Прапагандысты зноў звярнуліся да канспіралогіі. Козыр з «Планам Далеса» дастаў Кірыл Казакоў
«План Далеса», які быццам бы скіраваны на раскладанне і разбэшчанне грамадства, заўсёды служыць апошнім аргументам, калі няма чым абгрунтаваць сваю бездапаможнасць.
У эфіры ток-шоу «По существу» на канале СТБ абмяркоўваліся пытанні культуры. З крыўдай прапагандыст Кірыл Казакоў абураўся, што тыя людзі, якія з’ехалі з Беларусі, лічаць, што яны рабілі культуру, а лукашысты жывуць у мінулым і з’яўляюцца жудаснымі рэтраградам, а ўсё, што робіцца сёння ў краіне, гэта ці нейкая канцэпцыя савецкага, ці нешта недаробленае беларускае.
Госці перадачы падтрымалі яго, маўляў, у тых, хто з'ехаў, гаворка зусім не пра мастацтва, а пра разгойдванне рэжыму.
Казакоў быццам чакаў гэтых словаў, каб нагадаць пра цытату дырэктара ЦРУ Алана Далеса:
«Літаратура, тэатры, кіно — усё будзе адлюстроўваць і праслаўляць самыя нізкія чалавечыя пачуцці. Мы будзем усяляк падтрымліваць і праслаўляць так званых мастакоў, якія стануць насаджаць і ўдзёўбваць у чалавечую свядомасць культ сэксу, гвалту, садызму, здрады — словам, усякай амаральнасці. У кіраванні дзяржавай мы створым хаос і неразбярыху».
Рэктарка БДУКМ Наталля Карчэўская, якая была запрошана на шоу, хутка адшукала цудоўны прыклад поспеху беларускага змагання з гэтай заходняй навалай, нагадаўшы пра тое, як нядаўна крайнеправыя амерыканцы былі ў захапленні ад таго, што на навагоднім балі ў Лукашэнкі не было ніводнай «гей-чорнай пары».
Дырэктар ЦРУ Ален Далес сапраўды існаваў, з'яўляўся адным з ідэолагаў халоднай вайны паміж ЗША і СССР, а таксама быў арганізатарам разведвальнай дзейнасці супраць сацыялістычных краін. Але да так званага «Плана Далеса» ён не мае ніякага дачынення.
«План Далеса», які ставіць за мэту знішчэнне СССР метадамі прапаганды, накіраванай на раз'яднанне нацыянальнасцяў і сацыяльных груп, страту традыцый, маральных каштоўнасцяў, маральнае разлажэнне насельніцтва краіны, мае выключна літаратурную аснову.
Расійскі пісьменнік Анатоль Іваноў у 1970-х стварыў эпічны раман «Вечны кліч». Па сюжэце ў час вайны падпалкоўнік абвера, былы следчы царскай «ахранкі» Лахноўскі расказвае свайму зяцю Паліпаву пра тое, як заходні капіталістычны свет задумвае разбурыць Савецкі Саюз і сілу яго народа, грунтуючыся на нізкіх карыслівых матывах.
«Мы далей пойдзем іншым шляхам. Будзем вырываць гэтыя духоўныя карані бальшавізму, апашляць і знішчаць галоўныя асновы народнай маральнасці. Мы будзем расхістваць такім чынам пакаленне за пакаленнем, выветрываць гэты ленінскі фанатызм. Мы будзем брацца за людзей з дзіцячых, юнацкіх гадоў, будзем заўсёды галоўную стаўку рабіць на моладзь, станем раскладаць, разбэшчваць, разбэшчваць яе! — зморшчаныя павекі Лахноўскага хутка і часта затрэсліся, вочы зрабіліся круглыя, у іх запляскаўся, загарэўся люты агонь, ён пачаў гаварыць усё гучней і гучней, а пад канец літаральна закрычаў: — Так, разбэшчваць! Разбэшчваць! Мы зробім з іх цынікаў, пашлякоў, касмапалітаў!»
