Сілавікі патлумачылі, каму дазваляюць адкупіцца за данаты. Сумы кампенсацый для некаторых касмічныя
Органы працягваюць пераслед тых, хто пераводзіў грошы ў фонды салідарнасці з ахвярамі рэпрэсій ці падтрымліваў рублём пратэсныя ініцыятывы.
Пра гэту практыку і затрыманых расказалі ў сюжэце АНТ.
Па словах Уладзіслава Ларыёнава, начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, ДФР разам з СК за першае паўгоддзе 2023 года выявіў 70 злачынстваў, звязаных з фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці, і 6 злачынстваў, звязаных з фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці.
«Не мае значэння, калі нейкае аб’яднанне грамадзян прызнана экстрэмісцкім ці тэрарыстычным. Прызнанне іх такімі — гэта падвядзенне рысы пад іх дзейнасцю, а не адпраўны пункт для магчымасці кваліфікацыі дзеянняў асоб, якія іх спансуюць», — патлумачыў ён логіку, якой кіруюцца сілавыя органы, фактычна пацвярджаючы, што прымяняюць закон заднім чыслом.
Але некаторых гатовы вызваліць ад крымінальнай адказнасці. Напрыклад, тых, хто зрабіў данат аднаразова і актыўна раскаяўся.
Як вядома з гісторый тых, каго выклікалі ў органы на тлумачэнне за данаты, мінімальная сума кампенсацыі — 500 ці 1000 даляраў. Калі ж чалавек пераводзіў фондам салідарнасці значную суму, то кампенсацыю звычайна просяць у 10-кратным памеры. Часам сумы касмічныя.
У сюжэце АНТ расказваюць пра Антона Федарэнку. У якасці кампенсацыі яму давялося пералічыць у дзіцячы фонд хворых анкалогіяй 60 тысяч даляраў.
На АНТ кажуць, што часта такія «адкупныя» ідуць РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.
У сюжэце паказваюцца таксама некалькі чалавек, ужо асуджаных за данаты да пазбаўлення волі. Адзін з іх — Аляксандр Фікаў, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, былы прарэктар па навуковай і метадычнай рабоце «Газ-Інстытута». Ён пераводзіў крыптавалюту на рахунак «Байсол». Мужчыну затрымалі зімой 2023-га і асудзілі за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (тэрмін не называецца).
Праграміста з Мінска Аляксандра Зіязэтдзінава вінавацілі ў данатах крыптавалютай розным ініцыятывам — «Кіберпартызанам», «МотолькоПомогі», «Байсол», «Байпол». Затрымалі летась, далі 3 гады калоніі. А цяпер прапануюць адкупіцца.
У сюжэце расказваецца, што мужчына для гэтага абмяняў 31 біткоін і залічыў суму на рахункі медустаноў, а таксама падаў хадайніцтва аб памілаванні. Цяпер адзін біткоін каштуе 25 тысяч даляраў.
Чытайце таксама:
Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка
-
Канадскі прафесар заклікаў беларусаў да выключнай стрыманасці ў пытанні дыстанцыявання ад Расіі
-
«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў
-
Краязнаўцы Жодзіна паказалі, як разбураецца Багуслаў Поле — месца, дзе пачалася гісторыя горада
Каментары
карманфонд первого тоже будут считаться экстремистскими? Его же можно же признать таковым задним числом, если что.