Ён не здолеў адрозніць яго ад скрынкі з гароднінай.
Супрацоўнік робататэхнічнай кампаніі ва ўзросце каля 40 гадоў аглядаў робата — напярэдадні ў яго забарахліў датчык, піша Бі-бі-сі.
Рабатызаваная рука, прыняўшы мужчыну за скрыню з гароднінай, схапіла яго і прыціснула да канвеернай стужкі, раздушыўшы твар і грудзі.
Мужчыну даставілі ў бальніцу, але выратаваць не змаглі.
Няшчасны выпадак адбыўся на заводзе па сартаванні перцу. Загінулы правяраў працу датчыкаў робата перад тэставым запускам, запланаваным на 8 лістапада. Робат меўся падымаць скрыні з перцам і ставіць іх на палеты.
Першапачаткова выпрабаванні былі запланаваныя на 6 лістапада, але праз праблемы з датчыкам рабатызаванай рукі іх давялося перанесці.
Увечары ў сераду работнік кампаніі, якая вырабіла рабатызаваную руку, праводзіў праверку машыны. У гэты момант яна і дала збой.
У заяве пасля інцыдэнту афіцыйны прадстаўнік экспартнага сельскагаспадарчага комплексу Donggoseong, якому належыць завод, заклікаў стварыць «дакладную і бяспечную» сістэму.
У сакавіку ў Паўднёвай Карэі адбыўся падобны інцыдэнт: 50-гадовы рабочы завода па вытворчасці аўтамабільных дэталяў атрымаў сур'ёзныя траўмы, апынуўшыся на шляху рабатызаванай рукі.
Каментары