Беларуса затрымалі ў Польшчы за перавозку наркотыкаў і п'янае кіраванне аўтамабілем
Паліцыя польскага Сопата 1 студзеня затрымала 32-гадовага грамадзяніна Беларусі, які кіраваў аўтамабілем BMW у стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення, а таксама перавозіў значную колькасць наркотыкаў.
Паводле інфармацыі прэс-сакратаркі паліцыі Сопата Люцыны Рэкоўскай, у крыві беларуса было 1,5 праміле алкаголю, а ў аналізе сліны змяшчаліся сляды марыхуаны. Пры гэтым кіроўца «адчуваў цяжкасці з самавыяўленнем».
Пры вобшуку аўтамабіля было знойдзена 268 порцый клефедрону і некалькі порцый сушаных раслін канабісу, гашышу і іншых псіхатропных рэчываў. 3 студзеня суд меўся разгледзець хадайніцтва пракуратуры аб часовым арышце падазраванага.
У Польшчы захоўванне значнай колькасці наркотыкаў караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 10 гадоў, а кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення — да трох гадоў.
Каментары