Грамадства1616

Быў Элькінд, стаў Скітаў. Гісторыя дырэктара «Бабушкінай крынкі» і закуліссе імперыі кіраўніцтва спраў Лукашэнкі

Пратэжэ Мікалая Дамашкевіча, выхадзец з барысаўскага паўсвету, галоўны па мясе, галоўны па рыбе. І ўрэшце паслізнуўся на малацэ. Бальзакаўская гісторыя дырэктара «Бабушкінай крынкі» і траекторыя яго палёту ад аднаго Зайца да другога.

Гендырэктар ААТ «Бабушкіна крынка» Генадзь Скітаў. Фота: mnsvu.org

Гендырэктар ААТ «Бабушкіна крынка» Генадзь Скітаў — цэнтральная фігура маштабнай карупцыйнай справы ў малакаперапрацоўчай галіне.

Першая інфармацыя пра арышты прыйшла 1 лістапада. 14 лістапада намеснік начальніка следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Канстанцін Бычак заявіў, што фігурантамі справы сталі 26 чалавек, з іх 15 утрымліваюцца пад вартай.

Дзяржаўныя СМІ назвалі кіраўніка магілёўскага малочнага гіганта галоўным падазраваным у справе. А следства апублікавала фота золата і наяўных грошай, якія захоўваліся ў Генадзя Скітава. 

Каштоўнасці, выяўленыя ў Генадзя Скітава. Фота, распаўсюджанае Камітэтам дзяржаўнай бяспекі

Аляксандр Лукашэнка асабіста абвінаваціў Генадзя Скітава ў карупцыі і стварэнні кліентэлы шляхам прызначэння на кіраўнічыя пасады сваіх сваякоў, сяброў маладосці і нават кіроўцы. 

Па сцвярджэнні КДБ, «злачынныя даходы ад неабгрунтаванай пасярэдніцкай дзейнасці ўсіх удзельнікаў супрацьпраўнай дзейнасці ў малочнай галіне з улікам розніцы цэн у Беларусі і Расіі [складалі] не менш як 10 млн даляраў за год».

Ва ўзнікненні карупцыйнай схемы такога маштабу на вялікіх дзяржаўных прадпрыемствах Лукашэнка абвінаваціў кіраўнікоў абласных выканаўчых камітэтаў. Кіраваць малочным гігантам паставілі бандыта, напісалі дзяржаўныя СМІ. 

Аднак інфармацыя, якую сабрала «Наша Ніва», паказвае, што і сам Аляксандр Лукашэнка, і яго найбліжэйшае атачэнне вельмі добра ведалі, хто такі Скітаў і чым ён займаўся.

Першыя кантакты Генадзя Скітава з блізкім колам Лукашэнкі мелі месца яшчэ падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 года, а далей ён інкарпараваўся ва ўладу і атрымліваў адно далікатнае прызначэнне за другім. Толькі тады гэты непатапляльны дзялок насіў іншае прозвішча — Элькінд.

Як Элькінд стаў Скітавым

Скітаў — гэта не тое прозвішча, пад якім Генадзь быў вядомы ў маладосці. Гэта прозвішча яго мамы, якое ён возьме нашмат пазней. 

А ў 90-х ён быў вядомы як Генадзь Элькінд. І першыя згадкі пра яго і ягонага брата Сяргея датычаць кола, звязанага з барысаўскім крымінальным аўтарытэтам Мікалаем «Зайцам». «Зайца» забілі пасля таго, як ён перастаў скідвацца на агульнабеларускі «абшчак». Спалілі проста ў ягонай машыне ў Печах.

Браты Элькінды трапілі ў падазраваныя падчас расследавання злачынстваў «Зайца».

Сяргей Элькінд (трэці злева) з братвой на магіле аўтарытэта «Мацвея», пераемнікам якога стаў «Заяц». Фота: Ежедневнік

Аператыўныя матэрыялы той справы публікавала інтэрнэт-выданне «Ежедневнік». Цяпер ягоны рэдактар Сяргей Сацук адбывае 8-гадовы тэрмін пакарання па артыкулах, якія ўключаюць «распальванне варожасці». Праваабаронцы прызналі Сацука палітычным зняволеным.

З матэрыялаў, якія публікаваў «Ежедневнік», стала вядома, што ў поле зроку праваахоўных органаў Элькінды трапілі падчас расследаванняў забойстваў, учыненых бандай «Зайца». 

Генадзь Элькінд (цяперашняе яго прозвішча — Скітаў) крайні справа ў кампаніі людзей, некаторых з якіх адносілі да барысаўскага крыміналітэту. Фота: Ежедневнік

Саміх Элькіндаў «Ежедневнік» называў «менеджарамі па сувязях з уладай», а не выбіваламі.

У базах, якімі валодае «Белпол» значыцца, што на самога Скітава (Элькінда) было заведзена тры крымінальныя справы. Яго падазравалі ў падробцы дакументаў і вымаганні. Гэтыя справы датуюцца 1996 і 2000 гадамі. Аднак справы да суда не дайшлі.

