Ліхтэнберг з Брэста атрымаў адукацыю ў Харкаве і гэтаму ж гораду прысвяціў значную частку свайго жыцця. У 1933 годзе быў запрошаны ў «Метрапраект», дзе працаваў пад кіраўніцтвам віленскага яўрэя Самуіла Краўца. У Маскве ён спраектаваў некалькі станцый метро, у тым ліку «Дынама» і «Палац Саветаў» (цяпер «Крапоткінская»). Апошняя была адзначана «Гран-пры» на міжнароднай выстаўцы 1937 года ў Парыжы, а пасля і на выстаўцы 1958 года ў Бруселі.

Прыход да ўлады бальшавікоў і іхнія расправы з былымі царскімі службоўцамі і афіцэрамі напужалі многіх іншых дойлідаў, які пабудавалі паспяховую кар’еру да рэвалюцыі, часта на дзяржаўных заказах.

Ратныя палаты ў Царскім Сяле. Фота: Wikimedia Commons

Выхадзец з Кобрына Сямён Сідарчук, які па царскім заказе спраектаваў у Царскім Сяле Ратныя палаты пад музей рускіх войн, бег ад новай улады спачатку ў Кіеў, а пасля на радзіму, якая цяпер аказалася ў межах Польскай Рэспублкі. Тут ён пабудаваў наноў не менш выдатную кар’еру, спачатку праектаваў у Кобрыне, пасля быў галоўным архітэктарам у Брэсце, нарэшце перабраўся ў Роўна ў суседнім Валынскім ваяводстве. 

Абеліск на месцы дуэлі Аляксандра Пушкіна на Чорнай рэчцы. Фота: Wikimedia Commons

З-за дзіўнай сітуацыі, калі шматлікія творцы паходзілі з Беларусі, але ў самой Беларусі прафесійных кадраў было вобмаль і даводзілася запрашаць ленінградскіх і маскоўскіх аўтараў, іх лёсы пастаянна перапляталіся. Так, выхадзец з Беларусі архітэктар Абрам Лапіраў спраектаваў да 100-годдзя смерці Пушкіна, якое адзначалася ў 1937 годзе, абеліск на месцы ягонай дуэлі. Скульптарам помніка выступіў Мацвей Манізер, які за некалькі гадоў да гэтага стварыў на радзіме Лапірава помнік Леніну перад Домам урада. 

Іван Жалтоўскі ў 1900-я гады. Фота: Дзяржаўны навукова-даследчы музей архітэктуры імя Шчусева

Асабняком у спісе стаіць постаць пінскага шляхціца Івана Жалтоўскага, пра чый незвычайны лёс мы нядаўна распавядалі.

Жалтоўскі здолеў да рэвалюцыі заваяваць статус галоўнага знаўца італьянскай класікі, якую прапагандаваў у сваіх загарадных вілах і будынках клубаў. А пасля горача вітаў рэвалюцыю, хоць авангарднага мастацтва не прыняў. Ягоная зацятая барацьба за класіку нарэшце ўвянчалася поспехам, калі савецкага кіраўніцтва пачало зварочваць савецкі авангард. 

Конкурсны праект Палаца Саветаў Івана Жалтоўскага, які ў 1932 годзе быў ганараваны найвышэйшай прэміі

Маніфестам радыкальнага перагляду стаўлення дзяржавы да архітэктуры, а прасцей кажучы, намеру гэтай архітэктурай кіраваць, справядліва ўгледжваючы ў ёй інструмент палітыкі, сталі вынікі Усесаюзнага конкурсу на праект знакамітага Палаца Саветаў. 

На Усесаюзны конкурс на праект знакамітага Палаца Саветаў Жалтоўскі прадставіў адразу два праекты, у адным з якіх ён выступаў у якасці аўтара. Прэмію атрымаў «упрыгожаны» варыянт Жалтоўскага — гэта быў ясны сігнал аб тым, якая архітэктура выклікае разуменне ў партыйна-дзяржаўнай вярхушкі. Адначасова архітэктар быў удастоены звання заслужанага дзеяча навукі і мастацтва РСФСР. 

Дом на Махавой у Маскве стаў «цвіком у труну канструктывізму» і адзначыў пачатак новага стылю. Фота: Wikimedia Commons

Але амбіцыйны палац Саветаў так ніколі і не пабудавалі.

Першым помнікам новага стылю, створаным Жалтоўскім, стаў дом на Махавой, які быў пабудаваны ў 1934 годзе і меў манументальны ордарны фасад, пазычаны ў паладыянскай Лоджыі дэль Капітаніа. Вяснін назваў дом «цвіком у труну канструктывізму», які неабходна выдраць. 

Жалтоўскі стаў ставаральнікам новага імперскага стылю для савецкай дзяржавы — так званага «сталінскага ампіру». 

Жылы дом супрацоўнікаў НКУС на Смаленскай плошчы ў Маскве. Фота: Wikimedia Commons

Пасля разбуральнай для Беларусі вайны менавіта вучні Жалтоўскага, славутыя дойліды Баршч і Паруснікаў, стваралі ансамбль праспекта Сталіна ў разбураным Мінску. Гэтак акадэмік архітэктуры Жалтоўскі спрычыніўся да будаўніцтва ў родным краі.

