Кампанію ў Мінску закрывае яшчэ адзін вядомы мабільны распрацоўшчык
Геймдэў-студыя з беларускімі каранямі Belka Games ліквідуе юрыдычную асобу ў Мінску. Такая інфармацыя з’явілася на сайце адзінага дзяржрэгістратара, заўважыў Devby.io.
Афіцыйна працэдура ліквідацыі Belka Games была запушчаная ў канцы снежня 2023 года. Рашэнне было прынятае ўласнікам. Такім чынам, кампанія папоўніла спіс мабільных распрацоўшчыкаў, якія вырашылі закрыць бізнэс у Беларусі.
Belka Games з’яўляецца адным з найбуйнейшых мабільных распрацоўшчыкаў з беларускімі каранямі. Студыя — стратэгічны партнёр AppLovin — сусветнай мабільнай рэкламнай платформы. У 2019 годзе Belka Games прыцягнула інвестыцыі ад AppLovin, якая на той момант ацэньвалася ў 2 мільярды долараў.
У 2021 годзе Belka Games увайшла ў топ-3 найбуйнейшых паблішараў з беларускімі каранямі па памеры выручкі. Кампанія атрымала за год 130,7 мільёна даляраў — амаль на 50% больш, чым у 2020 годзе. Таксама Belka Games увайшла ў топ-100 мабільных паблішараў свету па версіі App Annie, у топ-20 па выручцы ў рэгіёне ЕМЕА.
На пачатку 2022 года ў кампаніі працавала больш за 400 чалавек у шасці офісах, уключаючы офіс у Мінску.
Вайна ва Украіне вымусіла кампанію скарэктаваць стратэгію развіцця. У лістападзе 2022 года Belka Games заявіла аб сыходзе з Расіі і рэлакацыі амаль усёй расійскай каманды ў іншыя краіны.
«У сакавіку 2022 года наша кампанія стала паступова сыходзіць з Расіі ў сувязі з падзеямі ў рэгіёне. За 7 месяцаў мы рэлакавалі каманду і паменшылі нашу прысутнасць у 6 разоў — з 240 да 35 супрацоўнікаў. На сённяшні дзень прынятае рашэнне аб канчатковым спыненні дзейнасці расійскага офіса. Кампанія працягвае апераванне і пашырэнне каманды ў Еўропе», — заявіў CEO Аляксандр Багданаў.
Офіс у Беларусі на той момант працягваў працаваць. Але, паводле слоў крыніц, яшчэ ў 2021 годзе кампанія ўвяла мараторый на найманне ў РБ. Ахвотным пераехаць давалі магчымасць уладкавацца ў Польшчы, Літве і Чарнагорыі. Шмат супрацоўнікаў (з Беларусі) сыходзілі самастойна з кампаніі, хтосьці згаджаўся на рэлакейт і пераязджаў, кагосьці скарачалі.
Таксама стала вядома, што сузаснавальнік Belka Games Дзмітрый Хусаінаў атрымаў грамадзянства Чарнагорыі ў абмен на інвестыцыі.
Цяпер у Belka Games працуе больш за 300 чалавек. Мяркуючы з інфармацыі на афіцыйным сайце, у кампаніі адкрыты падраздзяленні ў шасці краінах — у Літве, Польшчы, Украіне, Грузіі, Чарнагорыі і на Кіпры. На сайце адкрыта 12 вакансій — амаль усе маюць на ўвазе аддаленую працу. Кампаніі патрэбныя мастакі, дызайнеры, інжынеры, аналітыкі.
Беларусь
Ці засталіся яшчэ супрацоўнікі Belka Games у Беларусі (хтосьці можа працаваць аддалена) дакладна не вядома. Раней там працавала больш за 100 чалавек. На цяперашні момант у лінкедзіне больш за 20 супрацоўнікаў Belka Games пазначылі Беларусь у якасці актуальнай лакацыі.
Літва
У літоўскім офісе Belka Games цяпер зарэгістраваныя 80 супрацоўнікаў. За апошні год каманда павялічылася на 20%. Асноўны рост быў у 2022 годзе. У тым ліку за кошт рэлакантаў з Беларусі каманда ў Літве павялічылася ў тры разы — з 22 да 66 чалавек.
У Belka Games выявіўся самы высокі сярэдні заробак сярод ІТ-кампаній з беларускімі каранямі ў снежні 2023 года — амаль 10 тысяч еўра брута. Імаверна, якраз у снежні супрацоўнікі віленскага офіса атрымалі гадавыя бонусы. Яшчэ восенню мінулага года сярэдні заробак у Belka Games вагаўся ў межах 5 тысяч еўра брута. Атрымліваецца, што за снежань сярэдні заробак вырас удвая.
