На трасе ў Дзяржынскім раёне МАЗ урэзаўся ў фуру. Кіроўца грузавіка памёр у бальніцы
Аварыя адбылася каля вёскі Забалацце 11 снежня на трасе М-1. Сутыкнуліся МАЗ і фура. Кіроўцу грузавіка заціснула ў кабіне, яго даставалі выратавальнікі. Але ў бальніцы 45-гадовы жыхар Дзяржынскага раёна памёр.
Кіроўца фуры распавёў Onliner, што ехаў з напарнікам на двух цяжкагрузах з Берасця ў Казань і Самару.
— Пад Стоўбцамі зрабілі прыпынак, адпачылі. Потым працягнулі шлях па М1. Першыя кіламетраў дваццаць дарога была добрая, чыстая. Потым напарнік апярэдзіў перад сабой машыну. Я таксама пачаў рабіць спробы яе абʼехаць, але дарога станавілася ўсё горш і горш — палос ужо не было відаць, усё пад снегам. Рухаўся па каляіне, пакінутай напарнікам. У нейкі момант узяў крыху ўлева, каб не сутыкнуцца са спадарожнай легкавушкай, і мяне панесла на раздзяляльную паласу. Там былі вялікія гурбы, машына пачала віляць. Пакуль спрабаваў выраўняцца, апынуўся ўжо на сустрэчцы. Кабіну разгарнула, я спыніўся. Літаральна праз дзве секунды ў мяне ўляцеў МАЗ, хоць у яго была магчымасць зʼехаць на абочыну. Дзякуючы таму, што мая кабіна апынулася разгорнута, мы не сутыкнуліся лоб у лоб.
У выніку ДТЗ кіроўца «МАЗ» ад атрыманых траўмаў памёр у бальніцы.
Каментары