Па версіі тых, хто зліў матэрыялы спраў «Ежедневніку» — праз заступніцтва вышэйшых сілаў. Афіцыйная фармулёўка была — «за адсутнасцю падзеі злачынства».

Па справе аб вымаганні два браты праходзілі разам, у ёй быў пацярпелы. 

У 2018 годзе Сяргей Элькінд сказаў «Нашай Ніве», што сілавікам хацелася яго пасадзіць. «Я падманваць не буду: я знаў Колю Зайца. Ну, як знаў: я з Вялікай Ухалоды, а ён — з Лошніцы. Сеў на ровар ды паехаў. Мы сябравалі, але я не рабаваў, не забіваў. Каб было нешта, то даўно б сядзеў», — сказаў ён.

Чытайце таксама: Хто такі Сяргей Элькінд, фігурант новага скандалу ў Курапатах, і як ён быў звязаны з крымінальным аўтарытэтам «Зайцам»
Сумеснае фота Сяргея Элькінда і аўтарытэта Мікалая Зайца. Фота: Ежедневнік

Суразмоўцы «Нашай Нівы» ў Барысаве звязваюць наступны кар'ерны ўзлёт братоў Элькіндаў з сябрамі іхнага бацькі Віктара Элькінда.

Віктар Элькінд шмат гадоў узначальваў перадавы саўгас «Гвардыя» ў вёсцы Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна, а пасля — барысаўскую гаррайінспекцыю па экалогіі. Гэта быў крок уніз у «табелі аб рангах». Але кар'ера Элькінда-старэйшага рэзка пайшла ўгару пасля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады — на момант выбараў 1994 года Элькінду-бацьку было 42 гады. 

Яго забраў да сябе дарадцам Мікалай Дамашкевіч, адзін з самых блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі людзей, які пасля прыходу яго да ўлады стаў кіраўніком Камітэта дзяржаўнага кантролю, а пасля (1998) старшынёй Мінскага аблвыканкама. Элькінд-бацька, праўда, нядоўга папрацаваў у сталіцы, заўчасна памёр — у 1999-м. 

Тым не менш, ён паспеў вывесці ў людзі сваіх сыноў Генадзя і Сяргея.

Сам Генадзь любіў расказваць сябрам па Барысаве, што яны з Сяргеем на просьбу іх бацькі праз Дамашкевіча ў 1994-м фінансава дапамагалі штабу Лукашэнкі-кандыдата, дзе ўсім кіравалі Шэйман з Дамашкевічам. 

Фактам ёсць, што пасля смерці бацькі ягонымі сынамі заапекаваўся той самы Мікалай Дамашкевіч. Ён забраў іх на працу ў прадпрыемствы Кіраўніцтва спраў прэзідэнта і магутным штуршком вывеў на каляўладную арбіту. 

Выхад на каляпрэзідэнцкую арбіту

Кажуць, што менавіта з ініцыятывы Дамашкевіча Генадзь Элькінд узяў сабе новае, матчына прозвішча — Скітаў, каб падвесці тлустую рысу пад спрэчнымі 90-мі. Неўзабаве Генадзь Скітаў узначаліць Барысаўскі мясакамбінат, ласае месца для аматараў сытнага кавалачка.

«Тады былі такія часы, што Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі падмінала пад сябе адну галіну эканомікі, адну сферу гандлю за другой, — расказаў «Нашай Ніве» бізнэсовец, які перасякаўся з Элькіндамі ў 90-я. — Сяргея Элькінда паставілі на рыбу, а Генадзя, ужо Скітава, — на мяса ў Барысаў. І ён там праявіў сябе: заваліў Маскву і бліжнюю Расію каўбасой».

Тады сеткі беларускіх крам у Расіі не было, а гіпермаркеты яшчэ толькі пачыналі займаць рынак. Значная доля прадукцыі прадавалася праз вулічных камерсантаў, рынкі. Скітаў здолеў адладзіць працэс продажу праз рынкі.

«Гэта была выгадная схема для ўмелага барышніка: ані падаткаў, ані ўліку. Усе задаволеныя. Потым расейцы гэты сектар падрэгулявалі, і само жыццё змянілася», — расказаў нам бізнэсовец. 

Потым браты памяняліся месцамі. Старэйшы з мяса перайшоў у «Белрыбу», сеў на манапольны канал паставак, а Сяргея адправілі на мяса. 

Пасля Генадзь Скітаў нейкі час працаваў дырэктарам дэпартамента ў Кіраўніцтве спраў прэзідэнта. 

«Кіраўніцтва спраў — гэта ж імперыя. Ціцянкоў, Дамашкевіч, Корбут, Шэйман, Назараў — якія фігуры на чале!» — адзначае наш суразмоўца, мінскі прадпрымальнік.

«Многія пасля школы Кіраўніцтва спраў, атрымаўшы сувязі і разуменне працэсаў, стварылі свой бізнэс. А Скітаў, хоць у яго камерцыйны талент ёсць, застаўся працаваць на Лукашэнку, — расказаў «Нашай Ніве» гэты сталічны прадпрымальнік. — Ëн думаў, што пры Лукашэнку будзе заўсёды зарабляць нашмат больш пры меншых затратах энергіі. Свой бізнэс — гэта рызыка».

