Здароўе

«Праз трывожнасць набрала 30 кілаграмаў». Чаму некаторыя жанчыны панічна баяцца нараджаць і што з гэтым рабіць

Такафобія — гэта панічны страх цяжарнасці і родаў. У некаторых жанчын ён можа даходзіць нават да таго, што яны вырашаюць зрабіць аборт, бо не могуць жыць у пастаянным стрэсе. Псіхатэрапеўтка, якая сама такое перажыла, падзялілася досведам і дала парады, як з гэтым спраўляцца.

Фота: Getty Images / d3sign

Псіхатэрапеўтка, сяброўка Асацыяцыі фемінісцкай тэрапіі Вікторыя (імя зменена) двойчы ў жыцці сутыкнулася з такафобіяй — на тое, каб яе пераадолець, спецыялістцы спатрэбілася каля 10 гадоў.

Што можа стаць прычынай фобіі родаў?

— Напэўна, пачаць трэба з таго, што баяцца цяжарнасці і родаў — цалкам нармальна, таму што пэўная рызыка сапраўды існуе. Гэта тое, што вельмі моцна мяняе тваё жыццё — асабліва, калі гаворка ідзе пра першую цяжарнасць. Усе жанчыны ў той ці іншай ступені баяцца. Я б сказала, што адсутнасць некаторай трывогі павінна насцярожваць, бо паказвае, што ў чалавека няма сувязі з рэальнасцю. 

Такафобія — гэта празмерны страх і трывога. Чаму гэта сапраўды сур'ёзна? Таму што празмерны пастаянны страх значна зніжае якасць жыцця. У такім стане складана прымаць усвядомленыя рашэнні.

Даследчыкі звязваюць з такафобіяй рызыку заўчасных родаў або, наадварот, пераношанай цяжарнасці, працяглы і складаны працэс саміх родаў — як вынік, неабходнасць большай колькасці медыцынскіх умяшанняў. Адпаведна, узрастае і рызыка пасляродавай дэпрэсіі, ПТСР, трывожных расстройстваў, парушэння прыхільнасці да дзіцяці, а таксама развіцця другаснай такафобіі. Варта згадаць і ўздзеянне картызолу на дзіця, калі яно яшчэ ўнутры маці.

Такафобія бывае першаснай і другаснай. Першасная можа выяўляцца яшчэ да зачацця, калі жанчына толькі думае на тэму мацярынства. Другасная такафобія з'яўляецца на фоне няўдалага досведу ў цяжарнасці і родах — страта дзіцяці, складаныя траўматычныя роды, доўгае аднаўленне пасля іх.

Пры другаснай такафобіі, вядома, сітуацыя для спецыяліста больш зразумелая — ясна, з чым канкрэтна трэба працаваць, якія метады ўжываць. Відавочныя прычынна-выніковыя сувязі.

Прычыны ж першаснай такафобіі трэба высвятляць — гэта можа быць значна больш складаная глыбінная шматгранная гісторыя, далёкая непасрэдна ад самой праблемы.

Часта такафобія звязаная з бояззю болю і страхам смерці. Могуць быць і сацыяльныя страхі: напрыклад, боязь страціць сваю прыгажосць, сэксуальнасць.

Прычынай таксама можа быць перажытае, дапусцім, у раннім узросце згвалтаванне, досвед сэксуальных дамаганняў ці любога фізічнага гвалту. Любы траўматычны досвед, спалучаны з парушэннем фізічнай недатыкальнасці, знявагай, бяссіллем. Я бачыла статыстыку, што прыкладна 1 з 20 жанчын сутыкаецца з такафобіяй. І 30-40% гэтых выпадкаў звязаны з досведам гвалту. У цяжарнасці і родах насамрэч шмат таго, што можа выклікаць успаміны пра гэта. 

Уласны досвед: праз трывожнасць набрала 30 кілаграмаў

— Я магу распавесці пра ўласны досвед, бо 15 гадоў таму я двойчы сутыкнулася з такафобіяй — першаснай і другаснай.