Таксама Жалтоўскі адзін з нешматлікіх расійскіх дойлідаў, пра якіх дакладна вядома, што ён лічыў сябе беларусам, хоць для ўсіх быў палякам.

Гасцініца «Украіна» — апошняя сталінская высотка ў Маскве. Фота: Wikimedia Commons

Дарэчы малодшы брат ужо згаданага вышэй Георгія Алтаржэўскага, Вячаслаў, які нарадзіўся ў Маскве, дзе служыў ягоны бацька, спраектаваў апошнюю сталінскую высотку — гасцініцу «Украіна» на Кутузаўскім праспекце.

Можна заўважыць, што большасць асоб, якія працавалі ў Расіі, паходзілі з Магілёўскай, Віцебскай, радзей Мінскай губерняў. Гэта тлумачыцца збольшага тэрытарыяльным размяшчэннем гэтых рэгіёнаў бліжэй да Пецярбурга і Масквы. Жыхары заходніх губерняў накіроўваліся вучыцца ў Прыбалтыку ці Польшчу, дзе і заставаліся. Пра іх нам вядома яшчэ менш. У прынцыпе за стагоддзе мала што змянілася, беларусы з усходу краіны ездзяць на заробкі ў Расію, на захадзе — ў Польшчу.

Справакаваная царскай палітыкай сітуацыя, калі на вялікім абшары Беларуска-Літоўскіх губерняў адсутнічалі вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама эканамічная адсталасць краю і палітычныя рэпрэсіі супраць мясцовай каталіцкай арыстакратыі прывялі да вымывання з Беларусі творчых і навуковых сілаў на карысць Расіі. Метраполія высмоктвала творчыя сілы з правінцый, памнажаючы сваё багаццё. 

Архітэктурная адукацыя ў Беларусі адрадзілася толькі ў 1946 годзе, але назваць яе нацыянальнай досыць цяжка — аж да 1980-х у краіне панавалі архітэктары з Расіі і Украіны, якіх у Беларусь размяркоўвалі пасля заканчэння ўніверсітэта. Сённяшняя палітыка беларускіх уладаў зноў прымушае дойлідаў шукаць лепшай долі па-за межамі Радзімы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары17

  • помнящий
    14.04.2024
    Беларуси?????  Беларусь как СТРАНА возникла в 1991 году. Ее наследие это библиотека и дом Чижа. Все что условно до 1800 это наследие Речи Посполитой, что после Российской Империи. Потом, естественно СССР.  
    И не надо банить. Влажные фантазии настоящых беларусов привели к власти "настаящэго первога беларуса"...  Пришло время отвечать...
  • Юзік са станцыі Крулеўшчына
    14.04.2024
    У Беларусі сярод некалькіх дзясяткаў касцёлаў  у стылі псеўдаготыкі -- няма нічога арыгінальнага, што заслугоўвала б хоць нейкай увагі. Усё вельмі проста і стандартна -- адна-двухвежавы храм просценькай архітэктуры са стрэльчатымі вокнамі. Паставіць у Беларусі па арыгінальнасці побач з касцёламі ў Самары ці Маскве -- няма чаго!
    Ну, так, ёсць у Сар'і (Верхнядзвінскі р-н) арыгінальная, пекная капліца ў стылі маўрытанскай готыкі. Яна заслугоўвае пэўнай ўвагі!  Але, гэта не касцёл, яна будавалася як капліца, пры гэтым яе сёння пераробілі пад царкву!
    Ну, а што больш? Касцёл у Гервятах? І што там арыгінальнага? Ён, проста, вялікі!
  • CV
    14.04.2024
    Юзік са станцыі Крулеўшчына,а ўсё таму, што дойлідаў сваіх не было, муляроў не засталося, фундараты не вельмі багаты, а яшчэ няма сваіх мануфактур па вырабе архітэктурных дэталяў. Вось адсюль і беднасць беларускай псеўдаготыкі.

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?28

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі самалёт скінуў бомбу на школу ў Белгарадскай вобласці4

МУС паказала трэніроўку разгону мітынгаў ФОТЫ13

Арыштаваны дом Цапкалаў у Мінску не прадалі на аўкцыёне — не знайшлося ахвотных1

Wyborcza паведамляе пра вобшук у Агнешкі Рамашэўскай — сама яна гэта адмаўляе6

Літоўская мытня чарговы раз ускладніла ўмовы для транзіту аўто з ЗША ў Беларусь. Якія аўто цяпер могуць захраснуць у порце Клайпеды?5

У кафэ ў Брэсце можна разлічыцца лісцем2

МТЗ правёў краш-тэст сваёй сякеры: інструмент пераехалі трактарам ВІДЭА7

Даляр узяў адзнаку 3,4 рубля

Стане яшчэ халадней. Днём будзе з мінусам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?28

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Галоўнае
Усе навіны →