«Кукуха» едзе, і я нічога не магу з гэтым зрабіць». Беларусы падзяліліся спосабамі ратаваць псіхіку ў часы войнаў і рэпрэсій
Хтосьці чытае класіку, хтосьці ходзіць да псіхолага, каб навучыцца вяртаць нармальнасць у жыццё. У аднаго псіхатэрапія — нарыхтоўкі і закруткі, а хтосьці прымае таблеткі. Чытачы выдання Ex-press.by расказалі, як яны спраўляюцца з трывожнасцю і ментальным крызісам, калі навокал войны і рэпрэсіі.
Вольга:
«Мой спосаб: 7 гадзін сну і збалансаванае харчаванне. Калі ёсць магчымасць, стараюся гуляць на свежым паветры мінімум дзве гадзіны на дзень. У мае 30 гадоў мне гэтага хапае, каб трымаць сябе больш-менш у тонусе».
Яўген:
«Бываюць дні, калі я на мяжы істэрыкі або панікі, і гэта можа здарыцца з-за простага слова ці нават слёз каго-небудзь, каму я дарагі. Я пра маму кажу, пра цешчу, жонку.
І што цікава, гэтае напружанне прымушае мяне маўчаць, не абмяркоўваць сваіх турбот. Раблю выгляд, што я ў норме, не магу канструктыўна абмеркаваць, што турбуе, у размовах проста падкрэсліваю негатыўныя моманты і прадказваю горшыя вынікі, але нічога не раблю.
Я не хачу пачаць піць, гуляць, таму ў мяне ёсць псіхолаг, які мне і патлумачыў, што трэба рабіць, калі неканструктыўнае абмеркаванне навін не прыносіць рашэнняў. Трэба пачаць гаварыць, што мы можам зрабіць. Мы павінны распрацоўваць планы, абмяркоўваць, якія крокі будуць найбольш эфектыўнымі, і якія стратэгіі паводзін дапамогуць вярнуць нам нармальнасць у жыцці».
Ала:
«Выкладаю ў школе і знаходжуся ў сур'ёзнай рызыцы пастаянна. Сяброўкі дапамагаюць, у мяне іх дастаткова, каб не з'ехаць з глузду. Адна доктарка выпісвае таблеткі…
Калі адчуваю, што перастаю валодаць сабой, магу выпіць, хоць гэта дапамагае горш».
Лена:
«Мае сэнс заняцца спортам, гуляць на свежым паветры, захапіцца навядзеннем парадку. Проста скончыць нейкія адкладзеныя хатнія справы, прыбраць, разабрацца з дакументамі.
Самае контрпрадуктыўнае — гэта нагнятаць гісторыю бясконцымі праглядамі відэа і чытаннем пра адно і тое ж, дзе канстатуюцца жудасныя факты і даюцца жудасныя прагнозы, але без спосабу рашэння. Гэта ўсё неканструктыўна, нічога не дае».
Аляксандр:
«Кукуха» едзе, і я нічога не магу з гэтым зрабіць. Працую ў бібліятэцы і бачу, якім страшным, ідэалагізаваным стаў гэты наш свет у Беларусі.
Выратаванне: чытаць класіку, зусім далёкія ад нашай рэчаіснасці творы — Джэка Лондана, Вальтэра Скота, Дзюма. Дарэчы, гэтая літаратура цяпер попытам карыстаецца больш, чым экшн. Напэўна, людзі, самі таго не разумеючы, знаходзяць сродак абстрагавацца ад рэчаіснасці, хоць ненадоўга.
А яшчэ ў мяне ёсць знаёмая, яна КВЗ пачатку стагоддзя глядзіць у Youtube, ток-шоу старыя, камедыі розныя, меладрамы. Пад усё гэта засынае і кажа, што высыпаецца, а, значыць, раніцай устае дзеяздольная».
Марына:
«Я нарыхтоўкамі займалася ўсю восень, мне падабаецца гэта адчуванне «кансервавага завода» на маёй кухні. Гэта кожны год такі эрзац, гэта значыць не цалкам паўнавартасны заменнік шчаслівага жыцця.
Купляць танней, але хадзіць па лесе, па гародзе і садзе, дзяліцца рэцэптамі, наразаць, кіпяціць, закручваць, замарожваць — гэта ўсё элементы маёй псіхатэрапіі».
Андрэй:
«Калі прайшлі выбары, а потым пачалася вайна, я быў на піку разгубленасці і стрэсу. Больш-менш прыйшоў у прытомнасць, калі мы з жонкай абмеркавалі і зрабілі наступнае:
- віза;
- натарыяльныя даверанасці на ўсю маёмасць, рахункі;
- напісалі тастаменты;
- запісалі паролі ўсіх картак і сацсетак адно аднаго, схавалі іх у надзейным месцы;
- звярнуліся да псіхатэрапеўтаў, праходзім курс;
- прымаем лекі.
«Пачалося жыццё пасля смерці». Што былыя пратэстоўцы кажуць пра жыццё ў краіне пасля 2020 года
«Адміністрацыя хоча, каб мы сачылі за бацькамі». Настаўніца расказала, што цяпер адбываецца ў школах
«Выпадак са святаром не адзіны». Журналіст Кулевіч пра тое, як людзей рэпрэсуюць за падпіскі на яго інстаграм
Каментары