У час першай цяжарнасці я перажывала такафобію як пастаянна высокі ўзровень трывожнасці — і праз досвед гвалту ў падлеткавым узросце, і праз немагчымасць асэнсаваць перажыванні, і праз адсутнасць падтрымкі і адчуванне адзіноты…

Праз тую трывожнасць у мяне абвастрылася расстройства харчовых паводзін — я набрала 30 кілаграмаў. Паўплывала і тое, што я праз цяжарнасць страціла працу, дзе было шмат актыўнасці — паездак да кліентах, на аб’екты. Новая праца стала сядзячай — я працавала рэдактаркай інтэрнэт-партала, з дому не хацелася выходзіць праз сваю трывожнасць.

У маім спартыўным клубе, дзе я займалася чатыры разы на тыдзень, адмовілі ў абанеменце — «бо цяжарным нельга». Спецыяльнага фітнэсу для цяжарных у Мінску было мала. Тое, што недалёка ад дома, было задорага для мяне, а там, дзе кошт мяне задавальняў, усё не маглі сабраць групы. А ў радзільны дом на курс падрыхтоўкі, дзе была падтрымка, хоць нейкі псіхолаг, неблагая акушэрка і фітнэс, запрашалі толькі з 36 тыдня.

Фота: Getty Images / Mike Harrington

Акушэрка-гінеколаг, да якой я ў паліклініку хадзіла, не дапамагла зразумець, што адбываецца, і знайсці выйсце.

Я бачыла толькі вечна незадаволены выраз на яе твары, бо парушала нормы прыбаўлення ў вазе. З-за гэтага яна гаварыла са мной у абразлівай манеры. «Жэрці трэба менш!» — аднойчы заявіла доктарка.

Але медыкі павіны разумець: расстройства харчовых паводзін, як і павышаная трывожнасць, — гэта не тое, што можна перамагчы толькі сілай волі.

Падчас другой цяжарнасці такафобія была як наступствы ПТСР праз перажыты акушэрскі гвалт у першых родах.

Мне амаль 10 гадоў спатрэбілася на тое, каб стаць вольнай ад досведу перажытых траўмаў.

Як сабе дапамагчы

— Што б я магла парэкамендаваць жанчынам, якія сутыкнуліся з празмерным страхам яшчэ да зачацця? Першым чынам заняць пазіцыю даследчыцы і даследаваць сябе. Не трэба адразу вывучаць досвед цяжарнасці і родаў іншых жанчын. Лепш даследаваць свае перакананні і каштоўнасці, ідэі, якія на цябе ўплываюць, прааналізаваць свае мары і запатрабаванні, сваю гісторыю.

Разгледзьце, з чаго складаецца страх і што ён нагадвае. Прыдумайце метафары для ўсіх яго праяў. Якія стратэгіі выкарыстоўвае праблема для таго, каб псаваць вам жыццё? Як яна настолькі пракралася ў вас, што ўвесь фокус увагі толькі на ёй? 

Можа здацца дзіўным падыход, але ёсць даволі эфектыўная методыка: візуалізаваць праблему, адхіліцца ад яе і паспрабаваць з ёй паразмаўляць. Спытайце, якія думкі яна выклікае? «Я баязлівіца, таму што баюся болю»? «Я несапраўдная жанчына, калі не нараджала»? А затым спытаеце ў сябе — ці згодныя вы з гэтымі сцвярджэннямі?

Падумайце, з дапамогай якіх людзей вы можаце справіцца з праблемай. Знайдзіце саюзнікаў. Вядома, калі існуе зацыкленасць на праблеме, прасцей заўважаць тых, хто кажа: «Ды не хвалюйся, усе нараджаюць — і ты народзіш». Але, хутчэй за ўсё, былі і людзі, гатовыя паставіцца да праблемы з разуменнем — магчыма, хтосьці са знаёмых або з лекараў, з якімі вы размаўлялі. Паспрабуйце абаперціся на іх.

