Праваслаўны камуніст і ватнік з Расіі. Што вядома пра двух самых маладых кандыдатаў у Мінгарсавет
«Наша Ніва» звярнула ўвагу на самых маладых сталічных кандыдатаў. Гэтыя хлопцы не маюць шанцаў на перамогу, але добра ілюструюць, якія людзі вылучаюцца ад кішэнных партый, калі ў дзяржаве не засталося ніякай канкурэнтнай палітыкі.
Расіянін з партыі Гайдукевіча
Кірылу Гаршкову 18 гадоў. Нарадзіўся ён у расійскім Валгаградзе, але дзяцінства правёў у Бабруйску. Там быў актывістам БРСМ і сябрам моладзевага парламента.
Цяпер хлопец, мяркуючы па спісах абітурыентаў, вучыцца на платным аддзяленні ў Міжнародным інстытуце «МІТСО» па спецыяльнасці «Эканамічнае права» (праўда, у спісах кандыдатаў ён пазначаны як беспрацоўны, таму мог ужо і адлічыцца). Але і праўладныя актыўнасці не закінуў — на старонках у сацсетках публікуе «патрыятычныя» фота з чырвона-зялёным сцягам.
Мяркуючы па падпісках хлопца ў сацыяльнай сетцы «Укантакце», ён займае прарасійскую пазіцыю. Сярод ягоных падпісак — «Я жыву ў Расіі і мне не сорамна», «Інфармацыйная падтрымка Пуціна», «Армія Z» ды яшчэ дзясяткі паблікаў такога кшталту.
Праўда, і адпачынак у Еўропе хлопцу падабаецца. На ягонай старонцы «Укантаце» ёсць фота з шэрагу краін Еўрасаюза, сярод якіх Італія і Германія.
Хлопец балатуецца ад партыі ЛДПБ, якую ўзначальвае Алег Гайдукевіч, па Каржанеўскай акрузе ў Курасоўшчыне.
Праваслаўны камуніст Дзмітрый Шамонін
Дзмітрый Шамонін — другі па ўзросце сярод кандыдатаў у мясцовыя дэпутаты. Хлопцу 20 гадоў.
Ён мінчук і выпускнік ліцэя №1 Мінска, які закрылі з падачы былога міністра адукацыі Ігара Карпенкі ў снежні 2021-га. Апошні выпуск з ліцэя адбыўся ў маі 2023-га.
Цяпер Дзмітрый вучыцца на трэцім курсе механіка-матэматычнага факультэта БДУ.
Шамонін — узорны малады ябацька. Ён віншуе падпісантаў сваіх старонак з расійскімі і камуністычнымі святамі ды ўдзельнічае ва ўсіх магчымых акцыях прарасійскіх сілаў. Напрыклад, асабліва адзначае Дзень адзінства народаў Расіі і Беларусі, а таксама аналагічныя даты.
Але погляды Дзмітрыя вельмі супярэчлівыя, разабрацца ў іх няпроста. Ён займае адкрыта прарасійскую пазіцыю. З іншага боку, пазіцыянуе сябе як антыфашыст і прыхільнік камуністычных поглядаў.
Ёсць у яго ў сацсетках і антыўкраінскія пасажы.
А таксама сардэчнае віншаванне Сталіну з днём народзінаў.
Пры гэтым хлопец не забывае віншаваць падпісантаў з праваслаўнымі святамі.
Сярод допісаў на старонках Дзмітрыя, напрыклад, ёсць адначасова заклікі змагацца з беларускай мовай (і асабліва з лацінкай) і віншаванні з Днём роднай мовы.
І мудрагелістыя цытаты ўласнага вырабу.
А таксама цытата Лукашэнкі, якую непадрыхтаваны чытач можа ўспрыняць як крамольную.
Дзмітрый Шамонін балатуецца ў мясцовыя дэпутаты ад Камуністычнай партыі па мінскай Вяснянскай выбарчай акрузе. Гэта мікрараёны Вяснянка і Ржавец, жыллё топ-чыноўнікаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары