Усяго патроху33

«Хацелася б стварыць творчую талаку». Кіроўца аўтобуса ўцёк са сталіцы і цяпер у вёсцы майструе флейты

Кінуць сталіцу, з’ехаць у вёску і… пачаць ствараць дзіўныя музычныя інструменты. Такі жыццёвы паварот здзейсніў Раман Курач. Тры гады таму ён працаваў кіроўцам аўтобуса, а сёння майструе флейты і плануе вырабляць прафесійныя духавыя інструменты, піша Alovakmag.by.

«Ды ў цябе проста занадта шмат летуценняў!» 

Гісторыя таго, як Раман прыйшоў да ідэі стварэння майстэрні па вырабе этнічных флейтаў, нагадвае завязку прыгодніцкага серыяла. Жывучы ў Мінску і працуючы ў аўтобусным парку, ён не планаваў ніякіх зменаў у жыцці.

Так працягвалася да паездкі на Цудоўныя ўзгоркі, што на Валожыншчыне. Пабываўшы там аднойчы, Раман загарэўся, ідэя пераехаць у вёску апанавала яго. Ён наважыўся ў адзін момант: кінуў працу, выключыў тэлефон, узяў тысячу рублёў і рвануў на Цудоўныя ўзгоркі, каб больш не вярнуцца. 

«Я заўсёды марыў жыць бліжэй да зямлі, рабіць нешта сваімі рукамі. Але, калі распачынаў гэтую размову ў сямейным коле, падтрымкі не сустракаў. Усе казалі, што я вялікі фантазёр, — успамінае Раман. — Таму ні з кім не раіўся і дзейнічаў хутка».

Пакуль здзіўленыя адсутнасцю Рамана родныя і працадаўца знаходзіліся ў разгубленасці, ён, натхнёны новым паваротам жыцця, ужо не сумняваўся ў правільнасці свайго рашэння.

Першыя паўтара года на Цудоўных узгорках прайшлі ў пошуках сябе. Раман пасяліўся на хутары, куды яго ласкава пусціў пажыць, у сваю адсутнасць, новы знаёмы. Браўся за любую працу, дапамагаў мясцовым жыхарам, а таксама падахвоціўся на працу да мясцовага майстра-гусляра Дзмітрыя Бацішчы. Менавіта там ён атрымаў першы досвед працы з дрэвам і зацікавіўся тэмай стварэння музычных інструментаў.

«У маім арсенале не хапала хіба што флейты»

Музыка, дарэчы, суправаджала Рамана на працягу большай часткі жыцця.

«У мяне няма профільнай адукацыі, але я вырас у музычнай сям’і, і дома заўсёды было поўна музычных інструментаў, — кажа Раман. — Абысці іх было немагчыма, хаця бацькі ніколі не прымушалі да заняткаў музыкай. Разнастайныя гітары, барабаны, варган, бубен, гуслі… У маім арсенале не хапала хіба што флейты, але я да пэўнай пары не адчуваў да яе ніякай цікавасці». 

Раман паспеў знайсці жонку, з’ездзіць у падарожжа і нават купіць на Цудоўных узгорках дом, перш чым адбыўся выпадак, які вызначыў яго далейшы шлях. Знаёмы, які некалі пусціў пажыць на хутар, папрасіў дапамагчы з яго продажам, а ў падзяку дазволіў забраць некаторыя рэчы і некалькі пакінутых у хаце флейтаў. 

«Гэта былі японскія сякухаці — досыць цяжкія ў засваенні флейты з адкрытым свістком. Адну падарыў брату, на другой пачаў спрабаваць іграць сам. Доўга нічога не атрымлівалася, але ў момант, калі ўдалося выдаць першы глыбокі гук, мяне проста прабрала да дрыжыкаў.

Я паглядзеў на флейту іншымі вачыма і падумаў, што мог бы таксама зрабіць такую ж самую, а можа нават і лепшую».

Натхніўшыся гэтай думкай, Раман пачаў усебакова вывучаць тэму стварэння духавога інструмента. Знаходзіў інфармацыю на прасторах сеціва, глядзеў відэаролікі на ютубе. Першай вырабіў індзейскую варыяцыю флейты — пімак. Пасля пачаў рабіць інструменты адзін за адным. Нешта атрымлівалася добра, нешта — на выкід. Але з кожным новым вырабам цікавасць і імкненне рабіць лепш толькі ўзрасталі, а з імі спела думка аб ператварэнні працэсу ў сваю справу.

