«Шэсць тысяч за лекі і пункцыю плацілі не вы, а дзяржава». Беларускі, якія робяць бясплатнае ЭКА, сутыкнуліся з праблемай
Беларускам, якія вырашылі зрабіць першае ЭКА за кошт дзяржавы ў мінскай радзільні № 2, забароняць транспартаваць іх замарожаныя эмбрыёны ў іншыя клінікі. З гэтай восені патрабуюць падпісаць пагадненне, дзе ёсць такі пункт. Што адбываецца?
З 2021 года ў беларускіх жанчын ёсць магчымасць зрабіць адно ЭКА за кошт дзяржсродкаў. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, са студзеня па кастрычнік 2023 года ў Беларусі было выканана 1006 цыклаў экстракарпаральнага апладнення, з якіх 410 паспяхова завяршыліся цяжарнасцю.
На ўсю краіну толькі тры ўстановы аховы здароўя, куды можна звярнуцца па бясплатную спробу ЭКА (дзве з іх знаходзяцца ў сталіцы і адна ў Гомелі). Гэта Гомельскі абласны дыягнастычны медыка-генетычны цэнтр з кансультацыяй «Шлюб і сям'я», гарадскі клінічны радзільны дом №2 горада Мінска, а таксама рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця».
Частка жанчын пасля няўдалай першай спробы ў дзяржаўнай клініцы ідзе ў прыватную па лепшы сэрвіс. І забраць эмбрыёны ў выпадку змены ўстановы аховы здароўя вельмі лагічнае рашэнне: не трэба будзе зноў праходзіць стымуляцыю і пункцыю — а гэта значыць і аплачваць усё гэта. Але для таго ж радзільнага дома гэта страта грошай, якія можна было б зарабіць, правёўшы другую і наступныя спробы ЭКА ўжо за грошы самой сям'і.
Гэтай восенню ў мінскай гарадской радзільні № 2 вырашылі змагацца з тым, што патэнцыяльныя кліенткі сыходзяць, і сталі патрабаваць падпісаць дадатковую дамову, дзе ёсць пункт «Мы згодны з тым, што замарожаныя эмбрыёны будуць выкарыстоўвацца для наступных пераносаў толькі ва УАЗ «ГКРД № 2» і не падлягаюць транспарціроўцы ў іншыя арганізацыі» (гэта тычыцца толькі тых, хто прыходзіць менавіта па бясплатную спробу ЭКА, астатніх на словах спрабуюць угаварыць).
Жанчыны мяркуюць, што звязана гэта і з тым фактам, што ў жніўні дзве доктаркі, якія праводзілі ЭКА, сышлі працаваць у прыватную клініку — частка кліентак вырашылі, што хочуць працягваць працаваць з імі і замовілі транспарціроўку сваіх эмбрыёнаў у тую самую клініку.
Як піша адна з жанчын, ёй растлумачылі новаўвядзенне, якое перашкаджае распараджацца сваімі эмбрыёнамі, так:
«Шэсць тысяч за лекі і пункцыю плацілі не вы, а дзяржава».
Шмат у каго навіна выклікала абурэнне — бо эмбрыёны атрыманы з біялагічнага матэрыялу жонкі і мужа, чаму тады нехта іншы вырашае, што з імі павінна адбывацца? Да таго ж, замарозку і захоўванне эмбрыёнаў сям'я таксама аплачвае самастойна. Напрыклад, каб зрабіць крыякансервацыю 1-2 эмбрыёнаў на паўгода, трэба аддаць каля 275 рублёў.
У суполцы будучых мам сумна жартуюць, што наступным крокам будзе тое, што ў ваенным білеце хлопцам пачнуць адзнаку рабіць, што дзяржава аплаціла ЭКА. «І будзе хлопчык служыць не 18 месяцаў, а 36. Адпрацоўка!».
Нехта мяркуе, што ў хуткім часе дзяржава пачне прапаноўваць парам выкупляць свае ж эмбрыёны, каб кампенсаваць выдаткі на бясплатнае ЭКА.
Але ёсць і тыя, хто знаходзіць сітуацыю цалкам нармальнай:
«За атрыманне эмбрыёнаў плаціла дзяржава, а потым вы проста іх перавозіце і ўсё. Атрымліваецца для 2-й радзільні ніякага заробку, адны страты».
Чытачка «Нашай Нівы» звярнулася ў радзільню № 2 і спытала, ці сапраўды нельга будзе транспартаваць эмбрыёны ў іншую клініку, калі зробіш першую бясплатную спробу ЭКА ў іх.
Адказ быў лаканічны:
«Эмбрыёны не будуць падлягаць транспарціроўцы».
Чытайце таксама:
«Я павінна рабіць гэта бясплатна? Не, адназначна». Сурагатная маці пра жыццё, хэйт і стэрэатыпы
Выраб яйцаклетак са звычайных клетак цела можа цалкам змяніць наша ўяўленне пра бацькоўства
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/329779