Словы Лахноўскага амаль дакладна супадаюць з тэкстам так званага «плана Далеса»:
«Будзем вырываць духоўныя карані, апашляць і знішчаць асновы духоўнай маральнасці. Мы будзем брацца за людзей з дзіцячых, юнацкіх гадоў, галоўную стаўку будзем рабіць на моладзь, станем раскладаць, распускаць, разбэшчваць яе».
Канчаткова словы Лахноўскага былі аформлены ў гэтую быццам бы амерыканскую дактрыну па знішчэнні Савецкага Саюза ўкраінскім пісьменнікам і публіцыстам Барысам Алейнікам ужо ў 1993 годзе ў расійскім друку.
Гэта быў час, калі на неспрактыкаваную савецкую публіку зваліліся выкрыцці старых парадкаў, новыя культурныя і эканамічныя рэаліі. У насельніцтва склалася адчуванне дэзарыентацыі ў новым свеце, калі праўда, здавалася, заўсёды была адноснай і няпоўнай. На гэтую глебу добра клаліся любыя канспіралагічныя тэорыі і эзатэрыка, якія проста тлумачылі складаныя рэчы. Напрыклад, як магла разваліцца такая вялікая і магутная краіна, як СССР.
Эканамічныя, нацыяльныя і сацыяльныя ўнутраныя супярэчнасці выглядалі не так адназначна для тых, хто настальгаваў па былых парадках. А вось змова варожага Захаду — добра тлумачыла ўсё. Спіс публічных асоб, якія ўхапіліся за гэтую канцэпцыю, як за сапраўдны «план», пра многае кажа — Уладзімір Жырыноўскі, Мікіта Міхалкоў і Міхаіл Задорнаў.
Ідэі, як вядома, неўміручыя. Выдуманы «план Далеса» пачаў абрастаць падрабязнасцямі, якія дадавалі яму сапраўднасці, як і згадкі яго чыноўнікамі і сілавікамі, для якіх на постсавецкай прасторы вельмі характэрнае канспіралагічнае мысленне — праз усю тую ж траўму распаду СССР, які яны мусілі сваёй працай зберагчы.
Адна з прычыны жывучасці «план Далеса» ў народзе — ён здымае адказнасць з людзей за ўсё тое, што адбываецца ў іх краіне, а так жыць многім прасцей.
А палітыкам ён развязвае рукі для дзеяння ці бяздзеяння — усё можна патлумачыць варожымі кознямі ці супрацьдзеяннем ім. Аналагічным у гэтым плане з'яўляецца падложны дакумент пад назвай «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў», які быў створаныя ў пачатку ХХ стагоддзя ў Расійскай імперыі для апраўдання антысеміцкай палітыкі.
Вось і ў Казакова аргументам на заняпад культуры пры лукашэнкаўскай дыктатуры служыць «план Далеса». Выкарыстоўваў ён яго, каб выкрыць планы апанентаў, а па факце — каб патлумачыць насельніцтву творчую бездапаможнасць існуючага рэжыму.
Такую ж бездапаможнасць адчувала перад студэнтамі і Наталля Качанава ў 2020 годзе, вырашыўшы ў якасці аргумента звярнуцца да відэа, якое пераказвала выдуманы «план». Пасля ім жа пужалі на так званых «дыялогавых пляцоўках» і ідэолагі на прадпрыемствах. Да таго часу пра «план Далеса» ніколі публічна не згадвалі, сёння гэта апошні аргумент у змаганні за розумы.
Але з тым жа поспехам Казакоў і Качанава маглі б зачытваць, як апошнюю ісціну, паведамленні Міністэрства праўды з рамана «1984» пра злачынствы Остазіі і Еўразіі супраць іхняй краіны. І тое, і другое — літаратурная выдумка.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Усё ідзе згодна з планам Далеса». Расійская спявачка Віка Цыганова з мужам прыйшлі да Дудзя і выклалі свае тэорыі
Марзалюк паказаў «сведчанне злачынстваў пад бела-чырвона-белым сцягам». Але гэта хлусня — вось што на фота
Караеў абвінаваціў беларусаў тымі ж словамі, якімі Гітлер абвінавачваў яўрэяў і марксістаў
Каментары