У Оршы жанчыну аштрафавалі на 1200 рублёў за лайк пад карцінкай са свечкай. У яе пенсія 340 рублёў
60-гадовая жыхарка Оршы запісала відэа пра тое, што яе аштрафавалі «за распаўсюд экстрэмізму» на 1200 рублёў. Жанчыну завуць Алена Мінчанка, у лютым ёй споўнілася 60 гадоў, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю». Яна размясціла свой зварот у тыктоку.
Жанчына кажа, што «з 11 студзеня ўся ў слязах«, бо яе аштрафавалі за тое, што яна «паставіла лайк пад карцінкай, дзе чалавеку жадалі Царства Нябеснага». Імаверна, жанчына зрабіла гэта на адным з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаным уладамі экстрэмісцкім — штрафавалі яе паводле ч. 2 арт. 19.11 КК.
На відэа жанчына са слязьмі распавядае, што ў яе пенсія складае 340 рублёў, і яна абышла ўсе банкі горада, каб атрымаць крэдыт, але безвынікова. Алена звярнулася ў суд, каб дазволілі сплаціць штраф у растэрміноўку. І сёння павінна быць паседжанне.
У ранейшых відэапастах у тыктоку пенсіянерка гаворыць, што «любіць нашу Беларусь», а ўсіх, хто супраць парадкаў у краіне, пасылае «ісці полем» і абяцае «паказаць кірунак».
Цяпер жанчына баіцца, што не зможа сплаціць такі вялікі штраф, што ў яе адбяруць дом і на старасці яна «стане бамжом». «Памаліцеся за мяне, каб суддзя ўхваліў растэрміноўку, у мяне пенсія ўсяго 340 рублёў. Буду суддзю на каленях прасіць», — кажа яна.
Вынікаў пасяджэння яна пакуль не публікавала.
У каментарах пад відэа многія каментатары пішуць, што за такое ў Беларусі не штрафуюць і такой пенсіі няма.
«Хутка абавяжуць ставіць відэакамеры на нашых кухнях і ў спальнях». Беларусы выказаліся пра новаўвядзенні ў таксі
Тыкток абмяркоўвае канфлікт у маршрутцы: кіроўца пачаў выганяць дзяўчыну, якая аплаціла праезд
Гродзенка, якую раней судзілі за БЧБ-штаны, паклікала ўсіх на выбары і сфатаграфавалася з былым сілавіком
Каментары