Паводле даных rekvizitai.vz.lt, за 2022 год Belka Games атрымала больш за 4,4 мільёнаў еўра прыбытку ад продажаў — у 4,5 разы больш, чым у 2021 годзе. Пры гэтым кампанія атрымала больш за 23 тысячы еўра страт.
Польшча
Юрыдычную асобу ў Польшчы (у Кракаве) кампанія зарэгістравала пры канцы 2022 года. Колькі чалавек працуе ў Польшчы, невядома. У лінкедзіне больш за 30 супрацоўнікаў Belka Games пазначылі Польшчу ў якасці актуальнай лакацыі.
Статутны капітал польскай юрыдычнай асобы кампаніі складае 140 тысяч злотых, або каля 35 тысяч долараў. Згодна з апошняй фінансавай справаздачнасцю, за перыяд са снежня 2021 па снежань 2022 года кампанія ў Польшчы атрымала больш за 80 тысяч злотых (каля 20 тысяч долараў) страт, якія плануецца пакрыць за кошт будучых прыбыткаў.
Хто яшчэ з вядомых мабільных распрацоўшчыкаў сышоў (сыходзіць) з Беларусі ў 2023-2024
Playtika
Ізраільская геймдэў-кампанія. Офіс распрацоўкі Playtika ў Мінску быў адкрыты ў 2012 годзе. На піку ў кампаніі працавала больш за 600 чалавек (на канец 2021 года). Мінскі офіс уваходзіў у топ-20 самых буйных ІТ-кампаній у Беларусі. У публічных справаздачах кампаніі з другой паловы 2020 года Беларусь фігуравала ў фактарах рызыкі праз нестабільную палітычную сітуацыю.
Топ-менеджмент паведаміў беларускай камандзе, што офіс распрацоўкі ў Мінску будзе закрыты пры канцы лютага гэтага года. Частку супрацоўнікаў скароцяць, частка, верагодна, працягне працаваць аддалена. Па словах супрацоўнікаў, афіцыйная прычына закрыцця — legal issues (заканадаўчыя пытанні — заўв.). Чакаецца, што кампанія скароціць 50% усёй мінскай каманды, то-бок каля 150 чалавек.
Apalon
Мабільны распрацоўшчык з беларускімі каранямі. Цягам лютага — сакавіка кампанія звольніць усю беларускую каманду (100+ чалавек), офіс у Мінску закрыюць. Гэта адбудзецца ў сувязі з продажам прадуктаў Mosaic Group — мацярынскай кампаніі Apalon. Яе інтэлектуальная ўласнасць стала прадметам угоды, пры гэтым каманда — не.
У Apalon працуе каля 150 чалавек, з іх больш за 100 — у мінскім офісе. У кампаніі таксама ёсць офіс у Літве. Частка каманды працуе ў Польшчы.
Playgendary
Міжнародны распрацоўшчык і выдавец мабільных гульняў са штаб-кватэрай на Кіпры. На сёння агульная колькасць загрузак гульняў перавышае 3 мільярды. Штомесячная аўдыторыя — 250+ мільёнаў актыўных карыстальнікаў. У камандзе 300 чалавек. У Беларусі восенню 2021 года працавала каля 120 чалавек, пасля 24 лютага 2022 года штат скараціўся ў 3 разы літаральна за некалькі месяцаў.
Verv
Кампанія стварае мабільныя праграмы ў катэгорыі Health and Fitness. Мы рэгулярна ўключалі Verv у топ-10 паблішараў з беларускімі каранямі па памеры выручкі. У мінскім офісе Verv працавала каля 100 чалавек. Цяпер большасць супрацоўнікаў у Польшчы.
Akveo
Займаецца распрацоўкай уласных праграмных прадуктаў для вэб– і мабільных рашэнняў (ngx-admin, Kitten Tricks і іншыя). Прадукты прымяняюцца ў аўтамабільнай, турыстычнай, банкаўскай, медыцынскай, тэлекамунікацыйнай і адукацыйнай галінах.
TangoMe
Амерыканская кампанія, развівае праграму для анлайн-трансляцый Tango Live. Гэта адная з вядучых платформаў для анлайн-трансляцый ва ўсім свеце. Гадавы абарот ацэньваецца ў 400 мільёнаў долараў.
Каментары