Гродзенец ператварыў 36-гадовы фургончык у кветкавую краму ФОТА
Пра арыгінальны падыход у кветкавым бізнэсе піша Newgrodno.by.
Невялікі блакітны фургончык «Your Flowers» стаіць у адным са спальных раёнаў Гродна. Машыне без малога 36 гадоў, расказваюць журналісты.
Гэта чэшскі аўтамабіль Avia A21F 1988 года выпуску. Чэхаславацкая фірма «Авія» выпускала такія фургоны з 1983 па 1993 год.
Раней гэты яркі грузавічок займаўся перавозкай прадуктаў у Віцебскай вобласці, пакуль яго не купіў кветкавы бізнэсмен з Гродна.
Дарэчы, справа гэта ў хлопца сямейная. Вырошчвалі і прадавалі кветкі яго бацькі і нават бабуля. Так што, як прызнаецца Марк, выбару ў яго асабліва не было. Дарэчы, каб увайсці ў справу, зберажэнняў шмат не трэба. Калі знойдзеце пад падушкай $3 000, можна рызыкнуць і стаць гандляром руж ды мімоз.
У Марка па горадзе некалькі павільёнаў. Канкураваць з іншымі кветкавымі пунктамі, якіх у Гродне шмат, атрымоўваецца за кошт выгаднага месцазнаходжання, цэн і дасведчанага фларыста. Вядома, асаблівай папулярнасцю карыстаецца вось гэты фургончык.
— Усе думаюць, што тут пякуць чарговыя бліны або гандлююць шаўрмой! А калі бачаць кветкі, вельмі дзівяцца. Падобнага ў горадзе ў нас яшчэ няма… Таму ўвагі, вядома, хапае.
Адкрываць кветкавы магазін дорага і ўжо банальна, кажа Марк. Таму замест павільёна Гродзенскі прадпрымальнік купіў старэнькі 36-гадовы бус.
— У горадзе ўсё больш і больш з'яўляецца рэстаранаў на колах. Я падумаў: А чаму б мне не замуціць такі ж фургончык, толькі кветкавы? У краме патрэбныя дадатковыя халадзільнікі. Арэнда і камуналка дарагія… А тут задачай самай складанай аказалася знайсці падыходны бус і мінімальна прыстасаваць яго да гандлю!
Калі прадпрымальнік купіў бус, той быў увесь іржавы.
— Але мы яго цалкам пераабсталявалі, абшылі ўнутры і перафарбавалі. Правялі праводку і ўставілі лічыльнікі. На ўсе працы разам з купляй сышло блізу $4 000, — распавядае гарадзенец. — Тут дызельны рухавік, чатырохступеньчатая механічная каробка перадач, спружынная падвеска. Грузападымальнасць — звыш 3,5 тоны!
Чэшскі фургончык перасоўны. На далёкія адлегласці ехаць, вядома, ніхто не рызыкне, але з аднаго спальнага раёна ў іншы цалкам можна.
Для 8 Сакавіка бізнэсмен падрыхтаваў больш за 10 тысяч кветак. Вядома, у асноўным папулярнасцю ў гэтыя дні карыстаюцца цюльпаны. Сярэдняя іх цана — ад 3,5 рубля. Атрымліваецца, за адзін дзень рэальна выручыць каля 10 тысяч даляраў.
Каментары