«Распавёў пра задумку брату, паказаў сваю першую флейту. Ідэя стварэння майстэрні ў ім адгукнулася, і мы вырашылі пачаць прасоўваць гэтую справу ўдваіх», — расказвае Раман. 

Так намаганнямі двух братоў з’явілася Pavetra — майстэрня па вырабе флейтаў

Раман заняўся вырабам інструментаў, а яго брат Іван пагрузіўся ў тэму прасоўвання майстэрні ў сацыяльных сетках. Увесну хлопцы адправіліся з дэбютам на «Чароўны млын». 

За тры дні кірмашу прадалі каля дзесяці флейтаў. Не толькі адбілі арэнду, але і засталіся ў плюсе.

Акрамя таго, пасля «Млыну« яшчэ паўтара тыдні захоўвалася вялікая актыўнасць у сацыяльных сетках. У інстаграме прылятала па замове на дзень. Хлопцы ўсцешыліся і зразумелі: патэнцыял ёсць.

Іван пачаў вучыцца прасоўванню, наладжваць таргет і чат-бот. Свой унёсак зрабіла і яго жонка-дызайнерка — менавіта яна дапамагла «ўпакаваць» брэнд і намалявала лагатып.

У Pavetra, аднак, на некаторы перыяд паўстала зацішша. Раман прызнаецца: у нейкі момант заказаў не было зусім, і ён быў блізкі да таго, каб страціць творчы запал. Падтрымку аказалі сябры і сямейнікі, якія прыязджалі ў госці і абавязкова куплялі нешта з асартыменту.

Неўзабаве справа ссунулася з мёртвай кропкі — прыводзіць кліентаў пачала таргетаваная рэклама. На дзіва, у братоў з’явіліся нават два інвестары, якія паверылі ў іх справу і пагадзіліся прафінансаваць куплю неабходнага абсталявання. 

«Адзін з іх наш даўні сябар, а другога прывёў Іван, які не губляе магчымасці расказаць пра нашу справу ў сваім асяроддзі, — усміхаючыся, расказвае Раман. — Цяпер мы праводзім своеасаблівы тэхнічны апгрэйд. Набылі станок і закупляем абсталяванне для вытворчасці новых разнавіднасцяў флейтаў.

Акрамя таго, станок дазволіць нам павялічыць аб’ёмы вытворчасці, бо пакуль я ўсё раблю ўручную і проста не паспяваю задавальняць попыт. За дзень магу стварыць адну-дзве флейты, а попыт такі, што сёння, напрыклад, у мяне ў наяўнасці толькі адзін інструмент».

Цяпер кошт флейтаў у Pavetra вар’юецца ад 60 да 200 рублёў. За месяц удаецца прадаць ад 10 да 17 штук. Заробак справа прыносіць нестабільны, і неабходнасць у падпрацоўках у Рамана пакуль яшчэ застаецца. Але майстар упэўнены, што з уключэннем у працэс станка і выхадам на большыя аб’ёмы справа стане больш прыбытковай. Вялікай канкурэнцыі ў сферы вытворчасці флейтаў у Беларусі ён не адчувае. 

«У нас у краіне ніша флейтыстаў даволі свабодная. Ёсць майстры, якія кропкава нешта робяць, але масавасці ў гэтым няма і, у цэлым, канкурэнцыя не адчуваецца, — дзеліцца Раман. — Акрамя таго, калі звярнуцца да этнічнай флейты, то гэта інструмент дастаткова аўтэнтычны. У кожнага майстра ён з выгляду і гучання адрозніваецца, і ў кожнага свае прыхільнікі». 

Тым не менш, заставацца толькі майстрам па вырабе этнічных флейтаў Раман не плануе. Цяпер яго таксама зацікавіла тэма прафесійных флейтаў, бо ў Беларусі гэты сегмент прадстаўлены толькі замежнымі вытворцамі.

«У Беларусі няма вытворчасці сваіх прафесійных флейтаў. Наша мэта — пачаць іх рабіць»

«Этнічная флейта — гэта народны духавы інструмент, які любяць за прастату. Іх купляюць людзі, якія жадаюць далучыцца да музыкі ў абыход прафесійнага навучання, граць для сябе, для душы. Мы і далей будзем іх рабіць, аднак, варта прызнаць, што прыродная форма такіх флейтаў не дазваляе дамагчыся вялікіх магчымасцяў у плане актаваў. Таму гэты інструмент не вельмі цікавы прафесіяналам і не выкарыстоўваецца для акадэмічнага навучання музыцы.

