У Бабруйску расце таполя, якая не скінула лісця на зіму ФОТАФАКТ
На вуліцы Сацыялістычнай у Бабруйску адна са старых таполяў чамусьці ўвосень не абляцела, а стаіць з лісцем дагэтуль, заўважыў Komkur.info. У чым прычына гэтай прыроднай з'явы?
Незвычайнае дрэва прыкмецілі яшчэ ў канцы кастрычніка. Тады літаральна за некалькі непагодлівых дзён з дрэў абсыпалася ўся жоўтая лістота, а вось з гэтай таполі — не, нягледзячы і на вятры, і на дажджы, і на снег. Пры гэтым лісты на ім ужо даўно не зялёныя, хутчэй шэрыя, але на зямлю падаць не спяшаюцца.
Расце дрэва тут амаль паўстагоддзя, але нічога падобнага за ім раней не назіралася. Год таму камунальнікі абрэзалі на ім усе галіны, пакінуўшы толькі ствол вышынёй у пяць метраў. За вясну і лета галіны зноў адраслі, а вось цяпер на палове з іх такая неспадзяванка.
Ландшафтны архітэктар Ігар Куталоўскі патлумачыў, што такая з'ява можа азначаць:
«Калі старыя лісты пацямнелі і не змаглі абсыпацца, значыць, новыя на гэтых галінах ужо не з'явяцца.
Для лістапада неабходныя пэўныя жыццёвыя працэсы: дрэва выпрацоўвае ферменты, пад іх уздзеяннем чаранок ліста робіцца кволым і ліст падае. У нашым выпадку чаранок і ліст, відавочна, засохлі яшчэ да восені.
Мінулай вясной дрэва паспела зацвісці, але пад уздзеяннем шэрагу фактараў частка галін адмерла. Прычыны могуць быць розныя. І ўзрост дрэва, і знешнія ўздзеянні, і нават соль, якой пасыпаюць дарогі».
Каментары