У пятніцу на памежным пункце ў Нарве працягнулі падрыхтоўку да магчымага закрыцця мяжы з Расіяй. На мосце паставілі дадатковыя загароды, піша ERR.
Першыя бетонныя піраміды на мосце ў Нарве з'явіліся ўвечары 16 лістапада пасля таго, як на ўсходнюю мяжу Эстоніі прыбылі 19 грамадзян Самалі і Сірыі, якія спрабавалі без законных падстаў прабрацца ў краіну праз пагранпераход у Нарве.
У чацвер прэфектура Дэпартамента паліцыі і памежнай аховы Іды (рэгіён на ўсходзе Эстоніі) паведаміла, што ў сувязі з абвастрэннем міграцыйнай сітуацыі памежны пункт у Нарве можа быць закрыты. У такім выпадку будзе складана вярнуцца ў Эстонію, таму ўлады не рэкамендуюць ездзіць у Расійскую Федэрацыю.
«Мы рыхтуемся да закрыцця пагранпункта. Мы закрыем для руху дзве паласы, гэта пакуль не будзе перашкаджаць руху аўтамабіляў. А на закрытым цяпер пешаходным памежным пункце «Нарва-2» умацуем агароджы на мосце, каб нельга было яго выкарыстоўваць для незаконнага перасячэння мяжы», — паведаміла прэфектура.
«Мы ўважліва сочым за тым, што адбываецца на мяжы, бо Расія ажыццяўляе міграцыйны ціск у дачыненні да Эстоніі і Фінляндыі, адпраўляючы да нашай мяжы людзей, якія не маюць права на ўезд у Еўрасаюз. З мінулага тыдня некалькі буйных груп спрабавалі трапіць у Эстонію», — дадалі ў прэфектуры Іды.
Загароды спатрэбяцца і ў далейшым, паколькі 1 лютага закрыецца на рэканструкцыю КПП «Івангорад».
Каментары