«Муська вельмі пабожная». Падчас імшы ў магілёўскім касцёле проста пад алтар забегла котка ВІДЭА
У магілёўскім касцёле Святога Антонія Падуанскага падчас цэлебрацыі святой Імшы нечакана з'явілася котка. Хатняя гадаванка забегла проста пад алтар і села паміж кветкамі. А пад словы вернікаў «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне…» котка сышла, піша Katolik.life.
Пасля жывёліну падхапіла адна з парафіянак і вынесла яе з храма.
У каментарах да відэатрансляцыі імшы патлумачылі, што гэта котка, якая жыве ў святароў:
«Яна часта прыходзіць, калі дзверы ў касцёл бываюць адчыненыя. Яна не шкодзіць. Так, зробіць абход і выйдзе сама».
Таксама высветлілася, што котку завуць Муська:
«Муська вельмі пабожная! Амаль як мой Базік! — пажартаваў ксёндз Андрэй Кеўліч. — Амаль кожны раз, калі раніцай молімся Брэвіярыем у манаскай капліцы, яна падпявае, і то так упэўнена!»
Каментары