Чаму карысна запісваць думкі

— Падумайце, якія ёсць надзеі і мары, якія вас падтрымліваюць. Намалюйце ў думках найлепшы з варыянтаў свайго жыцця, нават калі сёння вам здаецца, што такое немагчыма.

Лепш за ўсё адказваць на пытанні пісьмова — гэта дзённікавая тэрапія. Зручна, што можна заўжды вяртацца і перачытваць свае запісы, магчыма развіваць нейкія думкі. Да таго ж запісванне спрыяе і больш павольнаму мысленню.

Пасля таго, як знойдзена тэрыторыя большай свабоды, можна вярнуцца непасрэдна да самога страху і высвятляць яго прыроду. Трэба аналізаваць, у які момант жыцця і чаму ён узнік і ад чаго абараняе.

Напрыклад, прычынай можа быць, што мама ці бабуля часта ўспамінае, якія ў яе былі траўматычныя роды. І дзяўчынка, якая шмат разоў чула гісторыю, пачынае баяцца таго, што з ёй адбудзецца тое ж самае.

Калі эпізоды траўматычнага досведу — перажыты фізічны ці сэксуальны гвалт, лепш звярнуцца да псіхолага ці псіхатэрапеўта. Складанасць у тым, што, калі адбываецца настолькі яркая траўмуючая падзея, перажыванне не становіцца досведам у поўным сэнсе гэтага слова. Яно захоўваецца ў нашых нейронных сетках ізалявана ў якасці выяў, эмоцый, адчуванняў, перакананняў. Гэта кавалачак пазла, які ніяк не можа стаць на сваё месца ў агульнай гісторыі жыцця, з-за чаго карцінка ў цэлым не складаецца.

У спецыялістаў ёсць метады, якія дапамагаюць псіхіцы чалавека перапрацаваць траўматычны досвед, каб ён спыніў аказваць негатыўны ўплыў.

Магчыма, разумна аддаліцца ад некаторых людзей

— Вялікую ролю ў тым, ці зможа жанчына перамагчы страх, грае яе найбліжэйшае асяроддзе: ад партнёра да бацькоў і сябровак. На жаль, часта яны толькі ствараюць дадатковыя праблемы апавяданнямі пра тое, што цяжарнасць — гэта найбольш цудоўны стан у жыцці кожнай жанчыны.

Таму для жанчыны з такафобіяй цяжарнасць можа стаць момантам перагляду свайго асяроддзя, магчыма, разумна будзе аддаліцца ад некаторых людзей.

Ёсць сэнс пайсці на сямейную тэрапію з партнёрам, мамай ці іншым чалавекам, які аказвае вялікі ўплыў на жанчыну. Спецыяліст дапаможа высветліць іх ролю: растлумачыць, што жанчыне патрэбна пэўная падтрымка і важна не пагаршаць яе праблемы.

Я свайму мужу, напрыклад, падчас другой цяжарнасці пісала лісты. У нейкі момант зразумела, што ніколі не расказвала яму, з чым сутыкнулася падчас першых родаў. У мяне было ПТСР, сур'ёзныя траўмы і наступствы. А ён лічыў, што я спраўляюся і ўсё ў прынцыпе добра. Я ж усвядоміла, што гэтым разам без яго падтрымкі не дам рады.

У мяне было вельмі шмат эмоцый, я не магла спакойна казаць пра першыя роды і пра тое, што мне трэба цяпер. Таму я стала пісаць — гэта дапамагае больш спакойна падбіраць словы. Лісты сапраўды дапамаглі мужу лепш зразумець мяне і мае патрэбы. Ён пайшоў са мной на курсы падрыхтоўкі да родаў, каб разабрацца з псіхафізіялогіяй працэсу. І ў выніку стаў актыўным прыхільнікам у маіх пошуках і рашэннях.

