Стала вядома, што сказаў Пуцін кіраўніку КНР наконт тэрмінаў вайны ва Украіне
У сакавіку 2023 года падчас візіту Сі Цзіньпіна ў Маскву Уладзімір Пуцін заявіў кіраўніку КНР, што Расія мае намер ваяваць ва Украіне як мінімум пяць гадоў. Пра гэта паведамляе японскае выданне Nikkei са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Як піша выданне, гэта было папярэджаннем для Сі не мяняць сваёй прарасійскай пазіцыі. Так Пуцін спрабаваў запэўніць Кітай, што зацяжная вайна выгадная Расіі і ў канчатковым рахунку Масква выйдзе з яе пераможцам, распавядае Nikkei.
Зыходзячы з гэтых слоў, выданне робіць выснову аб тым, што не варта прымаць за чыстую манету сігналы Пуціна па дыпламатычных каналах аб гатоўнасці да перамоваў аб спыненні агню.
23 снежня газета The New York Times, спасылаючыся на свае крыніцы, пісала, што прэзідэнт РФ з верасня праз пасярэднікаў перадае Кіеву і яго заходнім партнёрам, што гатовы спыніць агонь і замарозіць баявыя дзеянні ў існых межах, то-бок пакінуць Расіі акупаваныя тэрыторыі.
Магчыма, Пуцін хоча стварыць ілюзію таго, што рухаецца да міру напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, мяркуючы, што такая атмасфера будзе спрыяць яму падчас галасавання, піша Nikkei.
Пры гэтым выданне мяркуе, што кіраўніцтва Кітая наўрад ці давярае заяве Пуціна аб намеры весці вайну пяць гадоў.
Паводле Nikkei, Сі Цзіньпін нібыта затаіў крыўду на Пуціна яшчэ з кітайска-расійскага саміту, які адбыўся 4 лютага 2022 года, у дзень адкрыцця Зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 года ў Пекіне.
Падчас саміту Пуцін не паказаў ніякіх прыкмет таго, што ён збіраецца пачаць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Але гэта ўварванне адбылося 24 лютага ў выніку бліцкрыгу, які, як меркавала Расія, будзе дастаткова магутным, каб падпарадкаваць украінскі ўрад у Кіеве, сталіцы гэтай краіны.
Як піша выданне, нечаканы напад прывёў Кітай у паніку. На перамовах 20 днямі раней Сі Цзіньпін і Пуцін заявілі аб партнёрстве паміж іх краінамі «без абмежаванняў». Такім чынам, для людзей ва ўсім свеце было цалкам натуральна зрабіць выснову, што Кітай маўкліва ўхваліў поўнамаштабнае ўварванне Расіі.
Але гэта было не так. Кітай недаацаніў сапраўдных намераў Расіі, піша Nikkei.
Пекін, які, несумненна, ведаў пра маштаб расійскіх войскаў паблізу мяжы з Украінай, меркаваў, што гэтыя войскі ўварвуцца толькі ва ўсходнюю частку Украіны.
Ва ўсякім выпадку, адміністрацыя Сі Цзіньпіна не чакала поўнамаштабнага ўварвання, асабліва такога, якое адбудзецца ўсяго праз чатыры дні пасля закрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне і за тыдзень да адкрыцця Зімовых Паралімпійскіх гульняў, дадае выданне.
Каментары