Што тычыцца такога ўзроўню, як блок-флейта ці акадэмічная свірэль — гэта больш тэхналагічныя і дакладныя музычныя інструменты. Граць на іх вучаць у пачатковым блоку музычнай школы. Мая мэта цяпер у тым, каб асвоіць іх выраб і на сваім прыкладзе паказаць, што ў Беларусі могуць рабіць інструменты такой якасці.

Цяпер большасць у нас карыстаецца дарагімі нямецкімі Hohner ці зусім таннымі пластыкавымі аналагамі, якія ні гучаннем сваім, ні выглядам не могуць ні на што натхніць», — дзеліцца сваімі думкамі Раман.

Майстар упэўнены, што эканомія на інструменце часта абарочваецца тым, што чалавек страчвае жаданне займацца музыкай, бо асвойваць інструмент нізкай якасці нецікава. 

«Мы плануем прапанаваць нешта сярэдняе па кошце без шкоды якасці. Упэўнены, калі такая флейта з’явіцца на нашым рынку, многія аддадуць перавагу менавіта ёй». 

«Уся гэтая гісторыя пра тое, каб жыць, слухаючы сваё сэрца»

Гаворачы пра перспектывы, Раман поўны энтузіязму і бачыць сябе не адзіным майстрам на сваёй вытворчасці. 

«Мне хацелася б згуртаваць вакол гэтай справы некалькіх майстроў і стварыць своеасаблівую творчую талаку, — дзеліцца сваімі планамі на будучыню Раман. — У кожнага будзе магчымасць ствараць свой інструмент або запусціць імянную лінейку, якая падкрэсліць індывідуальнасць майстра». 

Не выключае Раман з’яўлення іншых вырабаў, а таксама музычных інструментаў іншага класу, напрыклад манахордаў. 

«Вельмі шмат ідэй і задумак, якія хочацца рэалізаваць. Ёсць прадчуванне, што ўсё павінна атрымацца як трэба. Цяпер мае родныя і сябры падтрымліваюць маю дзейнасць і з цікавасцю назіраюць за тым, як змянілася маё жыццё, як я знайшоў сваю справу. Для сябе я ўжо даўно вырашыў, што, чым бы я ні заняўся, гэта павінна быць пра любоў і давер да сябе, да свету. Толькі з такой пазіцыі ўсё пачынае атрымлівацца».

Чытайце таксама:

«Калі б музыканты нашыя вясковыя заспелі сталёвыя струны, то традыцыя не перарывалася б». Гусляр расказаў, як спалучае традыцыйны народны інструмент і сучасную музыку

«Першае, што папрасіў перадаць з Беларусі — індзейскі строй, драўлянае каноэ і ціпі». Хто такія «беларускія індзейцы» і як яны жывуць

«Больш чым сярэдні заробак». Магілёўскі рамеснік расказаў, ці рэальна пракарміцца з драўлянага посуду

Каментары3

  • гоблен
    06.12.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Максим Дизайнер
    07.12.2023
    Молодец, Рома. Только жонка-дизайнер, духовная богатая, не такая, как все, творческая личность. Все мечты о прекрасном, новом, путешествия, заграница - это вариант швах. Будь на чеку. Для таких, как мы больше подходят бухгалтеры.
  • mikola
    07.12.2023
    [Рэд. выдалена]

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе1

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты35

Мінчук падышоў да зборшчыкаў за Лукашэнку і выказаў, што пра яго думае. Атрымалася крыміналка8

Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску2

Бізнэсу аддалі 10-15% ад дапамогі Еўрасаюза Беларусі — Ягораў адказвае на крытыку з боку Латушкі25

Падчас пажару ў віцебскім ГЦ пацярпелі 15 чалавек, з іх 2 работнікі МНС2

Сала па 35 рублёў, шмат садавіны і навагодніх тавараў. Якія цэны на Камароўцы перад святамі?1

Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры ліквідавалі, спатрэбілася чатыры з паловай гадзіны1

У Расіі заблакавалі Viber14

«Рускіх і ўкраінцаў можна параўноўваць з ханьцамі». Мядзведзеў тлумачыць кітайцам прычыны вайны ва Украіне на блізкіх ім прыкладах11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе1

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Галоўнае
Усе навіны →