Праблему боязі родаў вывучалі яшчэ ў СССР

— Сам тэрмін такафобія з'явіўся чвэрць стагоддзя таму ў брытанскім часопісе псіхіятрыі — тады прызналі існаванне праблемы, сталі шукаць шляхі вырашэння. Але насамрэч пра гэтую з'яву пачалі гаварыць яшчэ ў XIX стагоддзі, калі пачыналася псіхатэрапія — тады ўжо згадвалася пра страх болю ў жанчын ці нават смерці ў родах.

У СССР у Харкаўскай школе псіхатэрапіі прафесар Вяльвоўскі распрацаваў метад прафілактыкі болю ў родах, які таксама грунтаваўся на барацьбе са страхам. Метад атрымаў сусветнае прызнанне, кнігі былі перакладзеныя на мноства моў. Метад Ламаза, які атрымаў шырокае распаўсюджванне, фактычна быў скапіяваны ў Вяльвоўскага.

Галоўная думка заключаецца ў тым, што для таго, каб цяжарнасць і роды праходзілі як мага лепш для маці і дзіцяці, трэба дапамагчы жанчыне даць рады страху. Важна, каб жанчына была максімальна інфармаваная аб псіхафізіялогіі нармальнай цяжарнасці і родаў. Было разуменне, што важна суправаджэнне і падтрымка блізкага чалавека. Цікава, што ў СССР гэта было ў даследаваннях, а на практыцы шырокае распаўсюджванне атрымала за мяжой. 

Гаварылася і пра навучанне метадам рэлаксацыі, дыхання ў родах — яны дапамагаюць ператварыць боль у інтэнсіўныя адчуванні, якімі ты можаш кіраваць.

Аднак была і пэўная крытыка такіх метадаў. Рэч у тым, што занадта шмат адказнасці перакладалася на жанчыну — што яна павінна сама ўсё вывучыць і прымяніць на практыцы. Не змагла расслабіцца? Сама вінаватая. І ўзнікае лагічнае пытанне: а дзе ж тыя, хто ёй дапаможа? Тэма дапамогі ў родах у тых даследаваннях адышла на другі план.

Цяпер усё ж з'явілася разуменне, што роля і адказнасць тых, хто можа дапамагаць жанчыне падчас цяжарнасці і родаў, таксама вялікія. Акушэркі, лекары, псіхолагі — ва ўсіх іх ёсць свая роля дапамагчы жанчыне перамагчы страх. 

Лекары павінны разумець межы сваёй дапамогі і не заходзіць занадта далёка — не адмаўляючы і не абясцэньваючы праблемы жанчыны, а даючы ўсю магчымую інфармацыю ў рамках сваіх кампетэнцый. 

Каментары

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак15

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Усе навіны →
Усе навіны

Наступленнем паўстанцаў у Сірыі кіруе Абу Махамед аль-Джулані. Хто ён такі і чаму яго лічаць прагрэсіўным джыхадзістам?7

Вядомы IT-інвестар патлумачыў, чаму ў Польшчы няма свайго EPAM і чым крутыя Мікада і Мельнічак5

«Толькі бізнэс, нічога палітычнага». Еўрапейскія бізнэсмены прыглядаюцца да падсанкцыйнай Беларусі7

Расійскую шпіёнку, якая збіралася спакусіць і выкрасці журналіста Грозева, пры арышце заспелі ў ложку з іншым агентам Крамля4

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска13

Лаўроў назваў апанентаў Асада ў Сірыі «законнай апазіцыяй»9

Новы кіраўнік МУС Літвы расказаў, ці трэба закрываць рэшту пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю8

Імя Мухамед стала самым папулярным у Вялікабрытаніі? Так, але вы робіце з гэтага памылковыя высновы18

Нямецкі інжынер ужо два месяцы жыве пад вадой4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак15

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Галоўнае
Усе навіны →