Генадзь Скітаў пераходзіць камерцыйным дырэктарам на дзяржаўны МАЗ, потым яго забраў да сябе ў Барысаў на завод БАТЭ Анатоль Капскі. У спісе пасадаў Скітава таксама шчучынскі завод «Аўтапровад» і сельскагаспадарчае ААТ «Тарасава».

Роля Зайцаў у жыцці Скітава

Па іроніі лёсу важную ролю ў жыцці Генадзя Скітава адыграў яшчэ адзін Заяц — Леанід, цяперашні віцэ-прэм'ер, які з 2019 да 2021 года ўзначальваў Магілёўскі аблвыканкам.

Менавіта Заяц, які перад Магілёвам сем гадоў узначальваў Міністэрства сельскай гаспадаркі і ведаў Скітава «па мясе» і па «Тарасаве», якраз і запрасіў таго на «Бабушкіну крынку».

Гэта было самае вялікае з усяго, што даставалася ў распараджэнне выхадца з Барысава.

«Бабушкіна крынка» паўстала з савецкага малочнага камбіната, узведзенага ў 1979 годзе. Гэта адно з самых вялікіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў не толькі Беларусі, але і Усходняй Еўропы. Агульная колькасць работнікаў гэтага холдынгу сягае 4 тысяч чалавек. Паводле нацыянальнага агенцтва Беларусі, яна займае 9 месца ў топ-100 адкрытых акцыянерных таварыстваў краіны. 98% акцый належала дзяржаве.

У 2020 годзе даход «Бабушкінай крынкі» склаў 613 мільёнаў рублёў, што дазволіла кампаніі заняць трэці радок у топ-15 малочных прадпрыемстваў па аб’ёме выручкі. Але па чыстым прыбытку «Бабушкіна крынка» мела толькі 14-е месца. Даходнасць кампаніі складала 3,6 мільёна рублёў. Для параўнання: лідар на той момант, прыватны «Савушкаў прадукт», меў 51,3 мільёна.

«Скітаў заўсёды быў такім хлебасольным, запрашаў да сябе, хваліўся памерам кабінета, спрабаваў падкупіць, калі не выходзіла — націснуць», — расказвае пра яго чалавек, які перасякаўся з ім па бізнэсе.

Паводле версіі КДБ, першасныя аператыўныя даныя аб наяўнасці карупцыйнай схемы набыцця сталічнай ТАА «ТПК ПрадІнвест» ліквіднай прадукцыі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў па заніжаных цэнах, органы дзяржбяспекі атрымалі ў студзені 2020 года. Так у поле зроку трапілі «сумнеўныя схемы рэалізацыі прадукцыі ААТ «Бабушкіна крынка».

Адным з першых указанняў прызначанага ў 2019-м гендырэктарам Скітава стала, як сцвярджаюць «чэкісты», устаноўка відэакамер у працоўным кабінеце і прыёмнай Скітава — намёк, што чалавек баяўся ўстаноўкі жучкоў.

А перад калектывам Скітаў, сцвярджаюць у КДБ, «пазіцыянаваў сябе «аўтарытэтам з 90-х».

«Там усе крадуць — сістэма такая»

Быў Элькінд, стаў Скітаў. Прайшоў агонь і ваду, але паслізнуўся на малацэ. Цікавая гэтая гісторыя — чалавека, які з 90-х круціўся вакол Лукашэнкі, а цяпер стаў паказальным удзельнікам антыкарупцыйнага шоу. 

«Там усе крадуць — сістэма такая, — сказаў «Нашай Ніве» барысаўскі прадпрымальнік, які перасякаўся са Скітавым яшчэ ў 2000-я. — Прафесійныя менеджары, якія будуць эфектыўна кіраваць такой вялікай структурай і не красці, каштуюць нашмат даражэй, чым Лукашэнка хоча ім плаціць. А на заробак, які ёсць, можна знайсці толькі жуліка, які разлічвае зарабляць зверху, на адкатах.

А Скітаў іначай, здаецца, і не ўмеў, і не хацеў — але забыў, што часы змяніліся, што «крыша» памянялася ўжо дваццаць разоў, а антыкарупцыйныя шоу перыядычна арганізоўваць трэба». 

Дарэчы, адносна той маёмасці, якую Аляксандр Лукашэнка загадаў забраць на карысць дзяржавы: паводле звестак з базаў «Белпола», станам на 2020 год на самога Скітава ніякай маёмасці зарэгістравана не было. 

260-метровая кватэра ў Бараўлянах, а таксама 266-метровы дом у Мінску, як і машыны, зарэгістраваныя на ягоную жонку.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Змагар
    17.11.2023
    “бабушкіна крынка” як паменшаная копія лукашызма: хітрая, цынічная, крымінальная…
  • ізь 90-х
    17.11.2023
    пацаны, ну как жэ так?
  • дочка Максима Дизайнера
    17.11.2023
    якое  ̷п̷а̷с̷к̷у̷д̷с̷т̷в̷а̷
    не чытала.
    карацей - вэлкам у чарговыя 90-я

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына28

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →